Свет існаваў. Свет руйнаваўся. На вачах. Камінка ў мяне не было. Грубка роднага дома была за сто пяцьдзесят кіламетраў. Класічны, прыгожы спосаб знішчэння ўласных допісаў — спаліць! каб быў толькі попел — не існаваў. І я ціха шматкавала спісаныя замашыстым почыркам лісткі ў сметніцу бібліятэкі. „Уже написан Вертер...” (Пазней даведалася, што адчуванне тое было знаёмае i самому Стрельцову: „Бывае ўсё-такі зайздросна, Вось ты высільваўся, пацеў, А твой радок надзіва проста У вершы сябра заляцеў”.) Я суцешылася тым, што ў якую трансцэндэнтную гадзіну, калі шэра-бэзавы надвячорак ранняй вясны, строгая графіка дрэў, напаўрэальнае мройлівае паветра, трывога надзеі ў вясновага птаства — i ты сам-насам з усім гэтым, з пранізлівым усведамленнем прыроднай явы — там, недзе, на самым донцы свядомасці заўсёды жыла памяць: ёсць чалавек, для якога ўсё гэта таксама не толькі кругазварот прыроды, не толькі час, калі пачынаюць прыкідваць планы на адпачынак.
Сустрэліся мы першы раз... Хаця гэта была хутчэй „невстреча”. Адбылася яна таксама напрадвесні.
Два разумныя хлопцы, сябры Міхася Стральцова, напісалі два артыкулы, аркушы са тры кожны. Артыкулы добрыя. Але нешта ім стрэліла ў голаў зляпіць ix разам i пазначыць як кнігу. A Стральцоў падпісаў той рукапіс як тытульны рэдактар — ганаровы, так бы мовіць. Быў ён тады ў зеніце сваёй славы. Яшчэ малады — a ўжо вядомы. Толькі што выйшла яго кніжка ў Маскве („Что будет сниться”) ca знакамітай прадмовай Янкі Брыля: чытаў „амаль на адной хвалі прыёму” з Буніным.
Мае аўтары, мабыць, ужо распавялі яму пра нашу спрэчку — я лічыла, што два розных артыкулы розных аўтараў яшчэ не кніга — i Стральцоў уляцеў у рэдакцыю: шапка набакір, кажушок наросхрыст (кажушок на тую пару самы ўсхліп моды). Маналог свой ён распачаў ад парогa. Я то рабілася белай, як мой шыкоўны з кутасамі шалік (радасць аж захліствала мяне, калі суседка ў Наваградку прэзентавала гэты дарунак з Аўстраліі), то чырвонай, як мая святочная сукенка. (Канечне ж, я насунула на сябе ўсё лепшае, што ў мяне было, — баран! Божа, не дзеля таго, каб спадабацца ці зрабіць уражанне, — не, я толькі ліхаманкава імкнулася адпавядаць урачыстасці моманту: прыйдзе сам Міхась Стральцоў!) А момант быў сур'ёзны. Гняўлівы Стральцоў распякаў мяне як мог. Я моўчкі стаяла на сваім: максімалізм заклятай выдатніцы.
...Урэшце тыя хлопцы выдалі кожны сваю кнігу. А са Стрельцовым мы сустрэліся гадоў праз пяць у выдавецтве „Мастацкая літаратура”.
Быў тады, як пазней скажуць, самы застой. Цэлыя пласты гісторыі i літаратуры нібыта i не існавалі — маўчанне. Шмат каго i шмат чаго не друкавалі. Шмат чаго мы i не разлічвалі надрукаваць. Много чаго адстойвалі, „кідаючыся на амбразуру”. Але... Ці то таму, што пачатак кожнай справы надае ўсяму імпэт, ці то таму, што Мікола Гаўрылавіч Ткачоў, наш дырэктар, адміністрацыйны геній, стварыў атмасферу будзённага свята, аднак „в те дни „МЛ” была Элладой”, калі перастварыць вядомыя радкі. Не, садоў Акадэміі ў нас не было, усе рэдакцыі сядзелі ў двух пакоях. Ажно дзе-небудзь аполудні ў пакоі віхурна з'яўляўся Рыгор Барадулін — толькі што ці то з Ушачаў, ці то з Багамскіх астравоў. Увесь у рыфмах, яркі, шчодры, i незбыт добры, i незбыт з'едлівы адначасова. „Як захлынуўся ад радасці жаўранак...” Праходзіла праз пакоі Алена Васілевіч — сама жаноцкасць, у элеганцкім паліто i рамантычным капелюшы... У вэлюме сваіх апавяданняў, сваёй трылогіі... Узнікаў канцэнтравана-інтравертны Алесь Разанаў, нібыта толькі што скончыўшы дыялог ці то з Сакратам, ці то з Хайдэгерам... Шпарка крочыла з ахапкам кветак Вера Палтаран — i валашковым цветам цвілі яе вочы... Сыходзіў з нейкай урачыстай явы ў шалёна выразнай форме каўтаранга Васіль Хомчанка. Схіляла над рукапісам класічны профіль Галя Шаранговіч — ці то багіня, сышоўшая з нябёс, ці то патрыцыянка з выявы стараветнага майстра. У палоне вандроўнай рамантыкі 60-х шукала сапраўднасць свайго „я” яе іменнічка Галя Нужкова. Вялі інтэлектуальныя размовы малодшыя рэдактаркі... Уводзілі ў ашалом душы паэтаў красуні-машыністкі...
Царавала атмасфера паразумення, надзей, спадзяванняў...
Заходзіў i Міхась Стральцоў. Знакаміты. Але да той незамглёна светлай славы дадалася яшчэ адна. Тая слава, што спадарожнічала не аднаму i не двум паэтам. Празаікам. Мастакам. Тая слава, што прывяла i ў Мазыр, адкуль я атрымала ліст...