Читаем Бэзавы попел полностью

„Субота. Вецер усчаўся, мо на дождж, a ўдзень было цёпла, сонечна, i мне думалася, што за тваім домам ці за тваімі дамамі, на ўзлобіне ўзгорка, ужо дагараюць [у лісце так!], што на працу ты ходзіш паўз возера, памятнае з нейкіх часоў i мне, бо не дзе там жыў некалі, што вось чамусьці ніколі не давялося нам з табой пабыць на прыродзе, хаця б у Каралішчавічах, i што як ехаць у Ракаў з нашага гарадского раёна [мы жылі ў адным раёне — за Кальварыяй], а ехаць можна любым самазвалам (у кабіне, вядома, бо з дваццатага кіламетра возяць у горад гравійку i пясок), можна тое-сёе ўбачыць па дарозе i спыніцца, дзе пажадае душа (той дарогай я ездзіў іншым часам па грыбы i нават на дачу да некага з лысагорцаў), што калі, не зварочваючы, дапяць да Ракава (гэта ўжо трэба аўтобусам), а там перасесці ў аўтобус мясцовы, — можна вельмі нават проста трапіць на лясную рэчку Лань, а там ўжо будуецца (мо пабудаваўся?) наш новы Дом творчасці — толькі справа не ў гэтым i не ў гэтым Доме, a ў тым, што там добрыя мясціны (ручаюся, бо неаднойчы там блажаўся i хадзіў), i што ты, каб захацела i каб захацеў перад тым пан Бог (а ён мог бы зрабіць так, што на пачатку восені мой цень слізгануўся б па менскіх тратуарах) — дык справа ў тым, што я мо шукаў бы сам сябра ў падарожжа за горад — мо па грыбы, мо так, дзеля душэўнай акрасы i цішыні — i мо ты паказала б мне такога чалавека, а каб аблегчыць табе задачу, я наперад скажу, што пажадана, каб гэта бы­ла жанчына, нечым вельмі падобная на адну тваю знаёмую, якая табе калі-нікалі падабаецца, а найбольш, здаецца, не, хоць ты ўсё роўна, нягледзячы на гэта, неразлучная з ёй, дык вось, гэтая жанчына бадай што спатрэбілася б у падарожжы мне — ты ёй скажы як-небудзь, пры нагодзе, пра гэта, га?

І пра тое, што яна скажа i як яна адкажа, мне адпішы.

А восень я паспрабую заказаць добрую.

Вось што я ўспомніў: у ранейшым пісьме не на ўсе твае дзелавыя пытанні адказаў — так загаварыўся, як цецярук.

Ну, вядома, В. абыдзецца без А., гэта зразумела. Так я i А., калі не памыляюся, пісаў. А з В. вы, думаю, паладзіце.

Яшчэ забыўся папытаць у цябе пра лёс рукапісу В.Івашчанкі. Паспрыяйце яму, як быццам бы мне, калі я хоць трохі ў вашай рэдакцыі чаго варты. Гэта харошы i сур'ёзны чалавек, крытык харошы, ведаеш сама. Ён, па-мойму, трохі баіцца рэдактарскага самаўладства, але гэта, па-мойму, не амбіцыі, а натуральны стан i рэакцыя сумленнага i пісьменнага крытыка. Так што не надта гладзьце супраць шчацінкі. Дальбог! Ну зрабіце! Мяне вы ўсё роўна не выдаеце, выдавайце хоць тых, каго прыемна будзе чытаць.

Ага, вось: пакуль той фальварак, дык у мяне, можа, свая хата будзе. Гэта, каб у „прымы” не ісці. А да сябе ўзяць каго хочаш магу. I не буду гаварыць, што гэта мая хата”. <...>

Івашчанка — гэта маскоўскі крытык, які на тую пару надаваў вялікую ўвагу беларускім літаратарам, пісаў i пра Стральцова, у прыватнасці, прадмову да зборніка прозы ў перакладзе на рускую мову „Журавлиное небо” (бібліятэка часопіса „Дружба народов”), на тую пару выходзіў ягоны зборнік „Кругі надзеі i дабра”. A кніга крытыкі Міхася Стральцова „Пячатка майстра” выйшла ў 1986 годзе. I — што ўтойваць — цягнула я з Міхася Лявонцьевіча гэты рукапіс, i просячы, i молячы, i пагражаючы. Пакуль не прынёс стос газетных i часопісных выцінкаў — i складваць, i аддаваць машыністкам на перадрук, i вычытваць: гэты гонар ён надаў мне, рэдактару. Была, была ў „абранніка сонечнага Феба” гэтая звычка, ён не любіў чорнай працы, чарнавых штудый. Было ў яго літаратурнае сібарыцтва. A хутчэй — яму i сапраўды быў патрэбны сакратар, памочнік, чалавек, які рабіў бы тэхнічную працу. Мабыць, такі чалавек быў яму патрэбны, як i свой, калі не маёнтак i не фальварак, дык ціхі, добраўпарадкаваны закутак. Хата ў цішы. Разуменне. Паразуменне. I — свабода ад заняткаў, так бы мовіць, „не эзатэрычных”.

I гэтае, зусім звычайнае для другіх i лёгка спраўджанае для іншых жаданне: мець хату, было таксама, нагадаю зноў, на жаль, толькі ідэяй-фікс. А ён трызніў той хатай. Гасцяваўшы, пасля звароту, на чужых дачах. Дарэчы, калі мы ездзілі ў 1987 годзе ў вёску Сычын, хата яго дзяцінства была пустая. Там ніхто не жыў. Але, мусіць, не ў яго натуры было б месціцца так, каб заўсёды быць на вачах, пад пільнай увагай вяскоўцаў, а падсвядома, можа, хацеў быць бліжэй да Менска. Аднак ці не гэтую хату ён меў на ўвазе ў лісце? Пазней у пісьмах згадваў: i печы б паліў, i дровы б цягаў, i ваду насіў... I глядзеў бы на вясёлы ці роздумны агонь у камінку. Пазіраючы на „ўзор прыгожы пекных зор”. На самоце. Так. Але, мне здаецца, самоту ён любіў, але адзінота не была яго марай. Бачыў ён сябе хутчэй — з Ёю. Хто — Яна? Межы асабістых адносін i ўяўнага, прывіднага ён не пазначае. Падзеі жыцця i падзеі ўяўленняў — яны набліжаюцца ў яго i перакрыжоўваюца. Ці — верагодна! — ён пазначае новы твор! Пра ўзаемаадносіны i ўзаемадачыненні жынчыны i мужчыны. Лісты з другога боку — гэта як чытацкі водгук. Даходзіць!

„Дзень добры, даражэнькая!

Перейти на страницу:

Похожие книги