Читаем Бiльярд а палове дзесятай полностью

Калi Фэмель зайшоў у распранальню, яны змоўклi; у гэтым раптоўным маўчаннi адчуваўся страх; яны амаль смяртэльна паважалi яго — якi зрабiў тое, у што нiхто не здолеў бы паверыць, пра што нiхто не здолеў бы расказаць; хто з жывых сведкаў наважыўся б апiсаць палёт таго мячыка?

Басанож, накiнуўшы на плечы вялiкiя ручнiкi, яны шпарка пабеглi ў душ; застаўся адзiн Шрэла: ён быў ужо апрануты, бо пад душ не хадзiў; i толькi цяпер Роберту прыйшло ў галаву: Шрэла нiколi не прымаў душ пасля гульнi, нiколi не здымаў з сябе футболку; ён сядзеў на зэдлiку, на твары была жоўтая i блакiтная пляма, вакол вуснаў, з якiх ён ужо абцёр кроў, - вiльготны след; на руках i плячах былi вiдаць сiнякi ад удараў мячыка, якi "отаўцы" ўсё цяпер яшчэ недзе шукалi; седзячы так, Шрэла адкасаў рукавы сваёй шмат разоў мытай кашулi, надзеў куртку, выцягнуў з кiшэнi кнiжку i пачаў чытаць: "Увечары, калi званы звястуюць мiр…"

Было непрыемна вось гэтак застацца сам-насам са Шрэлам, прымаць падзяку гэтых халодных вачэй, занадта халодных нават каб ненавiдзець — толькi ледзь прыкметны рух павекаў, няўлоўная ўсмешка як падзяка яму, выратавальнiку, якi нанёс той удар; Фэмель усмiхнуўся ў адказ, таксама ледзь заўважна, потым павярнуўся да бляшанай шафкi, знайшоў там сваю адзежу i хацеў ужо як найхутчэй, не прыняўшы душ, вымкнуць з распранальнi; на сцяне над ягонай шафкай нехта выбiў у тынку надпiс: "Фэмелеў удар, 14 лiпеня 1935 г.".

Пахла скурай — ад гiмнастычных прыладаў, ссохлай зямлёю — што паабтрэслася з футбольных, гандбольных i бейсбольных мячоў i грудкамi пазабiвалася ў шчылiны бетоннай падлогi; у куце стаялi брудныя бела-зялёныя сцяжкi, сохлi развешаныя футбольныя сеткi, тырчала надламанае вясло; пад трэснутым шклом вiднеўся пажоўклы дыплом: "Пiянерам футбола, пачатковаму класу гiмназii святога Людвiга. 1903 г. Прэзiдэнт зямельнага ўрада"; калектыўнае фота ў выдрукаваным лаўровым вянку; з гэтага фота на яго глядзелi васемнаццацiгадовыя хлопцы 1885 года нараджэння з моцнымi цяглiцамi; вусатыя, з жывёльным аптымiзмам глядзелi яны ў будучыню, якую рыхтаваў iм лёс; iм было наканавана гнiсцi пад Вердэнам, сцякаць крывёю ў балотах Сомы альбо яшчэ праз пятнаццаць гадоў на могiлках герояў Шато-Цьеры быць аб'ектам прымiрэнчых выказванняў, якiя ўпiсваюць турысты па дарозе ў Парыж, паддаўшыся настрою гэтага месца, у размоклую ад дажджу кнiгу наведнiкаў; пахла жалезам, пахла выспяваючай мужчынскасцю; звонку сюды пранiкала вiльготная iмгла, што цягнулася лагоднымi воблакамi ўдоўжкi рачных берагоў; з карчмы, што паблiзу, далятала пераднядзельная гамонка нiзкiх мужчынскiх галасоў, хiхiканне афiцыянтак, бразгатанне пiўных кухляў, а ў канцы калiдора пачыналi рабiць сваё гульцы ў кеглi, кацiлiся шары, расстаўлялiся кеглi, чулася трыумфальнае "ax!" i "ох!" — як сведчанне расчаравання, гучала на ўвесь калiдор, пранiкала ў распранальню.

Прыжмурваючыся ў паўзмроку, стулiўшы плечы ад прахалоды, Шрэла сядзеў перад iм, i ён не мог болей адцягваць тае хвiлi; яшчэ раз праверыў, цi добра завязаны гальштук, расправiў апошнiя складачкi на каўняры спартыўнай кашулi — ох, падцягнуты, заўсёды падцягнуты, — глыбей схаваў канцы шнуркоў на туфлях, спраўдзiў, цi ёсць у партманеце грошы, каб даехаць дадому; а мiж тым з душа паявiлiся першыя хлопцы, усё яшчэ гамонячы пра "Робертаў удар".

— Пойдзем разам?

— Пойдзем.

Яны паднялiся патаптанымi бетоннымi сходнямi, на якiх ляжала непрыбранае смецце яшчэ ад мiнулае вясны: паперкi ад цукерак, пачкi ад цыгарэт; яны ўзышлi на дамбу, дзе спацелыя весляры якраз усцягвалi лодку на зацэментаваную прыстань; моўчкi iшлi яны разам па дамбе, што вяла сярод нiзкай iмглы быццам бы на другi бераг ракi; гудкi параходаў, чырвоныя лiхтары i зялёныя — на сiгнальных рубках суднаў; каля верфi ў паветры ўспыхвалi чырвоныя iскры, вымалёўваючы на шэрым фоне адмысловыя фiгуры; моўчкi яны дайшлi да моста, у паўзмроку паднялiся ўгору па сходах, побач на сценах з пясчанiку былi ўвекавечаныя жаданнi маладых людзей, што вярталiся тут пасля купання дамоў; грукат таварнага цягнiка, што праiмчаўся па мосце, даў iм магчымасць памаўчаць лiшнiя пару хвiлiн: на заходнi бераг везлi партыю шлаку; чыгуначнiкi сiгналiлi лiхтарамi, свiсткi кiравалi цягнiком, якi пачаў заварочваць на правую каляю; унiзе ў тумане iшлi на поўнач караблi, жалобнае дудзенне рагоў папярэджвала аб смяротнай небяспецы, разляталася, поўнае смутку, над вадою; гэты гоман, на шчасце, не даваў весцi размову.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Антон Райзер
Антон Райзер

Карл Филипп Мориц (1756–1793) – один из ключевых авторов немецкого Просвещения, зачинатель психологии как точной науки. «Он словно младший брат мой,» – с любовью писал о нем Гёте, взгляды которого на природу творчества подверглись существенному влиянию со стороны его младшего современника. «Антон Райзер» (закончен в 1790 году) – первый психологический роман в европейской литературе, несомненно, принадлежит к ее золотому фонду. Вымышленный герой повествования по сути – лишь маска автора, с редкой проницательностью описавшего экзистенциальные муки собственного взросления и поиски своего места во враждебном и равнодушном мире.Изданием этой книги восполняется досадный пробел, существовавший в представлении русского читателя о классической немецкой литературе XVIII века.

Карл Филипп Мориц

Проза / Классическая проза / Классическая проза XVII-XVIII веков / Европейская старинная литература / Древние книги