Читаем Бiльярд а палове дзесятай полностью

— Яшчэ адно пiва шаноўнаму пану? — спытаў карчмар з-за прылаўка, выцiраючы пiўную пену на нiкеляванай падстаўцы; пасля ён выцягнуў з вiтрыны-халадзiльнiка дзве талеркi — тэфтэлi з гарчыцаю — i аднёс iх маладзенькай парачцы, што сядзела ў куце, размораная i распараная вулiчнай спёкай.

— Прашу, калi ласка, — адказаў Роберт, — яшчэ адзiн кухаль.

Ён адсунуў фiранку i ўбачыў, што бацька павярнуў направа, абмiнуў могiлкавую браму, перайшоў вулiцу, спынiўся каля садочка начальнiка станцыi, пачаў разглядаць фiялетавыя астры, якiя толькi што пачыналi цвiсцi; ён, вiдавочна, адцягваў час.

— Hе, — сказаў Роберт карчмару за прылаўкам. — Калi ласка, два пiва i дзесяць цыгарэт «Вiрджынiя».

За сталом, занятым цяпер маладзенькай парачкай, тады сядзеў амерыканскi афiцэр, малады чалавек, якi, дзякуючы сваiм бялявым каротка пастрыжаным валасам, здаваўся яшчэ маладзейшы; яго блакiтныя вочы прамянiлiся верай, верай у будучыню, у якой усё будзе зразумелым; гэтая будучыня ляжала перад iм, нiбы карта, падзеленая на квадраты; заставалася толькi высветлiць маштаб гэтай карты: 1:1 цi 1:3 000 000? На столiку, побач з тонкiм алоўкам, якi афiцэр раз-пораз пакручваў у пальцах, ляжала тапаграфiчная карта абшчыны Кiслiнген.

За трынаццаць год, што прамiнулi з тае пары, стол анi не змянiўся; на правай яго назе, у якую малады чалавек увесь час хацеў уперцiся запыленымi сандалетамi, усё яшчэ былi вiдаць iнiцыялы, выразаныя ў нудоце нейкiм навучэнцам шафёрскiх курсаў: Ё. Д.; напэўна, хлопца звалi Ёзэф Додрынгер; i настольнiкi былi такiя самыя — з чырвонымi i белымi квадратамi; крэслы перажылi дзве сусветныя вайны — букавае дрэва без сукоў, ператворанае ў салiдную мэблю; ужо семдзесят год на iх узвальвалiся зады сялян, што чакалi цягнiкоў; новая была толькi вiтрына-халадзiльнiк побач з прылаўкам, у якой чакалi згаладалых альбо знуджаных пасажыраў сухаватыя тэфтэлi, халодныя катлеты, крута звараныя яйкi пад маянэзам.

— Калi ласка, шаноўнаму пану два пiва i дзесяць цыгарэт.

— Дзякую.

Нават карцiны на сцяне тыя самыя; абацтва Святога Антонiя, сфатаграфаванае з вышынi — здаецца, з пагорка Казакен — старым добрым фотаапаратам з чорнай хусткаю яшчэ на фотапласцiну; галерэя, рэфекторый, магутная царква, гаспадарчыя будынкi; побач вiсеў выцвiлы алеадрук; закаханыя ў полi на мяжы; каласы, валошкi, жоўта-бураватая ад высахлай глiны дарога; вясковая красуня гарэзна казыча каласком у вуху свайго каханка, якi паклаў галаву ёй на каленi.

— Вы не разумееце мяне, пан гаўптман; мы б хацелi даведацца, чаму Вы гэта зрабiлi, чуеце? Мы, натуральна, ведаем "загад аб выпаленай зямлi" — каб пакiнуць ворагу адно руiны i трупы, цi праўда? Але я не веру, што Вы зрабiлi гэта з прычыны таго, што быў такi загад; Вы, прабачце мне, занадта iнтэлiгентны, каб рабiць гэткае. Але навошта, навошта Вы тады ўзарвалi абацтва? Яно ж было помнiкам, пэўнай культурна-гiстарычнай каштоўнасцю; цяпер, калi ваенных дзеянняў на гэтым участку больш няма, а Вы ў нас у палоне i Вам наўрад цi ўдасца расказаць сваiм пра нашыя сумненнi, цяпер я магу прызнацца, што наш камандзiр ахвотней бы зацягнуў на два-тры днi пачатак наступу, чым нават пальцам зачапiць гэтае абацтва. Навошта Вы ўзарвалi яго, хоць i з пункту гледжання тактыкi i па стратэгiчных меркаваннях гэта не мела нiякага сэнсу? Вы не затрымалi нашага наступу, наадварот, Вы прыспешылi яго. Вы курыце?

— Куру. Дзякуй Вам.

Цыгарэта была добрая — моцная i мела прыемны смак.

— Я спадзяюся, што Вы разумееце, пра што iдзе гаворка. Прашу Вас, скажыце хоць слова; бачу, што мы амаль аднагодкi: Вам — дваццаць дзевяць, мне — дваццаць сем. Разумееце, мне хочацца зразумець Вас. Альбо Вы баiцёся вынiкаў Вашага прызнання — з нашага боку цi з боку Вашых адназемцаў?

Калi б Роберт паспрабаваў растлумачыць усё словамi, яны б перасталi быць праўдзiвымi, а, зафiксаваныя ў пратаколе, гэтыя словы былi б зусiм далёкiя ад праўды; як ён мог растлумачыць, што чакаў гэтай хвiлi пяць з паловай гадоў — хвiлi, калi абацтва стане яго здабычаю, будзе ляжаць перад iм, як дарунак Божы? Ён хацеў з пылу i руiнаў паставiць помнiк тым, хто не быў помнiкам гiсторыi i культуры i каго нiхто не шкадаваў, - Эдыт, забiтай бомбавым асколкам; Фэрдзi, якому за спробу замаху законам быў вынесены вырак смерцi; хлопчыку, якi ўкiдаў у паштовую скрынку цыдулкi з весткамi ад яго; Шрэлаваму бацьку, якi знiк невядома дзе; самому Шрэле, якi мусiў жыць так далёка ад Гёльдэрлiнавай радзiмы; Гролю, кельнеру з «Якара», i шмат каму iншаму, хто рушыў на фронт, спяваючы: "Дрыжаць спарахнелыя косцi"; за iх нi ў кога не патрабавалi справаздачы, нi ў кога з тых, хто не навучыў iх нiчаму лепшаму; дынамiт, колькi формул — гэта былi яго магчымасцi ставiць помнiкi; i падрыўная група была ў яго, вядомая сваёй дакладнасцю i квалiфiкацыяй, Шрыт, Гохбрэт, Кандэрс…

Перейти на страницу:

Похожие книги

Антон Райзер
Антон Райзер

Карл Филипп Мориц (1756–1793) – один из ключевых авторов немецкого Просвещения, зачинатель психологии как точной науки. «Он словно младший брат мой,» – с любовью писал о нем Гёте, взгляды которого на природу творчества подверглись существенному влиянию со стороны его младшего современника. «Антон Райзер» (закончен в 1790 году) – первый психологический роман в европейской литературе, несомненно, принадлежит к ее золотому фонду. Вымышленный герой повествования по сути – лишь маска автора, с редкой проницательностью описавшего экзистенциальные муки собственного взросления и поиски своего места во враждебном и равнодушном мире.Изданием этой книги восполняется досадный пробел, существовавший в представлении русского читателя о классической немецкой литературе XVIII века.

Карл Филипп Мориц

Проза / Классическая проза / Классическая проза XVII-XVIII веков / Европейская старинная литература / Древние книги