Парцье ўстрывожана паглядаў на гадзiннiк: прамiнула ўжо шостая гадзiна, а Ёхэн усё яшчэ не паявiўся, каб замянiць яго; госць з нумара 11 спаў ужо дваццаць адну гадзiну, павесiўшы на клямку шыльдачку з надпiсам "Прашу не турбаваць"; i ўсё-ткi дагэтуль яшчэ нiхто не адчуў цiшынi смерцi за зачыненымi дзвярыма; не чуваць шэптаў, ляманту пакаёвак; час вячэры: цёмныя гарнiтуры, светлыя сукенкi, шмат срэбра, агеньчыкi свечак, музыка; да амара пад маянэзам - Моцарт, да мясных страў - Вагнер, пад дэсерт - джаз.
У паветры адчувалася бяда; парцье спалохана паглядаў на гадзiннiк: стрэлкi занадта павольна наблiжалiся да пункта, у якiм бяда павiнна зрабiцца вiдавочнай; тэлефонныя званкi адзiн за адным: першае меню ў нумар дванаццаць, трэцяе меню ў дзвесце васемнаццаты нумар, шампанскае - у чатырнаццаты; суботне-нядзельным парушальнiкам шлюбнай вернасцi патрабавалiся стымулятары; пяцёра багатых валацугаў сядзелi ў вестыбюлi, чакаючы аўтобуса, якi меў завезцi iх да начнога самалёта: "...Менавiта так, шаноўная фраў, першая вулiца налева, другая - направа, трэцяя - налева; рымскiя дзiцячыя магiлкi маюць вячэрняе асвятленне; фатаграфаваць дазволена". Бабуля Блейзiк у аддаленым куце пiла свой партвейн i нарэшце перахапiла Гугу, якi чытаў ёй навiны з мясцовай газеты: "Няўдача злодзея-кiшэннiка. Учора ў Эрэнфэльдгюртэлi малады чалавек зрабiў спробу выхапiць сумачку з рук у пажылой жанчыны, але адважная бабулька здолела... Дзяржаўны сакратар Далес..."
- Лухта, лухта, - перапынiла яго бабуля Блейзiк, - не хачу слухаць нiчога пра палiтыку цi пра мiжнародныя справы; мяне цiкавяць толькi мясцовыя навiны.
I Гуга чытаў далей:
- Бургамiстр горада ўшанаваў слыннага баксёра...
Час здзеклiва адцягваў выбух бяды; тым часам у рэстаране цiха звiнелi келiхi; на сталы ставiлiся срэбныя талеркi, пад узнёслую музыку пазвоньвалi фарфоравыя талеркi; у дзвярах, што мякка вярнулiся ў абабiтыя лямцам пазы, стаяў шафёр аўтобуса авiякампанii i жэстамi заклiкаў тых, хто ад'язджае, збiрацца хутчэй; парцье нервова зазiраў у свой нататнiк: "ад 18.30 зарэзерваваць нумар з боку вулiцы для пана М.; з 18.30 - двухмесны нумар для пана радцы Фэмеля з жонкаю, абавязкова з боку вулiцы; а дзевятнаццатай забраць на прагулку сабаку Кэсi з нумара 114"; толькi што якраз гэтай псiне панеслi яечню, згатаваную паводле спецыяльнага рэцэпта: цвёрды жаўток i мяккi бялок, а да яек - моцна засмажаныя кавалачкi каўбасы, i, як заўсёды, гэтая паскудная жывёлiна пачне грэблiва адварочвацца ад яды; госць у адзiнаццатым нумары спiць ужо дваццаць адну гадзiну i васемнаццаць хвiлiн...
- Менавiта так, шаноўная фраў, феерверк пачнецца праз паўгадзiны пасля захаду сонца; гэта значыць, недзе а палове восьмай; парад прыхiльнiкаў "Саюза змагароў" павiнен пачацца а дзевятнаццатай пятнаццаць; мне вельмi шкада, але я не магу сказаць Вам, цi пан мiнiстр будзе там.