Грэц усё яшчэ цягнуў свайго дзiка па сходах: гэта ён рабiў рыўкамi, бо жывёлiна была агромнiстая: хлопец-пасыльны з вялiзным кашом кветак пазванiў каля брамы друкарнi, паявiўся прыдзвернiк, забраў кош i зноў зачынiў брамку; хлопец расчаравана глянуў на тую дробязь "на чай", што паклаў у яго далонь прыдзвернiк; "Я скажу яму, - падумала Леанора, - гэтаму ветламу старому, што прыдзвернiк не выконвае ягонага загаду даваць кожнаму пасыльнаму хлопцу па дзве маркi на чай; срэбра, вiдавочна, не паблiсквала ў яго далонi, то былi цьмяныя медзякi".
Будзь адважнаю, Леанора! Будзь адважнаю, сцiснi зубы, пераадолей свой сполах ды iдзi ў гатэль. Яна яшчэ раз адышлася за рог вулiцы; тым часам дзяўчына з кошыкам далiкатэсаў зайшла ў брамку друкарнi; праз хвiлю яна таксама без радасцi паглядала на сваю далонь; "якi нягоднiк гэты прыдзвернiк, - падумала Леанора, - абавязкова скажу пра ўсё пану Фэмелю".
Яшчэ дзесяць хвiлiн, перш чым праб'е сёмая; яе запрасiлi ў Кронэраву кавярню, а потым загадалi прыйсцi ў "Прынц Генрых", а яна заявiцца туды i пачне гаварыць пра справы фiрмы, якiх па святых суботах ён не можа цярпець; можа, зважаючы на выключнасць аб'екту Х-5, ён зрэагуе сёння iначай? Яна страсянула галавой i з роспачнай адвагай нарэшце штурхнула дзверы ды тут са страхам адчула, што знутры iх нехта трымаў.
Дзiця, дзiця, i ў дачыненнi да цябе я дазволю сабе зрабiць прыватную заўвагу; падыдзi сюды блiжэй; спадзяючыся, што прычыну тваёй сарамлiвасцi не варта шукаць у мэце твайго прыходу сюды, а толькi ў iм самiм; мне давялося ўжо бачыць шмат дзяўчат, што ўваходзiлi ў гэтыя дзверы, але гэткай, як ты, мне яшчэ бачыць не выпадала; у гэтай хвiлi тут ёсць толькi адзiн-адзiны клiент, да якога я пусцiў бы цябе, не выказваючы прыватных заўваг, - гэта Фэмель; я мог бы быць табе дзядулем, i ты не зазлуеш на мяне за маю прыватную заўвагу; чаго ты шукаеш у гэтай зладзейскай пячоры? Рассыпай за сабою хлебныя крошкi, каб знайсцi адсюль дарогу назад; дзiця, ты заблукала; той, хто прыходзiць сюды па справе, выглядае не гэтак, як ты; а ў каго тут ёсць прыватныя справы - i пагатоў; але ж падыдзi блiжэй.
- Да доктара Фэмеля? Ага, сакратарка. Па неадкладнай справе? Пачакайце, фройляйн, я папрашу, каб яго паклiкалi да тэлефона... Спадзяюся, што вулiчны шум Вам не будзе замiнаць.
- Леанора? Я рады, што мой бацька запрасiў Вас на святочную вячэру, i прабачце мне, калi ласка, за тыя словы, што я сказаў сёння ўраннi. Добра, Леанора? Бацька чакае Вас у дзвесце дванаццатым нумары. Лiст ад пана Шрыта? Уся дакументацыя да аб'екта Х-5 няправiльна разлiчана? Добра, я разбяруся i затэлефаную Шрыту. Так цi iнакш, дзякуй, Леанора, i - да хуткай сустрэчы.
Яна паклала слухаўку, падышла да парцье, хацела была ўжо разявiць рот, каб спытацца, як прайсцi ў Фэмелеў нумар, - але тут яе напалохаў моцны, сухаваты, рэзкi гук.
- Божа мой, - ускрыкнула яна, - што гэта?
- Гэта стрэлiлi з пiсталета, маё дзiця, - адказаў Ёхэн.
Чырвонае па зялёным, белае па зялёным; Гуга стаяў, абапёршыся аб белыя лакiраваныя парэнчы i заклаўшы рукi за спiну; фiгуры здавалiся яму не такiмi дакладнымi, рытм руху шароў - парушаным; хiба гэта не былi тыя самыя шары, той самы стол з сукном найлепшай якасцi, за якiм даглядалi самым лепшым чынам? I хiба Фэмелева рука не зрабiлася яшчэ лягчэйшая, а яго ўдары - яшчэ дакладнейшыя, калi ён выбiваў фiгуру з зялёнага Нiчога? I ўсё ж Гугу здавалася, што рытм руху шароў парушаны, а фiгуры крыху страцiлi сваю дакладнасць i акрэсленасць; цi, можа, гэта Шрэла прынёс з сабою пастаянную сучаснасць часу i разагнаў усе чары? Гэта ўсё адбывалася тут, адбывалася сёння, а васемнаццатай гадзiне сорак чатыры хвiлiны, у суботу шостага верасня 1958 года; нiшто не пераносiлася на трыццаць год назад цi на чатыры - уперад, зноў на сорак назад i пасля ў сённяшнi дзень; цяпер доўжылася бесперапынная сучаснасць, якая штурхала перад сабою секундную стрэлку гадзiннiка: тут, сёння, цяпер - а тым часам з рэстарана чулiся неспакойныя воклiчы: "дайце рахунак, кельнер, дайце рахунак": усе спяшалiся да феерверку, да вокнаў, каб глядзець парад, натоўп працiскаўся да рымскiх дзiцячых магiл; "цi ўспышкi сапраўды ў парадку?"... "Вы што - не ведалi, што М. значыць мiнiстр?"... "дайце рахунак, кельнер, дайце рахунак"...
Гадзiннiкi адбiвалi час недарэмна, недарэмна рухалiся стрэлкi; яны нагрувашчвалi хвiлiну на хвiлiну, дадавалi iх да чвэрцi, да паловы гадзiны i маглi паказваць дакладны час: да аднаго года, да адной гадзiны, да адной секунды; хiба ў рытме стуку шароў не гучала пытанне: "Роберт, дзе ты?, "Роберт, дзе ты быў?", "Роберт, дзе ты бываў?" I хiба ў Робертавых ударах не чуцён быў адказ: "Шрэла, дзе ты?", "Шрэла, дзе ты быў?", "Шрэла, дзе ты бываў?" Хiба iхняя гэта гульня не была нечым, падобным да млына, якi бясконца паўтарае малiтву, хiба яна не была iмшой, якую адпраўлялi кii i бiльярдныя шары на зялёным сукне? "Навошта-навошта-навошта?"; "Злiтуйся з нас! Злiтуйся з нас!" Шрэла ўсмiхаўся, трос галавою кожны раз, калi, адыходзячы ад борцiка, пакiдаў Роберту чарговую, утвораную шарамi фiгуру.