I Гуга таксама мiжвольна трос галавою пасля кожнага ўдару: разагнаныя чары, меншая дакладнасць, парушаны рытм, падчас, калi гадзiннiк даваў такi дакладны адказ на пытанне "калi": васемнаццатая пяцьдзесят дзве, шостага верасня 1958 года.
- Ах, - сказаў Роберт, - пакiньма гэта; мы ўжо не ў Амстэрдаме.
- Добра, - адказаў Шрэла, - пакiньма гэта, твая праўда. Цi хлопец яшчэ нам патрэбны?
- Вядома, - сказаў Роберт, - мне ён яшчэ патрэбны, але, можа, ты хочаш пайсцi, Гуга? Hе? Застанься, калi ласка, пастаў кii ў стаяк, схавай шары i прынясi нам чаго-небудзь выпiць... ды не, заставайся, сынок; я хачу табе нешта паказаць: паглядзi, вось тут цэлы стос папераў; дзякуючы пячаткам i подпiсам яны сталi дакументамi: толькi аднаго бракуе - твайго подпiсу пад гэтай вось паперай; калi ты паставiш яго, станеш маiм сынам! Цi разгледзеў ты маiх бацьку i мацi, калi прыносiў iм вiно? Яны будуць тваiмi дзядулем i бабуляю, а Шрэла - тваiм дзядзькам, Рут i Марыяна - тваiмi сёстрамi, а Ёзэф - тваiм братам; ты станеш сынам, якога Эдыт ужо не змагла мне падарыць; што скажа мой стары, калi я ў дзень яго нараджэння пазнаёмлю яго з новым унукам, якi мае ўсмешку, як у Эдыт?.. Ты пытаўся, цi гэты хлопец нам яшчэ патрэбны, Шрэла? Ён нам патрэбны, i мы былi б шчаслiвыя быць патрэбнымi яму; больш дакладна сказаць: яго нам бракуе... чуеш, Гуга, нам цябе бракуе. Ты не можаш быць сынам Фэрдзi, але ж ты ўзяў у спадчыну яго дух... Цiха, хлопча, не трэба плакаць; iдзi ў свой пакой i перачытай гэтыя паперы, ды будзь уважлiвы там у калiдоры, сынок!
Шрэла адсунуў фiранку, паглядзеў праз акно на пляц; Роберт падаў яму пачак цыгарэтаў, Шрэла даў агню, i яны абодва закурылi.
- Цi ты яшчэ не адмовiўся ад нумара ў гатэлi?
- Hе.
- Хiба ты не хочаш жыць у нас?
- Яшчэ не ведаю, - адказаў Шрэла, - у мяне страх перад дамамi, у якiх трывала ўладкоўваешся i хутка пераконваешся ў банальных рэчах: жыццё iдзе далей, i час прыносiць замiрэнне; Фэрдзi стаў бы для мяне толькi ўспамiнам, бацька - толькi сном; а мiж тым тут яны забiлi Фэрдзi, i бацька назаўсёды знiк менавiта адсюль; згадак пра iх не знойдзеш нават у спiсах нiякiх палiтычных арганiзацый, бо яны палiтыкай не займалiся; iх не ўспомняць у жалобных песнях жыдоўскай абшчыны, бо яны не былi жыдамi; Фэрдзi, можа, толькi жыве ў судовых архiвах; толькi мы абодва ўспамiнаем пра яго, Роберт, i яшчэ твае бацькi ды стары парцье там унiзе; твае дзецi ўжо не памятаюць яго; я не магу жыць у гэтым горадзе, бо ён недастаткова чужы мне; я тут нарадзiўся, хадзiў у школу; тады я хацеў вызвалiць вулiцу Груфэльштрасэ ад закляцця; я насiў у сабе слова, якое нiколi не вымаўляў уголас, Роберт; нават у размовах з табою; гэта адзiнае слова, ад якога я чакаю нечага для гэтага свету... я i цяпер не вымаўляю яго, можа, толькi на вакзале, калi ты будзеш праводзiць мяне на цягнiк.
- Хочаш ехаць ужо сёння? - спытаў Роберт.
- Hе, не, не сёння; нумар у гатэлi - гэта якраз тое, што трэба; калi я там зачыняю за сабою дзверы, гэты горад здаецца мне такiм самым чужым, як i любы iншы. У тым нумары я магу ўявiць сабе, што неўзабаве кудысьцi паеду i зноў пачну выкладаць нямецкую мову, у школьным класе, дзе я пасцiраю з дошкi арыфметычныя заданнi, каб крэйдай напiсаць на ёй: "я вяжу, ты вяжаш, ён вяжа; ён вязаў, яна вязала; я буду вязаць"... я люблю граматыку гэтаксама, як люблю вершы. Можа, ты думаеш, што я не хачу тут жыць, бо не бачу нiякiх рэальных гiстарычных шанцаў для гэтай дзяржавы? Мне здаецца хутчэй, што я не магу тут жыць таму, што я нiколi не цiкавiўся i цяпер не цiкаўлюся палiтыкай.
Шрэла паказаў на пляц унiзе i засмяяўся: "Hе тыя людзi, што там унiзе, мяне палохаюць... вядома ж, вядома ж, усё я ведаю i пазнаў iх, убачыўшы там унiзе, - Нэтлiнгера i Вакеру; я не баюся таго, што яны тут, а баюся таго, што там няма iншых людзей; якiх? Тых, што часам вымаўляюць гэтае слова ў думках, няхай сабе нават шэптам; аднаго разу ў Гайд-парку я чуў, як адзiн стары чалавек сказаў: "Калi Вы верыце ў Яго, дык чаму ж не робiце таго, што Ён загадаў?"