Пазней у думках я часцяком вяртаўся да дня майго прыезду, чуў пошчак капытоў па бруку, бачыў гатэльных служак, як яны перасоўваюць валiзы, бачыў жанчыну ў вэлюме i ружовым капелюшы, чытаў плакат: "Тым, хто iдзе ў войска, раю...", слухаў свой смех; з каго я смяяўся, з чаго складаўся гэты смех? Я бачыў iх шторанiцы, калi пасля iмшы выходзiў па карэспандэнцыю i газеты; бачыў уланаў, што ехалi на пляц да практыкаванняў у паўночную частку горада; шторанiцы прыгадваў нянавiсць свайго бацькi да коней i афiцэраў, калi аддаляўся пошчак падковаў: эскадрон уланаў рыхтаваўся да рэпетыцый кавалерыйскiх атак альбо да разведвальных вылазак - iмчаў, уздымаючы вялiкае воблака пылу; гукi трубы выцiскалi слёзы з вачэй ветэранаў, якiя спынялiся на вулiцы; але я думаў пра бацьку; сэрцы кавалерыстаў, i сэрца парцье таксама, тахкалi часцей; дзяўчаты з хустачкамi ператваралiся ў жывыя вобразы, ахалоджвалi ў ранiшнiм паветры грудзi, гатовыя несцi суцяшэнне; а ў тую хвiлю парцье ўручаў мне пасылку ад мацi: гарох, сала, цыбулю i блаславенне; маё сэрца не бiлася часцей, калi ў мяне перад вачыма праязджаў кавалерыйскi эскадрон.
Я пiсаў мацi лiсты, у якiх заклiкаў яе не прыязджаць; я не хацеў далучаць яе да грона статыстаў; пазней, пазней, калi гульня набыла размах, я дазволiў ёй прыехаць; яна была невысокага росту, зграбная i цёмнавалосая, як я; жыццё яе праходзiла памiж могiлкамi i касцёлам, а твар i ўся яе постаць падышлi занадта добра да гэтай гульнi; яна нiколi не хацела браць у мяне грошай; аднае залатой манеты ў месяц ёй хапала на суп i на хлеб, на дзесяцiпфенiгавае ахвяраванне царкве штонядзелi i аднапфенiгавае - у звычайныя днi; "прыязджай пазней", пiсаў я - але пазней стала запозна: яе магiла з'явiлася побач з магiламi бацькi, Шарлоты, Маўрыцыя - нiколi больш не ўбачыла яна таго, чый адрас штотыдзень надпiсвала на канверце: "Модэстгасэ, 7. Генрых Фэмель"; мне было боязна перад мудрасцю яе пагляду, перад тым непрадбачаным, што маглi вымавiць яе вусны: "Дзеля чаго? Дзеля грошай цi пашаны; каб служыць Госпаду цi людзям?" Мне было боязна перад катэхiзiсам яе пытанняў, адказы на якiя вымагалi адно што iх пераўтварэння ў сцвярджальныя сказы, дзе на канцы стаiць кропка, а не пытальнiк. Я не ведаў, дзеля чаго... Toе, што я хадзiў у царкву, не было аблудай, не належала да маёй гульнi, хоць магло быць прыпiсана ёй; мая гульня пачыналася толькi ў кавярнi Кронэра, доўжылася да паловы адзiнаццатай, а пасля пятай вечара працягвалася зноў, каб скончыцца а дзесятай; пра бацьку мне было думаць лягчэй, калi ўланы ўжо знiклi за Мадэставай брамай, а шарманшчыкi пачыкiльгiкалi ў бок прадмесця; яны хацелi быць там досыць рана, каб зайграць самотным хатнiм гаспадыням i пакаёўкам на суцеху: "Дзяннiца, дзяннiца..."; пад вечар яны вярталiся ў горад, каб вячэрнюю меланхолiю размяняць на звонкую манету: "Ганнамарыя, Розмарыя", а на другiм баку вулiцы Грэц якраз падвешваў дзiка перад дзвярыма ў краму, свежая кроў цёмнымi кроплямi сцякала на асфальт; абапал дзiка вiселi фазаны, курапаткi, зайцы; мяккае пер'е, пакорлiвая заячая поўсць аздаблялi вялiзнае цела дзiка; шторанiцы Грэц вывешваў сваю забiтую жывёлу - заўсёды так, каб публiка бачыла iх раны; заечае бруха, галубiныя грудзi, распаласаваны бок дзiка; кроў павiнны былi бачыць усе; фраў Грэц сваiмi ружовымi далонямi раскладвала кавалкi пячонкi сярод грудак грыбоў; iкра, пакладзеная на кускi лёду, паблiсквала на фоне вялiзных скрынак; лангусты, фiялетавыя, як добра абпаленая цэгла, звiвалiся, рухалiся, аслеплыя, натыкаючыся на шкло ў шырокiх i нiзкiх акварыумах, чакалi ўмелых рук гаспадыняў, чакалi сёмага, дзевятага, дзесятага, адзiнаццатага верасня 1907 года; толькi восьмага, пятнаццатага i дваццаць другога верасня, у нядзелю, фасад Грэцавай крамы не быў у крывi, бачыў я забiтую жывёлу i ў 1908, i ў 1909 гадах - толькi ў гадах, калi панавала найвышэйшая сiла, яе не было, - а так я бачыў яе заўсёды, пяцьдзесят адзiн год запар; бачу яе цяпер, калi апоўднi ў суботу ўмелыя рукi гаспадыняў вышукваюць астатнiя прысмакi да нядзельнага абеду.
- Слушна, Леанора, Вы прачыталi слушна: першы мой ганарар быў сто пяцьдзесят тысяч марак. Няма даты? Гэта было, напэўна, у жнiўнi 1908 года. Безумоўна, так, гэта быў жнiвень 1908 года. Вы яшчэ нiколi не елi дзiковага мяса? I нiчога не страцiлi, калi Вы давяраеце майму густу. Я нiколi яго не любiў. Згатуйце, Леанора, крыху кавы, калi ласка; змахнiце гэты пыл зверху ды купiце сабе пiрожнае, якое Вам падабаецца. Лухта, ад гэтага не таўсцеюць, не верце ўсякiм балбатунам. Сапраўды, гэта было ў 1913 годзе - дамок для пана Кольгера, кельнера з Кронэравай кавярнi. Hе, ганарару я не браў.
Колькi разоў я снедаў у Кронэравай кавярнi? Дзесяць тысяч, дваццаць тысяч? Я нiколi не лiчыў; кожны дзень хадзiў туды, апроч тых дзён, калi гэтаму перашкаджала найвышэйшая сiла.