Яна выйшла, а прыезджы застаўся стаяць перад камiнам, люта гледзячы на мiстэра Хенфры, якi рамантаваў гадзiннiк (так гаварыў потым сам мiстэр Хенфры). Майстар гадзiннiкаў паставiў лямпу блiзка каля сябе, i зялёны абажур кiдаў яркае святло на яго рукi i на часткi механiзма, пакiдаючы амаль увесь пакой у цянi. Калi ён падымаў галаву, перад вачамi ў яго плавалi рознакаляровыя плямы. Хенфры быў цiкаўным чалавекам, таму ён вынуў механiзм, - хаця ў гэтым не было рашуча нiякай патрэбы, - разлiчваючы зацягнуць работу i, хто ведае, можа, нават завязаць з незнаёмцам размову. Але той стаяў маўклiва, не рухаючыся з месца. Ён стаяў так цiха, што гэта пачало дзейнiчаць мiстэру Хенфры на нервы. Яму падалося нават, што ён адзiн у пакоi, але падняўшы вочы, перад якiмi адразу паплылi зялёныя плямы, ён убачыў у шэрым змроку нерухомую фiгуру з забiнтаванай галавой, што ўтаропiлася на яго вялiзнымi сiнiмi акулярамi. Гэта было так страшна, што з хвiлiну абодва стаялi нерухома, гледзячы адзiн на аднаго. Потым Хенфры апусцiў вочы, нiбы выбiраючы мiшэнь для падрыхтоўчага стрэлу.
- Надвор'е... - пачаў ён.
- Хутка вы закончыце i пойдзеце адсюль? - сказала нерухомая фiгура, вiдавочна, ледзьве стрымлiваючы гнеў. - Вам толькi i трэба было ўмацаваць гадаiннiкавую стрэлку на восi, а вы тут кешкаецеся без толку.
- Зараз, судар... адну хвiлiну... Я выпусцiў з-пад увагi... - i мiстэр Хенфры паспешлiва закончыў работу i выйшаў, моцна, аднак, раззлаваны.
- Каб яго чорт узяў! - бурчэў ён сам сабе, крочачы па заснежанай вулiцы. - Трэба ж калi-небудзь праверыць гадзiннiк... Скажыце, калi ласка, i паглядзець на яго нельга. Чорт ведае што... Мусiць, нельга. Ён так забiнтаваны i захутаны, нiбы яго адшуквае палiцыя.
Калi мiстэр Хенфры дайшоў да вугла, ён убачыў Хола, якi нядаўна ажанiўся з гаспадыняй карчмы "Кучар i конi", дзе спынiўся незнаёмец; Хол вяртаўся са станцыi Сiдэрбрыдж, куды ён вазiў на айпiнгскiм амнiбусе выпадковых пасажыраў. Як ён кiраваў, было ясна, што Хол крышку клюнуў у Сiдэрбрыджы.
- Як пажываеце, Тэдзi? - звярнуўся ён да Хенфры, калi параўняўся з iм.
- У вас спынiўся нейкi падазроны тып, - сказаў Тэдзi.
Хол, абрадаваны выпадкам пагаварыць, нацягнуў лейцы.
- Што такое? - спытаўся ён.
- У вас у карчме спынiўся нейкi падазроны тып, - паўтарыў Тэдзi. Далiбог! - I ён пачаў з вялiкай жвавасцю апiсваць Холу дзiўнага госця. Выглядае ён... проста страх! Калi б гэта быў мой дом, я, зразумела, палiчыў бы за лепшае ведаць у твар свайго пастаяльца, - сказаў ён. - Але жанчыны заўсёды даверлiвыя, калi справа тычыцца чужых людзей. Ён пасялiўся ў вас, Хол, i нават не сказаў, як яго завуць.
- Няўжо? - спытаўся Хол, якi не вызначаўся асаблiвай кемлiвасцю.
- Так, - пацвердзiў Тадзi. - Ён зняў пакой на тыдзень. Хто б ён нi быў, вам нельга будзе адчапiцца ад яго раней, чым праз тыдзень. I ён кажа, што ў яго куча багажу, якi прывязуць заўтра. Будзем спадзявацца, што гэта не скрынкi з камянямi.
Тут ён расказаў, як нейкi прыезджы з пустымi чамаданамi абдурыў яго цётку ў Гасцiнгсе. Зразумела, размова з Тэдзi разбудзiла ў Хола нейкае няпэўнае падазрэнне.
- Ну, паехалi, дзядуля, - звярнуўся Хол да свайго каня. - Трэба навесцi парадак.
А Тэдзi, аблегчыўшы душу, пайшоў сваёй дарогай ужо ў лепшым настроi.
Аднак, замест таго, каб наводзiць парадак, Холу пасля вяртання дадому давялося выслухаць шмат папрокаў за тое, што ён так доўга прабыў у Сiдэрбрыджы, а на свае нясмелыя пытаннi пра новага пастаяльца ён атрымаў рэзкiя, але ўнiклiвыя адказы. I ўсё ж зерне падазрэння, кiнутае майстрам гадзiннiкаў у душу Хола, дало свае парасткi.
- Вы, бабы, нiчога не разумееце, - сказаў мiстэр Хол i вырашыў пры першым жа зручным выпадку даведацца больш падрабязна пра падазронага прыезджага.
I пасля таго, як пастаялец накiраваўся ў сваю спальню, - гэта было прыкладна палова дзесятай, - мiстэр Хол з даволi задзiрлiвым выглядам увайшоў у гасцiную i стаў уважлiва аглядваць мэблю сваёй жонкi, быццам бы жадаючы паказаць гэтым, што тут гаспадар ён, а не прыезджы; ён пагардлiва зiрнуў на аркуш паперы з матэматычнымi вылiчэннямi, якi забыўся пастаялец. Кладучыся спаць, мiстэр Хол параiў жонцы ўважлiва прыгледзецца - што за багаж заўтра прывязуць пастаяльцу.
- Калi ласка, не лезь не ў сваю справу, - абарвала яго мiсiс Хол. Глядзi лепш за сабой, а я i без цябе ўпраўлюся.
Яна тым больш злавалася на мужа, што прыезджы сапраўды быў нейкi дзiўны, i ў душы яна сама трывожылася. Ноччу яна раптам прачнулася, убачыўшы ў сне вялiзныя белыя вiрлавокiя галовы, падобныя на бручку, якiя гналiся за ёй на доўгiх, выцягнутых шыях. Але яна была жанчына разважлiвая, таму перасiлiла свой страх, павярнулася на другi бок i зноў заснула.
Раздзел III
ТЫСЯЧА I АДНА БУТЭЛЬКА