Радаслаў Буслейка, якi, цяжка дыхаючы i пацеючы, старанна вышкробваў з акопа жаўтапёс, адкiнуў убок рыдлёўку, уталопiўся позiркам у процiлеглы бераг. Вiдовiшча ўражвала. Салдаты СЦ, насуперак бадзёраму прагнозу капiтана Хвалiбога, пачалi фарсiраваць вадасховiшча. Прытым не на лодках i не на пантонах. Яны проста iшлi па люстраной хвалiстай паверхнi, быццам па цвёрдай зямлi. Здавалася, нечаканыя моцныя маразы ўкавалi ваду i на ёй лёг лёд. Але ж хвалi жвава беглi на жоўты ўзбярэжны пясок i да зiмы было дужа далёка.
- Нейкая д'ябальшчына атрымлiваецца, капiтан, - сказаў Буслейка Хвалiбогу, якi акапаўся праваруч. Толькi гаваркi капiтан чамусьцi маўчаў. Калi ж Буслейка павярнуўся да яго, то ўбачыў, што хвацкi ваяка ўткнуўся носам у пясок i... спiць, ды так мiрна, так лагодна, як маленькае хлапчанё ў мацi на руках. "Страла была са снатворным або атрутай", - здагадаўся Радаслаў i крыкнуў гвардзейцам: - Цягнiце свайго шэфа ў амфiбiю!
А шышкагаловiкi тым часам наблiжалiся. Праўда, вогненны вал спынiўся перад самай вадой.
- Камандуй, - нецярплiва сказаў Карл Радаславу.
- Чаму я? - здзiвiўся Радаслаў.
- А хто? Капiтану сама меней з гадзiну трэба баю-баiнькi спяваць. Гвардзейцы, як i паложана, вушамi стрыгуць, каб пачуць каманду ад вышэйшага начальства. А ты ў нас самы галасiсты. Камандуй.
"Ну й немец, - падумаў Радаслаў. - Усё ў яго разлiчана, узважана i на кожную рыбку свой кручок маецца. А зараз можа адбыцца някепскi бой. Зараз пойдзе, як пiсалi аўтары рыцарскiх раманаў, вастрыё супраць вастрыя".
- Падрыхтавацца! - закрычаў ён, са здзiўленнем прыслухоўваючыся да свайго звонкага камандзiрскага голасу. - Страляем залпам! Кожны бярэ на мушку бластэра свайго шышкагаловiка! Агонь!
Ярка ўспыхнулi вострыя вузкiя прамянi, пракалолi, прашылi паветра. Некалькi шышкагаловiкаў - тры цi чатыры - упалi, але не пайшлi на дно, а засталiся нерухома ляжаць на паверхнi вады.
- Бластэр сваю дзiрачку знойдзе, - задаволена сказаў побач Карл Гакенхольц, i Буслейку раптам не спадабалася гэта ягоная задаволенасць. "Тэўтон, нашчадак тэўтонаў, - падумаў Буслейка. - Кроў для iх калiсьцi была, як вада. Хаця, цi ёсць у гэтых шышкагаловiкаў кроў?"
Плямаў крывi ён, як нi напружваў зрок, не ўбачыў, але i яму, i Карлу, i гвардзейцам адразу кiнулiся ў вочы нейкiя празрыстыя верацёнападобныя фiгуры, якiя з'явiлiся над целамi забiтых. Кожная такая фiгура, калi ўважлiва прыгледзецца, вылётвала з цеменi мёртвага шышкагаловiка i завiсала над iм у паветры на вышынi ў пяць-шэсць метраў. З целам шышкагаловiка яе злучала дрыготкая вузенькая палоска, падобная на срэбную нiтку.
"Старая Цывiлiзацыя - цывiлiзацыя капiiстаў, капiравалыдчыкаў, здагадаўся Радаслаў. - Яна слепа, хоць i вельмi таленавiта, капiруе чалавечую цывiлiзацыю. Вось i гэтыя празрыстыя верацёны, гэтыя астраўкi ранiшняга туману не што iншае, як жывая душа, што вылецела са скляпенняў мёртвага цела. Значыць, праўду казалi людзi, якiя пабывалi ў абдымках клiнiчнай смерцi i пэўны час глядзелi зверху на сваю нежывую плоць, на ўрачоў i ўсю бальнiчную палату. Значыць, ёсць неўмiручая таямнiчая субстанцыя, ёсць Я, несмяротнае вечнае ядро кожнай асобы, якое жыве ў целе, нiбы ў скафандры, у панцыры, а пасля смерцi гэтага фiзiчнага цела-сховiшча пакiдае яго, каб перасялiцца ў новае".
Тым часам шышкагаловiкi пачалi стралянiну ў адказ, лiшнi раз пацвердзiўшы здагадку Радаслава, што яны тыповыя прадстаўнiкi цывiлiзацыi капiiстаў. У руках у iх аднекуль з'явiлiся цёмныя прадметы, падобныя на славуты аўтамат Калашнiкава, i на акопы гвардзейцаў пасыпаўся ярасны град... патронаў. Гэта нават былi не патроны, а iхнiя мiнiяцюрныя каменныя копii, вядома, без гiльзаў i без куль.
- Страляем па "срэбных нiтках"! - закрычаў Буслейка. - Дакажыце, гвардзейцы, што вы снайперы!
Праз нейкi мiг усе "срэбныя нiткi" былi знiшчаны i ўсе мёртвыя шышкагаловiкi адразу ж пайшлi на дно, а верацёнападобныя празрыстыя фiгуры знiклi, растварыўшыся ў паветры. "Ёсць, ёсць у кожнага жывога чалавека жывая душа, - усхвалявана думаў Радаслаў. - Старадаўнiя летапiсцы пiсалi, што полацкi князь Усяслаў Чарадзей мог ператварацца ў "воблака", у "светлую хмару". Колькi вучоных мужоў лiчылi гэты даказаны факт рэлiгiйнымi забабонамi, мастацкай гiпербалай. А ў князя, якi, нiбы нiкчэмны раб, быў кiнуты ў цёмны падземны поруб на брудную салому, уначы лётала (!) душа (!), каб набрацца моцы ад званоў наддзвiнскай Сафii. У рэшце рэшт чалавецтва аказалася куды больш складаным i загадкавым, чым думалi матэрыялiсты".
Ацалелыя шышкагаловiкi, сустрэўшы супрацiўленне, адступiлi i разам з вогненным валам па заходнiм беразе Пятровiцкага вадасховiшча пачалi прабiвацца на поўнач, у напрамку пасёлка Волма. Там iх ужо чакалi атрады рэспублiканскай гвардыi i мясцовай самаабароны. Магутныя экскаватары i бульдозеры капалi глыбокi роў. Дачнiкi, грыбнiкi, хутаранцы i дзецi з аздараўляльных спартыўных школ на аўтамабiлях i верталётах спяшалiся ў Менск, Волму, Калодзiшчы або проста на Маскоўскую шашу, якая поўнасцю кантралявалася вайскоўцамi.