- А я думаў, што нас падключаць да разетак i будзем мы харчавацца электрычнасцю, - змрачнавата пажартаваў Клён, бо тутэйшая кулiнарыя глыбока яго расчаравала.
- Як гэта падключаць? - не зразумела Вера.
- Ноздрамi, - адрэзаў Клён. Маючы вельмi няпросты характар, ён зноў пачаў злаваць на Веру Хрысцiнюк, успомнiўшы яе салодкiя ўсмешачкi i буркатлiвы галасок, калi яна размаўляла з ягоным бацькам.
- Малады чалавек, хiба так сапраўдныя джэнтльмены размаўляюць з дамай? I не забывайся, што мы твае хросныя мацi i бацька, - паспрабаваў перавесцi ўсё на жарт Радаслаў, ды не надта атрымалася.
Так супала, што на планеце Вар адзначаўся Дзень Забiтага Брата. З самай ранiцы сотнi тысяч плазмоiдаў павольна i ўрачыста ляцелi ў бок Ракi Адноўленых Твараў, прычым ляцелi прадстаўнiкi ўсiх сямi кланаў. Старая Цывiлiзацыя арганiзавала шматфарбнае грандыёзнае прадстаўленне, на якое, вядома ж, былi запрошаны i зямляне.