- Нiчога, - перасмыкнуў плячамi Клён. - Здаецца, нiчога. У лiцэi на ўроках працы табурэткi рабiў.
- Табурэткi? Што гэта? Ага, здагадваюся. Гэта такiя прамавугольныя збудаваннi на чатырох слупках. Правiльна? Нам, плазмоiдам, добра - мы абыходзiмся без такiх збудаванняў, я хачу сказаць, без табурэтак. Але не адчайвайся, жыхар не нашай планеты, бо для майстравання табурэтак таксама патрэбен розум, i немалы.
Клён, вiдно па ўсяму, быў задаволены вердыктам, якi вынес ягоным разумовым дасягненням плазмоiд. А гаваркi Талеркiй Жоўты 106, адцяснiўшы свайго сiняга сабрата, расцякаўся шматслоўем.
- Розум Народа Ўсiх Сямi Колераў вырашыў, як вы ведаеце, заключыць з бялковай цывiлiзацыяй, з чалавецтвам вечны мiр. Мы зразумелi, што пераможцаў у тысячагадовай барацьбе не будзе, што вышэй жыцця, у якiх бы формах яно нi iснавала, нiчога няма. Вышэй - смерць. I наша, i, прабачце, ваша. А барацьба вялася жорсткая. Асмелюся спытаць вас, жыхар не нашай лланеты, - звярнуўся ён да Радаслава, - што вы можаце сказаць пра пасажырскае судна "Тытанiк"?
Пра "Тытанiк"? - Буслейка наморшчыў лоб. - Буйнейшы карабель пачатку дваццатага стагоддзя. Пабудаваны ў Вялiкабрытанii. Вадазмяшчэннем, калi не памыляюся, каля сарака сямi тысяч тон. Даўжынёй дзвесце шэсцьдзесят дзевяць метраў. Ужо тады плавалi ў морах такiя мастадонты. У красавiку 1912 года сутыкнуўся з гiганцкiм айсбергам i пайшоў на дно. Загiнула каля паўтары тысячы пасажыраў. Вось i ўсё, што я помню.
- Памяць у вас выдатная, - пахвалiў плазмоiд. - Толькi наконт айсберга ў вас недакладная, а калi гаварыць шчыра, зусiм няправiльная iнфармацыя.
- Чаму? - здзiвiўся Радаслаў. - Увесь свет гэта ведае. Прэса пiсала. Засталiся жывыя вiдавочцы.
- Таму, што айсберга не было, а была падводная таранная машына, якую вынайшлi i зрабiлi ў глыбокай тайне ад Старой Цывiлiзацыi фiялетавы i чырвоны кланы.
- Але ж айсберг быў. Цэлая ледзяная гара!
- Гэта быў муляж. Унутры так званага айсберга была ўманцiравана наймагутнейшая таранная машына са стальным бiўнем даўжынёй у сто метраў. Воданепранiкальныя перагародкi "Тытанiка" ён прабiў, як iголка прабiвае мяккую тканiну.
- Не веру, - матнуў галавой Клён. - Я глядзеў кiнафiльм "Гiбель "Тытанiка".
- I я не веру, - падтрымала яго Вера Хрысцiнюк. - I не бачу нiякага сэнсу ў гэтай бандыцкай, iнакш не скажаш, акцыi.
- Старая Цывiлiзацыя сурова асудзiла напад фiялетавага i чырвонага кланаў на "Тытанiк", - павольна, з адчуваннем уласнай годнасцi загаварыў Талеркiй Жоўты 106. - З таго часу, можна сказаць, i пайшла глыбокая трэшчына ў жывым целе народа плазмоiдаў. Фiялетавы i чырвоны кланы аддзялiлiся ад нас i працягваюць па сённяшнi дзень атакаваць чалавецтва. А калi гаварыць пра сэнс таго, што адбылося ў туманах i хвалях халоднай Атлантыкi, дык гэта было папярэджанне чалавецтву i помста.
- За што? - спытаў Буслейка.
- За тэхнiчны прагрэс, за пахвальбу i непамерныя амбiцыi.
- Калi помсцiць кожнаму, хто не так, як паложана, паглядзiць на веласiпед i задумае прыкруцiць да яго нейкую новую гайку, дык мы апынемся ў каменным веку.
- Згодзен з вамi, жыхар не нашай планеты. Старая Цывiлiзацыя, добра зразумеўшы тую небяспеку, якую прынясе ўсiм нам бясконцая i, самае галоўнае, бяссэнсавая канфрантацыя, рэзка асудзiла фiялетавы i чырвоны кланы. Зараз мы ваюем не з вамi, а з гэтымi двума кланамi - адшчапенцамi. Вы ўчора бачылi, як мы ваюем.
- Гэта было жахлiва, - сказала Вера Хрысцiнюк.
- Учора адшчапенцы пацярпелi паражэнне, адступiлi, - не звярнуўшы ўвагi на яе словы, працягваў Талеркiй Жоўты 106. - Але ў iх яшчэ шмат сiлы. Яны трымаюць пад сваiм кантролем адну трэць планеты Вар, у тым лiку вулкан Нябесны Зуб, дзе робяць i трэнiруюць полчышчы Жалезных Людзей.
- Робатаў? - спытаў Клён.
- Так. Жалезныя Людзi, змайстраваныя iмi, залiваюць бетонам паверхню ўсёй планеты, не пакiдаючы нiчога жывога. Вы спытаеце: навошта? Можна даць некалькi адказаў. Першы i, вiдаць, галоўны - яны хочуць, выцеснiўшы з Вара астатнiя пяць кланаў, пабудаваць помнiк самiм сабе. Вам, людзям, цяжка зразумець такое. Вы ўзводзiлi i зараз яшчэ ўзводзiце помнiкi некаторым дзеячам, якiх лiчыце вартымi пасмяротнай увагi i славы. Вы значна сцiплейшыя, чым яны, бо фiялетавы i чырвоны кланы прагнуць калектыўнага самаўслаўлення. Планета Вар, гладка залiтая бетонам, будзе павялiчанай копiяй плазмоiда, што вечна плавае ў касмiчнай прасторы, прычым адна палова яе будзе пафарбавана ў фiялетавы колер, другая - у чырвоны. Два гэтыя кланы - i ўсё. I нi жоўтага, нi зялёнага, нiякага...
Падалося, што Талеркiй Жоўты 106 усхлiпнуў.
- Няўжо гэта так важна? - асцярожна пацiкавiўся Радаслаў. - Няўжо з-за таго, у якi колер афарбавана планета, можна распачынаць жорсткую вайну?
- Якiя вы дзiўныя i незразумелыя, прадстаўнiкi бялковай цывiлiзацыi, уздыхнуў плазмоiд. - Пэўна, вы дальтонiкi. Ды колер гэта - усё. Разумееце? Усё. Як можна iснаваць мне i майму зялёнаму клану, калi планета Вар будзе толькi фiялетавай i толькi чырвонай? Дзеля чаго мы будзем iснаваць?