Пяцiног, чакаючы Радаслава Буслейку, павольна хадзiў-перакочваўся па спецыяльна для яго пракладзенай Дарожцы Ўспамiнаў. Гэта дарожка была зроблена ў круглай зацемненай зале i ўяўляла сабой вузкую, шырынёю да сарака сантыметраў, металiчную стужку, на якой былi запiсаны малюнкi-вобразы Сiняй Зоркi, радзiмы Пяцiнога. Калi адначасова дзве нагi дакраналiся да шурпатай цёмна-сiняй Дарожкi Ўспамiнаў, спрацоўвала электрамагнiтнае рэле, пасылаючы хвалепадобны iмпульс у мозг Пяцiногу. Акрамя Пяцiнога ў зале знаходзiлiся пятнаццаць чырвоных i пятнаццаць фiялетавых плазмоiдаў. Яны з найвялiкшай пачцiвасцю кружылiся над Ультрамозгам, Уладаром Таямнiцы, суправаджалi яго ў задумлiва-мройных блуканнях па Дарожцы Ўспамiнаў, з'яўляючыся як бы своеасаблiвым ганаровым эскортам. Часам Пяцiног прыпыняўся, замiраў, толькi залацiстае або жоўта-зялёнае святло лагодна пульсавала, мякка струменiлася ва ўсе бакi. Тады i плазмоiды замiралi над iм i ў зале пачынала звiнець абсалютная цiшыня. Немагчыма было паверыць, што непадалёку адсюль, у гэтай жа падэшве старога тысячагадовага вулкана, люта грымiць гарачы молат, знясiлена скрыгоча жалеза.
Пяцiногу бачылася бязмежная прастора Сусвету, чорны мiжгалактычны калiдор, i ў самым канцы, як надзея, як поклiч, як апафеоз усяго - Сiняя Зорка. Там востра ўразаюцца ў неба сiнiя металiчныя слупы, ззяюць азёры, напоўненыя ртуццю, рассыпаюцца i зноў злучаюцца ў адно цэлае мiльёны блiскучых адпалiраваных касмiчным ветрам шароў i шарыкаў. Гэтыя шары i шарыкi, цяжка грукаючы, збiваюцца ў агромнiстыя рухомыя горы, падступаюць да стромкiх адкаваных з метэарытаў сцен Палаца Розуму i адразу ж ператвараюцца ў прах, у нiкчэмны пыл, бо нельга iм, сляпым шарам i шарыкам, хоць на iмгненне, хоць у думках параўнацца з тымi, што жывуць i мысляць за метэарытнымi сценамi. А жывуць i мысляць там несмяротныя, якiя абралi формай свайго цела залацiстую зорку, якiм падуладны Ўчора, Сёння i Заўтра...
Жалезныя Людзi прывялi Радаслава Буслейку да Пяцiнога, i самi спынiлiся каля ўвахода. Стрэсаператар жа прайшоў у самы цэнтр залы, сеў на крэсла-вяртушку.
- Ультрамозг, Уладар Таямнiцы, вiтае цябе, жывая iстота з планеты Зямля, - урачыста данеслася з таямнiчага паўзмроку, i Пяцiног зноў пайшоў-пакацiўся па Дарожцы Ўспамiнаў. Следам за iм, як бы прыцягнутае магнiтам, пачало павольна кружыцца Радаславава крэсла.
- Называй мяне чалавекам, а не iстотай, - з годнасцю сказаў Буслейка. I адпусцi на волю маю спадарожнiцу i мяне. Нiхто не мае права трымаць у палоне грамадзян з планеты Зямля.
- Нават я? - спытаў Пяцiног.
- Нават ты.
Падалося, што Пяцiног ледзь-ледзь запаволiў сваю ўрачыстую кругавую хаду, але, пэўна, гэта толькi падалося. Як стрэлка гадзiннiка на цыферблаце, ён працягваў няспынны рух. Радаслаў Буслейка, седзячы ў крэсле-вяртушцы, чакаў, чым скончыцца гэтае маляўнiчае, у нечым тэатральнае шэсце.
Нарэшце Пяцiног спынiўся, i адразу ж спынiлiся плазмоiды.
- Вы, жыхары планеты Зямля, невылечна хварэеце антрапацэнтрызмам, загаварыў Пяцiног, быццам ягоная размова з Радаславам не перарывалася нi на хвiлiну. - Вы атоесамлiваеце эвалюцыю ўсяго жывога з развiццём чалавечага мозгу. А гэта далёка не адно i тое ж; З'яўленне вашага розуму - вынiк гульнi сляпога выпадку, неабавязковае здзяйсненне адной з многiх раўнацэнных магчымасцей эвалюцыi жывога. А цi задумвалiся вы, што так званае развiццё ад малпы да чалавека можа ўспрымацца той жа малпай як перамена не ў лепшы, а, наадварот, у горшы бок?
- Не ведаю, цi займалiся такой праблемай зямныя вучоныя, а я аб гэтым не думаў, - прызнаўся Радаслаў.
- Цудоўна, - задаволена зрабiў абарот вакол сваёй восi Пяцiног. Значыць, мы на Сiняй Зорцы не памылялiся. Значыць, у бясконцых прасторах Метагалактыкi, якая ўмяшчае ў сябе некалькi мiльярдаў галактык, толькi Ўльтрамозг, Уладар Таямнiцы, беспамылковы, бяспройгрышны, бо iдзе цэнтральным шляхам пазнання, а ўсе астатнiя, у тым лiку i чалавечая цывiлiзацыя планеты Зямля, тупiковыя сцяжынкi ў нiшто. Я - частка Ўльтрамозга, Уладара Таямнiцы з Сiняй Зоркi. Як я ганаруся гэтым!
На нейкi мiг падалося, што зараз Пяцiног затанцуе.
- Навошта ж табе мая спадарожнiца i я, калi ты такi звышмудры? - спытаў Буслейка.
- Пазнанне не ведае межаў, - паблажлiва сказаў Пяцiног. - Нават мы, несмяротныя з Сiняй Зоркi, павiнны асвойваць усё новыя i новыя экалагiчныя нiшы.
- Вы несмяротныя? - перапытаў Радаслаў. - I ў гэтым, як я пачынаю здагадвацца, ваша таямнiца?
- Так. Ты правiльна здагадаўся.
- Нiколi не верыў, што калi-небудзь сустрэну несмяротнага, - пасля маўчання раздумлiва прамовiў Радаслаў. - Нiколi не верыў... Хаця чаму здзiўляцца? Яшчэ ж блажэнны Аўгусцiн сказаў: "Цуды не супярэчаць прыродзе, яны супярэчаць толькi вядомай нам прыродзе". А зараз перада мной - невядомая прырода. I я рады, вельмi рады такой сустрэчы, хоць, магчыма, мне пагражае смяртэльная небяспека. Ён пацёр правай рукой лоб, папрасiў: - Адпусцi жанчыну i мяне.
- Я павiнен правесцi эксперымент. Эксперымент - вышэй за ўсё, - жорстка сказаў Пяцiног.