Жалезныя Людзi ў рэшце рэшт растапталi Кука. I тады не адна, не дзве, а дзесяткi маланак ударылi з плазменнага шчыта i пачалося знiшчэнне робатаў. Клён бачыў, як адважна махаюць яны чорнымi прутамi, як робяцца вiшнёвымi ад лютай гарачынi, як напачатку тоненькiмi, а неўзабаве шырокiмi бурлiвымi ручаямi расцякаюцца iхнiя металiчныя грудзi i ногi. На вачах яны ператваралiся ў блiскучыя лужыны. Захапiўшыся разгромам Жалезных Людзей, чатыры кланы прапусцiлi момант, калi фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды апынулiся ў iхнiм тыле, прарваўшыся праз адтулiны ў шчыце. Толькi аднойчы назiраў Клён нешта падобнае. Тры гады назад разам з бацькам ляцелi яны ў аэробусе ў Стакгольм i над Балтыйскiм морам трапiлi проста ў эпiцэнтр навальнiцы. За iлюмiнатарамi было мора агню, найярчэйшыя ўспышкi, гарматная стралянiна грому, вогненна-пякучая павуцiна маланак, што апляла ўсю нябесную сферу. I горы воблакаў. То снежна-белыя, то чырвоныя або карычневыя. У гэтым жахлiвым месiве вялiзны цяжкi аэробус шпурляла ўверх i ўнiз, як дзiцячы паветраны шарык. Зараз у тунелi Клён перажываў такое ж самае спусташэнне душы, калi чалавек перакананы, што праз адну-дзве хвiлiны скончыцца жыццё. Яго падхапiў гарачы вiхор, кiнуў на цвёрдую шурпатую сцяну. Ён, безумоўна, разбiўся б, але некалькi плазмоiдаў акружылi яго, i ў лiчаныя iмгненнi ён апынуўся ўнутры своеасаблiвай ахоўнай капсулы з празрыстымi сценкамi. Капсулу матляла ў бакi, i Клён упiраўся рукамi i нагамi, стараючыся ўтрымацца ў вертыкальным становiшчы. Наўкол грымела жорсткая бiтва. Яркiя вострыя прамянi разразалi змрок. Вось адзiн з такiх смертаносных прамянёў выпусцiла, выстралiла з сябе Клёнава капсула, i чырвоны плазмоiд, што iшоў, здавалася, на таран, аглушальна лопнуў, разляцеўся на кавалачкi.
Сiлы былi няроўныя. Фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды адступiлi з тунеля ў кратэр. З робатаў не ацалеў нiводны.
Клён iмклiва ляцеў у капсуле, азiраўся па баках - хацеў убачыць Аюса з жывёламi. Але iх нiдзе не было. Усюды валялася пабiтае, папаленае жалеза. Плазмоiды чатырох кланаў густым роем кiравалiся туды, дзе вiднеўся ўваход у кратэр. Там ззяў круглячок святла.
У гэты час Пяцiног, сабраўшы вакол сябе рэшткi плазмоiдаў i робатаў з Залы Новых Нараджэнняў, загадаў прывесцi Радаслава Буслейку i Веру Хрысцiнюк. Зямляне прыйшлi, трымалiся незалежна i горда. Вера абапiралася аб Радаславава плячо.
- Я памылiўся, - сказаў Пяцiног. - Хоць Ультрамозг, Уладар Таямнiцы, не можа памыляцца, але я гатовы прызнаць уласную памылку, адзiную за трыста шэсць апошнiх гадоў. Мне патрэбна было правесцi эксперымент не над мужчынам i жанчынай, а над падлеткам па iменi Клён. Яго, як мне вядома, называюць Гарантам Вечнага Шру.
Пры гэтых словах фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды захвалявалiся, абурана зашумелi:
- Дзе ён?!
- Адшукай i знiшчы яго, Ультрамозг, Уладар Таямнiцы!
- Ён вось-вось будзе тут, перад намi, - папераджальна выставiў уперад тры свае нагi Пяцiног. - Праз гранiт i застылую лаву я ўжо бачу, як iмчыцца ён сюды, знаходзячыся ўнутры нейкага сасуда. Ага - ён знаходзiцца ў капсуле, а гэту капсулу стварылi сваiмi целамi аранжавыя, жоўтыя, зялёныя i блакiтныя плазмоiды. Чамусьцi не бачу сярод iх сiнiх. Дзе сiнiя плазмоiды?
- Яны пачалi атаку з паўночнага боку вулкана, - адказалi яму.
- Дурнi, - засмяяўся Пяцiног. - Роўна праз сто чатыры гады прыляцiць мiжгалактычны ўльтралёт з Сiняй Зоркi. Я хацеў узяць iх з сабой.
- Вазьмi нас, - залемантавалi фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды.
- Сваiм колерам яны вельмi i вельмi тасавалiся б да пейзажаў Сiняй Зоркi, - быццам не пачуўшы iх, казаў далей Пяцiног. - Але яны (о неразумная дзiкая плазма!) пайшлi вайной на мяне, Ультра-мозга, Уладара Таямнiцы, быццам я не даваў iм iнтэлектыт i не вылучаў iхнi колер з усiх астатнiх колераў.
- Вазьмi нас, - зноў узвысiлi голас фiялетавыя i чырвоныя плазмоiды.
- Чаго або каго вы баiцёся? - нарэшце звярнуў на iх увагу Пяцiног. Бялковых смертных iстот? Дык вось дзве такiя iстоты стаяць перад вамi. Я ўзяў iх у палон i магу зрабiць з iмi ўсё, што толькi захачу. А можа, вы смерцi баiцёся? Дык у вас жа ёсць Рака Адноўленых Твараў. Праз нейкi час пасля свайго знiкнення вы зноў адновiцеся. I так - вечна. Чаго ж вы хочаце?
- Знiшчы з Зямлi падлетка па iменi Клён! - хорам закрычалi плазмоiды. Забi таго, каго назвалi Гарантам Вечнага Мiру! Мы жадаем, мы прагнем бясконцай вайны з Бялковай Цывiлiзацыяй!
- Няўжо вам так хочацца вайны? - цiхiм голасам сказаў Радаслаў Буслейка, але яго адразу ж пачулi. - Як мне вядома, пяць кланаў плазмоiдаў, пяць кланаў вашых братоў заключылi мiр з чалавецтвам. Я сам бачыў, як гарэла зялёная трава i плавiўся пясок на беразе Пятровiцкага вадасховiшча. Няўжо толькi на гэта здольна Старая Цывiлiзацыя? Мы - антыподы. Але мы разам iснуем у Сусвеце. Давайце iснаваць паралельна, мiрна, не скрыжоўваючы кап'ё i меч. Напачатку было Слова...
- Напачатку была Зброя! - крыкам перарвалi яго плазмоiды.
- Любоў... - казаў далей Радаслаў.
- Нянавiсць! - яшчэ гучней закрычалi плазмоiды.