Пяцiног рэзка ўзвiў угору свае ногi, скрыжаваў iх, сплёў у шчыльнае кола, а сам завiс у паветры i зрабiўся падобны на лятаючую талерку. Адразу пад iм з'явiўся невялiчкi лужок з аксамiтнай, роўна падстрыжанай травой, з блакiтным мячыкам на гэтай траве, з дзецьмi, светлавалосым пульхнашчокiм хлопчыкам гадоў трох i такой жа дзяўчынкай, якiя весела цягнулi ручкi да мячыка. Сiнякрылая страказа, як iскрынка, успыхнула над лужком, пакружылася, палётала i села на далоньку дзяўчынкi. Вера Хрысцiнюк, ледзьве-ледзьве расплюшчыўшы вочы, замiлавана глядзела на гэту iдылiчную сцэнку. Само шчасце ззяла ў позiрку.
Плазмоiды пяцi кланаў (падляцеў i сiнi клан) зноў пагражальна зашыпелi, пачалi ўсё блiжэй падплываць да Ўльтрамозга, Уладара Таямнiцы. Ён iмгненна знiшчыў, сцёр мiраж, прыняў форму зоркi, сказаў урачыстым голасам:
- Ведайце, што я - Бязмежны ў Часе, Несмяротны i Неразбуральны. Што б вы нi рабiлi, што б нi хацелi зрабiць, я буду iснаваць. Энергiя Сiняй Зоркi, якая пульсуе ўва мне, маё астральнае поле могуць скрыўляць Час, бо Час таксама матэрыяльны, могуць прыспешваць або замаруджваць яго. Гэту iстоту, гэту жанчыну з планеты Зямля вы ўжо нiяк не вернеце. Нiяк.
- Я ведаю, як вярнуць яе! - крыкнуў Клён Дубровiч, i вочы ягоныя заблiшчалi.
- Ты? - здзiвiўся Ўльтрамозг, Уладар Таямнiцы. - Яе можна вярнуць толькi мёртвай, вярнуць толькi абалонку.
- Ты вернеш гэту жанчыну жывую, бо замест яе да цябе пайду я.
Наступiла раптоўная цiшыня. Было чутно, як недзе высока-высока пад воблакамi, а можа, i за воблакамi, крычыць страб, было чутно, як грукоча Клёнава сэрца.
"Што ты надумаў, сынок?! Што ты гаворыш?! - Як усплёск маланкi, як пажарная сiрэна, пранiзаў Клёнаву душу роспачны голас-крык мацi, голас Бярозкi Дубровiч - мазгаграма з далёкай Зямлi. - Апамятайся! Спынiся! Мы з бацькам не зможам жыць без цябе!"
Твар Клёна пабялеў, вусны пакутлiва скрывiлiся, ён пацёр далонямi скронi, цiха сказаў:
- Вы ж самi вучылi мяне... Я - зямлянiн. Я - мужчына. Я павiнен абаранiць жанчыну з планеты Зямля. Вы ж самi вучылi мяне.
ЧАЛАВЕК, СЫН ЧАЛАВЕКА
XIII
Усе тэлестанцыi i радыёстанцыi Зямлi, перарваўшы свае перадачы, лiтаральна прастрэлiлi эфiр трывожным сенсацыйным паведамленнем:
"Як толькi што стала вядома, на планеце Вар вернута жыццё пятнаццацiгадоваму падлетку з мегаполiса Менск Клёну Дубровiчу. Гэта той самы падлетак, якога называлi Гарантам Вечнага Мiру. Такiм чынам, закладзены краевугольны камень у падмурак добрасуседскiх мiрных адносiн Старой Цывiлiзацыi i зямлян. Але гадзiну назад Клён Дубровiч, ратуючы жыццё Веры Хрысцiнюк, добраахвотна стаў заложнiкам нейкай нявысветленай iстоты або сiстэмы з пакуль што невядомай нашым астраномам планеты Сiняя Зорка. Клён Дубровiч ахвяраваў сабой. Грамадзяне Iндаэўрапейскай Канфедэрацыi Вера Хрысцiнюк i Радаслаў Буслейка, якiя на планеце Вар удзельнiчалi ў ажыўленнi Клёна, знаходзяцца ў бяспечным месцы, рыхтуюцца да вяртання на Зямлю. Больш дакладная iнфармацыя маецца ў рэпарцёра Iндаэўрапейскага тэлебачання Навума Масейкiна".
Праз некалькi iмгненняў на тэлевiзiйных экранах усёй планеты, арбiтальных касмiчных станцый, шахцёрскiх пасёлкаў Месяца i Марса з'явiўся Навум Масейкiн. Ён быў разгублены i не паспеў нават як след прычасаць сваю чарнявую кашлатую чупрыну.
- Спадар Масейкiн, - звярнулася да яго маладзенькая сiмпатычная дыктарка, вочкi ў якой аж гарэлi ад цiкаўнасцi, - якiм чынам вы атрымалi iнфармацыю з планеты Вар?
Масейкiн адкашляўся, прыгладзiў рукою валасы i раптам сказаў:
- Цi ёсць у вас тут хоць глыток мiнералкi? У горле перасохла.
Сiмпатычная дыктарка дужа здзiвiлася - ас тэлерэпартажу, стары тэлевiзiйны воўк, i раптам такi "пракол", такая неахайнасць у жывым эфiры. Але адразу ж забулькала мiнеральная вада. Масейкiн зрабiў некалькi прагных доўгiх глыткоў, выцер вусны беласнежнай насоўкай.
- Iдыёцкая смага, быццам толькi што пешшу адолеў пустыню Сахара, сказаў ён. - А iнфармацыю аб апошнiх падзеях на планеце Вар я атрымаў ад маёй сяброўкi Веры Хрысцiнюк.
- Той самай?
- Так, той самай, якая знаходзiцца ў лапах, а можа, у руках цi нават у нагах (разумееце?) страшыдлы па iменi Ўльтрамозг, Уладар Таямнiцы. Гэта несумненна высокаарганiзаваная разумная iстота ў форме пяцiкутнай зоркi, валодае моцным энергетычным полем, мае на сваiм узбраеннi гiпноз i яшчэ сякiя-такiя штучкi.
- Штучкi? - зачаравана перапытала дыктарка. - Цi не можаце вы, спадар Масейкiн, болын папулярна, болып даходлiва растлумачыць нашым тэлегледачам тое, аб чым расказваеце?
- У гасцях у гэтай зорачкi, - усмiхнуўся Навум, - быў не я, а Вера. Я атрымаў ад Хрысцiнюк мазгаграму, з якой вынiкае, што Ўльтрамозг, Уладар Таямнiцы, нейкiм чынам можа ствараць эфект фата - марганы, складанай, надзвычай рэдкай формы мiража.
- Як цiкава, - прашаптала дыктарка.