- Важна! - закрычалi юнакi i дзяўчаты. - Важна! Ваш сын павiнен стаць першым беларусам, якi атрымае высокае званне.
- Брыльянтавае сэрца, - горка ўсмiхнуўся Гай. - А жывое сынава сэрца хто мне верне яго?
Крыклiвы i гаварлiвы натоўп зацiх. Бацькоўская пакута чорнымi ценямi ляжала на твары ў гiсторыка, i нiхто не хацеў бесцырымоннай шумнай весялосцю пакрыўдзiць яго. Нават калi адзiн чалавек сумуе, павiнна хоць нейкае iмгненне сумаваць уся Зямля. Так павялося памiж людзей ВЭП. На вышынным саракапавярховым будынку Крэдытнага Банка, якi ўвiнчваўся ў неба на вулiцы Заслаўскай непадалёк ад катэджа Дубровiчаў, нехта павесiў вялiкi каляровы партрэт Клёна. Вецер шкуматаў, iрваў палатняны прамавугольнiк. Клёнаў твар то напалову знiкаў, то кiсла моршчыўся, то браўся рухомымi, рознага памеру пухiрамi. Гай глядзеў на сынаў партрэт, i дзiўныя пачуццi вiравалi ў душы. Ён шкадаваў сына i ў той жа час (можа, нават падсвядома) быў злы на яго куды палез, што за рыцарства стукнула ў маладую, яшчэ дурнаватую галаву? Памяццю ж гiсторыка ён (зноў падсвядома) пераносiўся ў далёкую-далёкую мiнуўшчыну, у Канстанцiнопаль, якi ўзялi ў аблогу i хацелi штурмаваць орды сельджукаў. Тады духавенства i абаронцы горада вынеслi на сцены велiзарныя выявы Хрыста i Багамацеры, намаляваныя на палатне. Вецер адразу ж заварушыў iх, распальваючы ярасны агонь фарбаў. "Багi на сцены выйшлi!" - закрычалi да смерцi спалоханыя язычнiкi, пападалi на каленi i ўцяклi, пабеглi ў свае стэпы i пустынi.
- Адзiны, цябе клiчуць да тэлефона, - сказала Бярозка, якая гэтымi журботнымi днямi насiла чорную сукенку, нiкуды не выходзiла i адчувала цiхую нянавiсць да ўсiх шумных натоўпаў - там сын у лапах невядомай пачвары, а яны вiшчаць, гарлапаняць, патрабуюць даць сыну найвышэйшую ўзнагароду планеты. Ды рассыпся прахам гэтая ўзнагарода - абы сын быў жывы i здаровы, быў побач.
Гай узяў тэлефонную трубку. Пакрысе ён пачаў баяцца тэлефонных размоў. Чалавечы голас, асаблiва незнаёмы голас, мог прынесцi нечаканы боль, жахлiвую вестку пра Клёна. Ён браў трубку, i было адчуванне, быццам яго праз некалькi хвiлiн кiнуць у кiпецень.
- Спадар Гай Дубровiч, - рашуча сказала трубка, - вам тэлефануе маёр рэспублiканскай гвардыi Хвалiбог. Якi ў вас крывяны цiск i што вы бачылi ў апошнiм сне?
"Ну й людзi! Божа, - аж застагнаў у думках Гай, - ведаюць, што нелады з сынам, i цiкавяцца, цi добрае самаадчуванне ў ягонага бацькi. Пракляты этыкет! Ды лепей бы мяне абклалi трохпавярховым матам". Але давялося, як i належыць чалавеку ВЭП, пачцiва адказваць на пытанне.
- Нядаўна ўбачыў на тэлеэкране выступленне Навума Масейкiна i тэлефаную вам, - напорыста казаў невядомы Гаю маёр. - Атрад касмадэсантнiкаў колькасцю ў пяцьсот чалавек рыхтуецца да высадкi на планеце Вар. Мне аказаны гонар быць камандзiрам гэтага атрада. Я - чалавек дзеяння. Гэта не прымiтыўная самарэклама, а жыццёвы факт. Клянуся вам, спадар Дубровiч, што ваш сын здаровы i непашкоджаны вернецца на Зямлю. Жывуць Сонца i Кiсларод!
На тым канцы запiкалi кароткiя гудкi. "Лаканiчны чалавек. Добры чалавек", - падумаў Гай.
А праз нейкую гадзiну пазванiў Метэор i па старой дружбе запрасiў у Дом Пераўтварэнняў.
- Для вас у мяне маецца навiнка, - сказаў доктар.
Гай адразу ж згадзiўся, бо трэба было ратавацца ад неадчэпнай трывогi, якая магла скончыцца дэпрэсiяй.
На пятнаццатым паверсе Дома Пераўтварэнняў робаты ўвялi яго ў маленькi круглы пакой, пасадзiлi ў крэсла-вяртушку. Доктар Метэор, як заўсёды, з'явiўся на экране. Гэта было ўжо звычна, як узыход Сонца.
- Вiтаю вас, глыбокашаноўны спадар Дубровiч, i прыношу свае шчырыя спачуваннi, - мякка i журботна сказаў доктар Метэор. - Я, як i ўсе зямляне, упэўнены, што ваш сын неўзабаве прыляцiць дадому i ўсе мы, вашы i ягоныя сябры, зможам абняць Клёна. Дзякуй вам i спадарынi Бярозцы, што выгадавалi патрыёта Зямлi. Я ведаю - вам цяжка. I каб скiнуць гэты цяжар, прапаную паўдзельнiчаць у абсалютна новым цыкле пераўтварэнняў.
- Я згодны, - адразу кiўнуў галавой Гай.
- Але вы яшчэ не ведаеце, аб чым iдзе размова. Паўтараю - гэта зусiм новы, нi на кiм з добраахвотнiкаў не апрабаваны цыкл, i могуць адбыцца нечаканасцi, збоi ў сюжэце пераўтварэння. Вам, калi казаць высакамоўным стылем, прапануецца роля Калумба.
- Нiколi не хварэў калумбiнiзмам, - зморшчыўся Гай, - але згодны ўдзельнiчаць у пераўтварэннi. Давайце пачынаць.
Далей усё пайшло па звыклым сцэнарыi. Маўклiвыя робаты (дарэчы, iм строга забаронена размаўляць з людзьмi, за парушэнне - кавальскi прэс) панеслi Дуброзiча па вузкiм чорным калiдоры, потым пасадзiлi ў цэнтрыфугу. Ажыла страла цэнтрыфугi, цемра падступiла да вачэй.