Лясных людзей злавiлi выпадкова. I прычынцам гэтаму быў ён, Карпук. У той дзень ён пайшоў правяраць венцеры, якiя ставiў на ўюноў. Ён борзда крочыў па цёмна-зялёнай халоднай траве i думаў пра Трысняту. Медныя валасы бачылiся ў яркiх сонечных блiскаўках, што былi густа рассыпаны ўсюды: на ствалах дрэў, на мурашнiках, на кветках. Лёгка дыхалася, хацелася спяваць. Каля тоўстага, нiбы дзежка, дуба, якi стаяў мiж густога арэшнiку, Карпук прыпынiўся. У дуба маланкаю была ссечана верхавiна, абсмалена кара, звiлiстыя, як вужакi, трэшчыны беглi зверху ўнiз, пераходзячы ў аб'ёмiстае дупло. I вось з глыбiнi гэтага дупла, з таямнiчай трывожнай чарнаты на iмгненне ўспыхнуў цi то агеньчык, цi то сонечны зайчык i адразу ж патух. Кароткая ўспышка - i зноў цемра. Карпук адламаў арэхавы пруток, сашмаргнуў з яго лiсце i, падышоўшы да дуба, рэзка торкнуў прутком у дупло. Яму чамусьцi падумалася, што адтуль выскачыць собаль або кунiца. Але пачуўся захлiпiсты ўскрык, стогн. Голас быў не звярыны. Карпук здагадаўся, чый гэта голас. Як ветрам адкiнула яго ад дуба. Крышачы арэшнiк, ён iрвануўся далей ад згубнага праклятага месца. Некалькi разоў ён падаў потырч носам на слiзкай траве.
- Куды бяжыш? - весела спынiлi яго. Аказваецца, з косамi на плячах непадалёку iшлi касцы, пяць-шэсць чалавек.
- Там... У дупле... - задыхаючыся прахрыпеў Карпук.
Навошта ён сказаў тады гэтыя словы?
Пераглянуўшыся, касцы натоўпам пабеглi да дуба, i Карпук следам за iмi. З дупла, зацiскаючы рукой левае вока, нязграбна вылазiла нейкая iстота белыя, як лён, доўгiя валасы, звярыная касматая шкура на пукатых плячах, вялiзныя ногi абуты не ў боты, не ў лапцi, а шчыльна абматаны шырокiмi палосамi свежай лiповай кары. Iстота скокнула на зямлю, прысела, а калi выпрасталася на ўвесь рост, аказалася вышэйшай разы ў два за самага высокага дулеба. "Я выбiў гэтаму волату вока", - халадзеючы здагадаўся Карпук. Душу спальвала вiна. Ён адступiў убок ад гаманлiвага вясёлага натоўпу супляменнiкаў.
- Малога знайшлi! - узбуджана крычалi дулебы. - Трэба шукаць мацi i бацьку!
"Малы" ўзвышаўся над iмi, як баравое дрэва над падлескам. Але i сапраўды гэта быў малалетак - дзiця васьмi - дзесяцi гадоў, не болын. Ён стаяў i плакаў ад болю i страху.
- Бач ты, яшчэ плача, - здзiвiлiся дулебы.
Карпук раптоўна зразумеў, што ненавiдзiць лютай нянавiсцю i сябе i сваiх аднавяскоўцаў. Хiба можна стаяць i насмiхацца над пакутай дзiцяцi? Гэта ж не ваўчанё, гэта чалавечы сын, хоць i непадобны на цябе тварам i паставай. Дый ваўчанё трэба шкадаваць, не ламаць хрыбетнiк.
- А як жа знойдзем мацi ягоную i бацьку? - разважалi тым часам дулебы. - Жыўцом недзе палезлi, зашылiся ў зямлю, i хоць перавярнi ўверх карэннем увесь лес, не знойдзеш.
У малога волата зноў пырснулi слёзы, як бярозавiк з-пад сякеры.
- Я ведаю, - сказаў, жорстка ўсмiхнуўшыся, Чацвяртак, худы, вечна зялёны ад гэтай сваёй худобы, хоць еў, як жартавалi, за чацвярых. Прывязвайце лесавiка вунь да той бярозы.
Малога прывязалi сырамятнымi рамянямi. Чацвяртак падышоў да яго, пагладзiў, паляпаў, устаўшы на дыбачкi, па плячы i раптам кальнуў вострым, як джала, кончыкам касы ў бок. Лёгенька, як бы шкадуючы, кальнуў. Белавалосы волат ускрыкнуў.
- Крычы. Грамчэй крычы, - аднымi вуснамi ўсмiхнуўся Чацвяртак.
I зноў пачаў калоць. Каса зачырванела ад крывi. Волат заенчыў на ўвесь лес.
"Была б тут Трыснята", - падумаў Карпук, адводзячы позiрк, сцiскаючы зубы. Яму нясцерпна хацелася схапiць Чацвяртака загрудкi, вырваць у яго з рук касу i паламаць кассё на ягоных плячах. Ён глуха застагнаў, а потым заплюшчыў вочы...
("Удзельнiк эксперымента нуль-нуль-адзiн! Спадар Гай Дубровiч! уварваўся ў навушнiкi гермашлема рашучы голас аднаго з асiстэнтаў доктара Метэора. - Праз дзевяць хвiлiн пяцьдзесят дзевяць секунд выходзiм на плюсавое пераўтварэнне! Удзельнiк эксперымента нуль-нуль-адзiн!")
- Выйшлi, - раптам уражана прашаптаў натоўп, i ўсе, акрамя Чацвертака, што калоў i калоў юнага волата, адступiлi ад бярозы.