Пэўна, дзяды дзядоў не бачылi такога. З-за вывараценя вельмi старой, абрушанай на зямлю елкi, з-за бледна-жоўтых растапыраных ва ўсе бакi, як лапы падземнага страшыдлы, каранёў выйшлi двое - Ён i Яна. Беласкурыя волаты. Людзi з блакiтнымi вачамi. У яго валасы белыя, светла-льняныя, як у сына; у яе - каштанавыя з рыжыной i доўгiя, аж да пят. Волат i валацiха былi голыя па пояс, прычым цыцкi ў жанчыны (дулебы не паверылi сваiм вачам) былi завязаны за спiною, каб не перашкаджалi пры хадзьбе. Лясныя людзi выйшлi з дзiкiх нетраў, вядома ж, на крык свайго сына i твар у твар сутыкнулiся з дулебамi. У жанчыны спалохана запалымнелi шчокi. Яна была на галаву нiжэй за мужа i адразу ж схавалася за ягоную спiну. Але крычаў, екатаў ад болю яе сын, якога катаваў Чацвяртак, што адзiны з усiх не заўважыў з'яўлення волатаў, i валацiха, глуха ўскрыкнуўшы, нават, падалося, па-птушынаму прысвiснуўшы, кiнулася ўперад, схапiла Чацвертака за шыю, павалiла яго на зямлю. Лязом касы ёй распарола левую руку. Ярка-чырвоная кроў ("лясная кроў", - падумалi дулебы) густа хлынула на белыя кветкi сунiц.
- Мз-з-зу-у-ур! - закрычаў волат-малалетак, убачыўшы мацi i бацьку.
Нiколi не чулi дулебы такога слова.
- Мз-з-зу-у-ур! - зноў закрычаў скрываўлены сын непраходных лясоў.
I тады ягоная мацi, адкiнуўшы ўбок, як палена, Чацвертака, рынулася да дзiцяцi, упала перад iм на каленi i ўсё роўна была ўпоравень з дулебамi. Шмаргануўшы з-за спiны свае доўгiя-доўгiя валасы, яна пачала выцiраць iмi кроў з сынавага цела. Яна, здаецца, была гатова зняць, садраць уласную скуру, каб ахiнуць яго, прыкрыць ад бяды свайго сына.
("Удзельнiк эксперымента нуль-нуль-адзiн! Што з вамi?!"
"Мне падалося, што гэта мой сын, мой Клён..."
"Удзельнiк эксперымента нуль-нуль-адзiн! Спадар Гай Дубровiч!
Адбываецца невялiчкi збой у сюжэце пераўтварэння, але зараз мы гэта ўладзiм, зараз уладзiм... вось так! Праз сем хвiлiн нуль чатыры секунды выходзiм на плюсавае пераўтварэнне!")
Волатаў забiлi, усiх траiх, спалiлi на жоглiшчы i попел пусцiлi з ветрам. Дулебы, праўда, мулiлiся, нiхто не хацеў першы ўзнiмаць руку на лясных людзей, але Чацвяртак, якога адштурхнула валацiха i якi добра мякнуўся аб цвёрдыя дубовыя каранi, прутка ўскочыў на ногi i з ўсяго маху шахнуў ёй касой проста па шыi.
Забiлi з-за таго, што непадобныя, нязвычныя, не такiя, як яны. З-за таго, што болыныя ростам i сiлай. Напэўна, з-за таго, што разумнейшыя, дабрэйшыя.
Той ноччу ў Чырвонай Пушчы доўга выў воўк, лётала пад месяцам, перакрываючы яго велiзарнымi чорнымi крыллямi, маўклiвая сава, а на кургане, там, дзе спрадвеку хаваюць у гаршках попел памерлых, спаленых на агнi дулебаў, лопнула зямля, адчынiлася шырокая дзiркарана i з яе выкацiлася роўна трыццаць тры гаршкi.
...Карпук ляжаў у ельнiчку, цiснуўся да травы. Зялёная лясная муха дзумкала каля шчакi, нават некалькi разоў пякуча садзiлася на спiну, на тонкую льняную кашулю, але муху нельга было нi адагнаць, махнуўшы рукой (выдасi самога сябе), нi тым болей забiць, бо яна, як зразумеў, здагадаўся Карпук, прыляцела з кургана, дзе ляжыць у гаршках прысак продкаў, з той дзiркi. Муха звязвала Гэты свет i Той i, вядома ж, невыпадкова прыляцела.
"Едзе. Зноў едзе", - як страла з тупым наканечнiкам, ударыла ў глыбiню душы, у сэрца думка. - Хоць у смалу ўскоч, але давядзецца яшчэ раз убачыць такое".
З узгорка, за якiм калiсьцi стаяла Карпукова весь, з'язджала вялiзная шырокая арба-двухколка. З'язджала, весела пазвоньваючы, бо да яе былi густа напрывязаны маленькiя медныя i срэбныя званочкi. Здавалася, цiўкае мноства лясных i лугавых птушачак. На арбе, на капе свежай толькi што скошанай травы, з якой ва ўсе бакi тырчалi галоўкi прыгожых яркiх кветак, напаўсядзеў, напаўляжаў, важна трымаючы ў руках лейцы i хвосткi бiзун, Насаты. Ён быў голы па пояс; тлустыя смуглыя грудзi, што зараслi чорным калючым воласам, уздрыгвалi, калi колы арбы траплялi на выбоiну. Сёння Насаты апрануў ярка-чырвоныя шаўковыя шаравары, падперазаныя залатым махрыстым рушнiком. За рушнiк ён уваткнуў тры кiнжалы з багатымi, у зiхоткiх камянях, ручкамi. Побач, каля правай рукi, ляжалi лук i тул, напоўнены стрэламi.