Але як ён нi стараўся дэманстраваць усiм, у тым лiку i робатам, сваю незалежнасць, узмужнеласць, на сэрцы былi разгубленасць i трывога. Ён адчуваў, што вельмi змянiўся за той час, якi правёў на Вары. Смерць Буслейкi, таямнiчае знiкненне Веры Хрысцiнюк толькi пашырылi трэшчыну, што з'явiлася мiж iм i бацькамi, настаўнiкамi, сябрамi. Ён вярнуўся з Вара новым чалавекам, зiрнуў на Зямлю i зямлян новымi вачамi i шмат у чым расчараваўся. Вялiкая Эра Плюралiзму, расхваленая ў школьных падручнiках i доктарскiх дысертацыях, у кнiгах i кiнафiльмах, у песнях i нават у дзiцячых лiчылках, бачылася незварушнай цяжкай пiрамiдай, мастадонтам, якi пад пяшчотнай беласнежнай поўсцю, пад саладжавым мурлыканнем хавае сталёвыя чорныя кiпцюры. "Чаго мне не хапае? - пакутлiва думаў Клён. - Што змянiлася ўва мне i чаму змянiлася? Бацька i мацi любяць мяне, любяць як свайго адзiнага сына. Я гэта бачу, гэтага нельга не ўбачыць. Чаму ж я сам разлюбiў iх (не, не разлюбiў, занадта катэгарычна рабiць такiя высновы), чаму я заўважыў, пачаў заўважаць iхнюю паўсядзённую, хай сабе дробную, ману, iхнюю пастаянную раздвоенасць?" Калiсьцi яшчэ зусiм кволым хлапчанём ён вычытаў у "Бiблii для ўсiх", што Багародзiца мяняе колер сваiх вачэй, мяняе ў залежнасцi ад таго, якi чалавек стаiць перад ёй, звяртаецца да яе. Калi чалавек сiнявокi - яна сiнявокая, калi чарнавокi - чарнавокая. Памятаецца, як гэта ўразiла, ашаламiла, прымусiла горача забiцца сэрца. З таго часу Божая Мацi зрабiлася вышэйшай мерай духоўнасцi, iдэалам, да якога няспынна хацелася iмкнуцца. А Вялiкая Эра Плюралiзму пачала бачыцца яму, асаблiва пасля вяртання з планеты Вар, са сталёвымi ўпэўнена-халоднымi вачамi i заўсёды глядзела на людзей, што абагаўлялi яе, зверху ўнiз.
Робаты, стамiўшы Клёна, i самi стамiўшыся гуляць у бясконцае дамiно, выходзiлi з пакоя. Было чутно, як топчуцца яны ў прыхожай, як тоненька рыпiць дубовы паркет пад жалезнымi нагамi. Потым наступала цiшыня, i Клён уключаў радыёпрыёмнiк або тэлевiзар. Лiлася задумлiвая музыка, мiльгалi прыгожыя пейзажы, людскiя твары, але ўсё гэта адбывалася як бы па-за свядомасцю. Мозг адмаўляўся ўспрымаць нават самую мiзэрную iнфармацыю.