Читаем Чорны дзень полностью

Прызвычаены за шмат гадоў працы дзяліць суткі на пэўныя адрэзкі, Крушынін і зараз жыў так: па-ранейшаму ўставаў а сёмай гадзіне, рабіў просценькую гімнастыку, снедаў і спешна выходзіў на вуліцу. Толькі не на працу, як у свой час, а на ранішнюю праходку. Іншы раз завітваў на будоўлю, дзе былога прараба заўсёды рады былі бачыць і інжынеры, і кадравыя рабочыя.

— I чалавек харошы, і працавік быў добры: работу сваю ведаў на зубок, а шчасця на яго долю не дасталася...— гаварылі часта пра Іванава адзіноцтва сябры. Ніхто з іх глыбока не дакопваўся прычыны, чаму так здарылася з чалавекам, а шкадаваць шкадавалі.


Нешта тыдні два Ганчарэнка таіў ад жонкі сваю сустрэчу з Іванам: баяўся, каб не натварыць бяды ў хаце. Нарэшце адважыўся, пачаў здалёк:

— А цікава ўсё ж, як склалася Іванава жыццё без цябе?

— Знайшоў недзе пад сваю натуру жанчыну і жыве... Ёсць і сярод нашае сястры розныя. Пасля вайны столькі асталося і дзяўчат-перастарак, і ўдоў.

— А ты не шкадуеш, што так зрабіла тады, выйшаўшы замуж за мяне?

— Што гэта за рамантычныя ўспаміны раптам нахлынулі на цябе? — здзівілася Таццяна.

— Ды так... Прыйшло ў галаву... А ведаеш, я не супраць быў бы спаткацца з ім, пагаварыць. А ты?

Таццяна скрывілася.

— Каб вельмі хацелася, дык не. Выветрылася ўсё... Глядзі, ці пазнала б яшчэ... Магу толькі сказаць: першае, што спытала б пры сустрэчы, з кім ён пражыў жыццё: з грашыма ці з людзьмі? I другое: якіх дзяцей выхаваў для грамадства?

— Дык можа дрэнна я зрабіў, што не запрасіў яго сюды, каб ты магла спытаць гэта?

У Таццяны выцягнуўся твар, і на нейкі момант яна ўся скамянела.

— Ты сустракаўся з ім? Калі? — спытала, як трошкі адышло здранцвенне.

Аляксей сказаў, дзе яны бачыліся.

— I мог столькі маўчаць?.. Каб пачула ад каго пра такую скрытнасць, не паверыла б.

— Цябе шкадаваў... I так часта кволішся на сэрца...

Таццяна маўчала. Чамусьці, як ніколі, захацелася ўбачыць Івана. Замільгалі ўперамешку моманты з іхняга жыцця: студэнцкага, на Далёкім Усходзе. Добрае перамешвалася з благім. Крыўднага аказалася больш, і гэта пачало супакойваць Таццяну.

— Можа і лепей, што не запрасіў...— сказала яна неяк задумліва.

— А як жа з Толікам, скажам ці не?

— Што ты, Лёша! — страпянулася Таццяна.— Расказаць, няхай сабе і даросламу ўжо,— значыць выклікаць знявагу да нас... А ці ж ты быў благі бацька? Ці ж ён не меў таго, што мелі Славік з Людай? Ці ж ён не адчувае нашых клопатаў і цяпер?.. I нашым дзецям — ні гу-гу...

Аляксей зарадаваўся, пачуўшы такі адказ.

— Выходзіць, Танечка, і ты такое думкі, як я... Гэта добра...

— А што ён казаў пра мяне? — закарцела даведацца Таццяне, як толькі трошкі ўляглося хваляванне.

Аляксей не стаў пераказваць да драбніц іхнюю гаворку. Ведаў, Таццяна не раз яшчэ будзе распытваць, ці не было такой размовы, ці не пытаўся пра сына, ці крыўдуе на яе? I прыйдзецца, вядома, расказваць.

А пакуль што Таццяна дакарала мужа:

— Чаму табе не сказаць было, дзе нашы бацькі? Ты ж бачыў іх магілу. Чаго ты паціскаеш плячыма? Можна было назвацца жыхаром суседняй вёскі, калі не хацеў выдаваць сябе.

3 лёгкай усмешкай Аляксей глянуў жонцы ў твар, паківаў галавой.

— Навошта? Чалавек усё роўна паехаў бы. За тысячы вёрст дабіраўся, а тут пад бокам Прудкі — і не пабачыць сваімі вачыма хоць папялішча? Паверыць словам нейкага стрэчнага-папярэчнага чалавека... Скажы, на яго месцы ты хіба не паехала б?

Таццяна падумала трошкі і згадзілася:

— Канечне, паехала б.

— Ото та ж.

I раптам чалавечная спагада да былога мужа ахапіла Таццяну. Яна не шкадавала, што не з ім цяпер. Не, проста спачувала яго адзіноцтву. Хацелася быць абыякавай да мінулага, а ў сэрцы тварылася зусім адваротнае, супярэчлівае.

— Не сказаў, дык хоць напішы праўду. Раскажы, як ёсць, супакой яго сэрца. Дзе жыве, можна ў Першамайскім адрасным стале даведацца.

— Шкода стала? — задрапалі кошкі кіпцюрыкамі па Аляксеевым сэрцы.

— А чаму не пашкадаваць? Чалавек жа ён,— адказала Таццяна і павярнула твар да акна.

Тое, як гэта было сказана, насцярожыла Аляксея. Рэўнасць да жонкі ўпершыню праявілася ў яго за столькі гадоў. Пашкадаваў, што распачаў гэту гаворку. Цяпер думаў рознае: «А што, усё можа быць. Першае каханне, кажуць, адзываецца часам і ў глыбокай старасці. Былі такія выпадкі. Людзі мелі новыя сем’і, пагадавалі дзяцей з другімі жонкамі ці мужамі, а потым зноў сышліся дажываць век з першымі. Быдта адно для аднаго нарадзіліся яны на гэты свет»...

Таццяна адчувала на сабе пранізлівы Аляксееў позірк і марудзіла адхінацца ад акна. Нарэшце мелькам глянула, і шкада, шкада стала Аляксея.

— Не затлумляй, Лёша, галавы лішнімі думкамі,— усміхнулася.

— Адкуль ты ведаеш, пра што я думаю?

— Ведаю, я ж урач-тэрапеўт. А тэрапеўт яшчэ і псіхолаг. Баішся, каб не вярнулася да яго?

— Было такое ў думках, Танечка, было...

— Толік прыехаў! — усхапілася Таццяна і заспяшалася да дзвярэй.

Анатоль працаваў дырэктарам сярэдняй школы ў суседняй вёсцы, меў там сваю сям’ю і часта, асабліва ў канікулы, наведваў бацькоў.

Яны абое выйшлі з хаты насустрач сыну.

Перейти на страницу:

Похожие книги