— Ды нё, — прыязна сказаў Ілья Савіч. — Мне самому ў той бок, дык пойдзем разам.
Яны рушылі ўдвух па нікім яшчэ не кранутай дарозе. Іван стараўся прыбаўляць крок, каб не вельмі стрымліваць вышэйшага па росту i бойкага ў хадзе дырэктара, а дырэктар зусім непрыкметна, нібы толькі для таго, каб зручней было размаўляць, прыцішаў хаду.
— Хачу застаць эмтээсаўскае начальства, — гаварыў, ідучы, Ілья Савіч.— Можа яшчэ не выскачыла з дому, паколькі сёння выхадны.
— Хто яго ведае,— няпэўна сказаў Іван. — Вельмі ж любіць зайцоў ганяць, то наўрад ці дома.
— Так яно, — згадзіўся Ілья Савіч. — То за зайцам паімчалі, то за ваўком, а на месцы не застанеш. Абяцалі святло даць у школу, дык ужо каторы раз іду. Аднойчы, праўда, застаў быў дырэктара, але сакратарша ледзь пусціла ў кабінет. Электрычны званок у яе над галавою. У мяне ў школе святла няма, зімою вучні і настаўнікі слепяцца і вэндзяцца пры лямпах, а побач у дырэктара МТС электрычныя кнопкі на стале.
— Не быў я ў яго кабінеце, — заўважыў на гэта Іван, — аднак чуў, што ў яго там больш механізацыі, як у рамонтнай майстэрні. Кнопкі, званкі, вентылятары. Наш старшыня неяк пра гэта расказваў.
— Мокруту ўсё гэта па густу, — заўважыў Ілья Савіч.
— Аднаго разу сеў у папоўскае крэсла, — гаварыў далей Іван, — паклаў рукі на стол і загадаў Печку сабраць нас усіх да сябе. Прыйшлі мы, а ён сядзіць, адкінуўшыся на спінку крэсла, і абмацвае рукамі стол. «Запомніце кожны,— гаворыць нам, але не глядзіць ні на кога, — больш я не буду драць горла, завучы вас, а будзе ў мяне для кожнага званок: для цябе Печка, — адзін, для цябе, — паказвае на мяне, — два, для цябе, — паказвае на фінагента, — тры i так далей. Дагаварыўся з дырэктарам МТС — дае мне электраэнергію».
— Ды званкоў то ён нарабіў бы, — без здзіўлення сказаў Ілья Савіч. — Была б магчымасць, дык i сакратаршу пасадзіў бы за дзвярыма.
— Прышлі б вы калі-небудзь да нас на прыём, -сціпла ўсміхнуўшыся, сказаў Іван. — Толькі каб пад якім грымам і ў чужой вопратцы.
— Уяўляю я гэты прыём, — падхапіў дырэктар. — Неяк прыходзіла ў школу Даша, новыя рэкамендацыі прыносіла. Яна расказвала мне пра адзін такі прыём. Дарэчы, трэба было б ужо i вам пачынаць думаць наконт уступления ў партыю, у кандыдаты, вядома.
— А можна мне, Ілья Савіч, вось нават цяпер падаць заяву? Як вы лічыце?
— Цяпер яшчэ ранавата, — з цеплатой у голасе, аднак цвёрда сказаў дырэктар. — Вам трэба стаць больш актыўным, навучыцца ненавідзець усякія недахопы ў нашым жыцці. 3 недахопамі трэба змагацца штодзённа i вельмі настойліва.
У гаворцы не заўважылі, як мінулі бяскрылыя млыны, як на фоне сіняватага ранішняга далягляду пачалі вырысоўвацца Дабрасельскія прысады.
— Тут быццам бы нейкі перапалох быў ноччу? — зусім не думаючы, што гэта мае якое-небудзь значэнне, прамовіў дырэктар.
— I я чуў, — пацвердзіў іван. — Мая бабуля на досвітку ўсё здзіўлялася.
— Гэтая бабка ўсё ведае, — засмяяўся дырэктар, — хоць, здаецца, нікуды i не ходзіць.
Магчыма, што аб гэтым выпадку не было б больш і гаворкі, калі б на Дабрасельскай вуліцы раптам не сустрэўся Заткла. Ен выйшаў са свайго двара, не вымаючы з портак рук (варотаў у двары няма, адчыняць не трэба), пацягнуўся, пазяхнуў і пачаў углядацца спачатку ў адзін бок вуліцы, потым у другі. Відаць, у гэты момант вырашалася ў чалавека задача, куды бы гэта пайсці, які ўзяць кірунак, каб апахмяліцца ды ўхапіць што-небудзь, бо ў сваёй хаце нічога няма.
Убачыўшы здалёк двух мужчын, ён адразу павесялеў і рушыў ім насустрач, хоць яшчэ не ведаў, хто гэта ідзе. Як толькі наблізіўся і пазнаў сустрэтых,на момант засмуціўся, — з гэтымі не клюнеш, — аднак вельмі хутка знайшоў сваю ролю. Яго немалады і трохі жаўтаваты ад выпівак, аднак ледзь не спартсменскі твар адразу раз’ехаўся ў шырокую панібрацкую ўсмешку, рукі спачатку жвава заварушыліся ў портках, а потым выехалі адтуль і прыветна падняліся на ўзровень носа. .
— Маю гонар, маю гонар!—урачыста загаласіў чалавек, сапхнуўшы з вачэй вялізную заечую шапку. — Я самы першы вітаю вас на нашай вуліцы!
Заткла з размаху падаў руку спачатку дырэктару, а потым Івану, прыпыніў іх гэтым сваім здароўканнем і, адразу перамяніўшы тон, спытаў:
— Чулі, таварышы?
— Пра што?—-абыякава спытаў дырэктар.
— Гэта ж толькі падумаць, толькі падумаць!..
Заткла палапаў па кішэнях свае ватоўкі, нават пашарыў у адной, але выцягнуў адтуль толькі шматок бруднай ваты.
— Закурыць не маеце?
Ілья Савіч дастаў пачак папярос.
— Гэта ж проста... А, браткі мае! — працягваў абурацца Заткла i ў гэты час, не спяшаючыся, выцягваў з пачка папяросы: спачатку адну, а потым яшчэ дзве.
— Часта ў нас балбочуць, трэплюць языкамі: той вінаваты,той, Было нават — я чалавек адкрыты — было нават, што на мяне ківалі. Ажно ж бачыце, што робіцца, бачыце, адкуль рыба пачынае гнісці? Гэта ж проста ўзяць ды ў газету, ці, я ужо не ведаю, куды.
— Аб чым жа вы гэта? — ужо губляючы цярпенне, спытаў Ілья Савіч.
— Аб чым, аб чым? — з папрокам перапытаў Заткла. — Вы яшчэ пытаеце, аб чым? А ведаеце, хто сённяшняй ноччу ўкраў у Андрэіхі бычка? Не ведаеце? Скажу, калі ласка...