Сесія сельсавета павінна была адбыцца неўзабаве пасля сходу партыйнай арганізацыі, аднак па розных нечаканых прычынах яна ўсё адкладвалася. Гэтыя прычыны ў большасці выпадкаў з’яўляліся з-за Мокрута, якому вельмі хацелася адцягнуць сесію. То ён раптам знікаў на некалькі дзён, а ў сельсавеце прасіў сказаць, што паехаў у горад па справах, то прыкідваўся хворым, хоць дома i не ляжаў. Былі, відаць, свае меркаванні ў чалавека. Магчыма, жыло спадзяванне, што ўсё гэта ператрэцца, перамнецца i забудзецца, магчыма, вялася нейкая падрыхтоўка для большага апраўдання.
Нарэшце, Павел Паўлавіч, як прадстаўнік райвыканкома, цвёрда вызначыў дзень, і сесія прайшла. Паколькі ні ў Дабрасельцах, ні ў Чырвоных маках клуба яшчэ не было, то сесія праходзіла ў школе, у тым жа самым класе, у якім быў не так даўно i партсход. 3 партыйнага сходу Лявон Мокрут выйшаў тады самым першым, а з сесіі цяпер — самым апошнім. Калі б не прышла ў клас прыбіральшчыца ды не зазваніла ключамі, то былы старшыня, напэўна, і начаваў бы ў школе.
На вуліцы ўжо нікога не было, калі Мокрут, угнуўшыся, крочыў каля платоў. ён прыкідваў сам сабе, куды б яму пайсці, дзе б гэта пабыць аднаму, бо ні сустракацца з кім-небудзь, ні гаварыць яму сёння не хацелася. Успомніў, што можна ж яшчэ зайсці ў сельсавет, што фармальна ён яшчэ не пазбаўлены такога права. Апусціў руку ў кішэню кожанкі, абмацаў там два звязаныя шнурком ключы. Залішне халоднымі і слізкімі здаліся яму гэтыя ключы. Узяць бы іх ды выкінуць у снег, няхай бы потым узламвалі кабінет тыя, каму гэта трэба. Ключы, абыякава падчэпленыя пальцам за шнурок, тонка, нібы жалобна, дзінькнулі, калі Мокрут выцягнуў іх з кішэні. Міжвольна прыгадаўся звон ключоў прыбіральшчыцы. Як паглядзела гэтая жанчына на яго, былога старшышо сельсавета! Відно было адразу, што каб ён не заварушыўся, не заспяшаўся апранацца, то яна выгнала б яго з класа.
Замок на сельсавецкіх дзвярах быў пакрыты тонкай пякучай намараззю. Мокрут узяў яго цёплай рукой, i, пакуль адкрываў, пальцы шчыпанула хоць і перадвясеннім, але яшчэ сярдзітым марозікам. Чалавек амаль не адчуў гэтага. Дзверы скрыпнулі нейкім чужым і непрыветным скрыпам. Яшчэ адзін замок, i яшчэ адны дзверы. 3 кабінета дыхнула цяплом i звычнай гаркаватасцю ад нядаўняга курэння. Не запальваючы лямпы. Мокрут знайшоў свой цвічок у сцяне, распрануўся і павесіў на яго кожанку, шапку, потым прайшоў да папоўскага крэсла. Палавіцы скрыпнулі так моцна, што чалавек аж спужаўся гэтага скрыпу. Колькі часу давялося пасядзедь у гэтым крэсле i нават паспаць! Заснуць бы i цяпер, забыцца пра ўсё.
Мокрут усім скволеным тулавам узлягае на падлакотнікі, адкідвае галаву на высокую спінку. Прыемна было некалі вось гэтак адпачываць, а падчас i гаварыць з людзьмі.
На двары мільгае ў белых хмарках вельмі ўжо праворны месяц, таму па стале ўвесь час бегаюць кароткія цені. Стракаціць у вачах ад гэтых ценяў, а яшчэ больш стракаціць ад розных паперак, квіткоў і бланкаў, што ў беспарадку валяюцца на стале. У сельсавеце няма цяпер сакратара, а сам Мокрут i раней не клапаціўся аб парадку ў канцылярскіх справах. Цяпер жа дык i гаварыць няма чаго. Паблісквае перад апушчанымі ўніз вачамі вышмараваны локцямі і далонямі паўкруглы рубец стала. Варта хоць трошкі працягнуць з падлакотніка руку, і ўказальны палец ляжа на гэты рубец. Маленькі рух, і пачуецца звычны стукат. Колькі людзей з крыўдай і непрыязню глядзелі на гэты палец, колькі разоў балюча моршчыліся, слухаючы гэты стукат!
Дрымоты не прыходзілі, хоць Мокрут не збіраўся хутка ўставаць з гэтага крэсла. У галаве шумела ад страшэнкай блытаніны думак, ад безлічы самых супярэчлівых уражанняў і ўспамінаў. Бывала, на сесію за вушы чалавека не прывалачэш, а тут, глядзі, амаль поўная школа людзей. I дэпутаты ўсе да аднаго, і настаўнікі. Сямён Казырок вунь адкуль i то прышоў, нават зладна махаў рукой, калі звонкі Дашын голас чуўся ва ўсіх кутках. Успомнілася, што і Аксіння, Валодзева маці, вельмі ж ужо старанна слухала Дашына выступление, ківала ў знак згоды галавой, а потым, калі дзяўчына вярталася на сваё месца, злавіла яе за рукаў i доўга нешта шаптала на вуха, ласкава ўсміхалася. А яшчэ зусім нядаўна гэтая жанчына верыла яму, Мокруту.
Пасля Дашавага выступления захацелася зноў узяць слова самому. Слова далі, а слухаць не слухалі. Стары Платон пачаў у гэты час нешта гаварыць Мітрафану, а той без усялякага ўтрымку смяяўся i весела паглядваў на свайго старэйшага сына. Гэты толькі што прыехаў, а ўжо тут.
I хто іх зваў на сесію?
...Перад вачыма — людскія рукі, паднятыя над галовамі. Так многа рук. Павел Паўлавіч сказаў падняць рукі толькі дэпутатам, а паднялі ўсе. Цяжка было ўтрымацца, каб не зірнуць. Андрэіха сядзела воддаль, дык аж устала, каб усе бачылі яе руку.
— Дабрасельскі! — звярнуўся Павел Паўлавіч да Івана. — Палічы галасы!
Той устаў, выцягнуўся на даўжэйшай назе, каб лепш бачыць.
-— Аднагалосна!— праз якую хвіліну абвясціў ён. У голасе — цвёрдасць i гучнасць. Гэтага раней не было.
— Ды ўсе прагаласавалі! — пацвердзіў з задніх радоў Ціхоня.
Бач, і ён абазваўся!