Читаем Добры дзень, мая Шыпшына полностью

У маці добры, з вялікім экранам тэлевізар — падаравала Васілёва будупраўленне, але яна не сабрала смеласці глядзець кіно адна душой і папрасілася да суседзяў. Спачатку ёй было страшна, аднак, калі ўбачыла на экране Васіля, страх развеяўся. То быў не яе Васіль. Гэты меў жонку — мажную белатварую маладзіцу і дваіх дзяцей — хлопчыка і дзяўчынку. Дый звалі яго не Васілём, а Яўгенам. А галоўнае, артыст быў ні на драбок не падобны да сына: высокі, з прыгожымі далікатнымі рукамі і бародкай — такія, здавалася маці, і бываюць толькі ў кіно.

Вось так і раздзяліліся тыя два Васілі назаўжды, нават абліччам розныя сталі.

А свайго Васілька маці беражэ. Не ўбярогшы жывога, беражэ ў памяці, не задумваючыся, проста і аддана сплочвае вечны нязбытны доўг мацярок, якія перажылі сыноў.

Нікому на свеце не раскажа маці, як сямігадовы Васілёк хадзіў з ёю на далёкі поплаў грэбці сена і ўвечары, па дарозе дамоў, зняможана прасіўся: «Мамка, паднясі». Той худзенькі памагаты, птушанё, прытуленае да сэрца натруджанымі матчынымі рукамі, належыць адной ёй.

Ніхто не ведае і пра халву. У галодны паваекны год яна прынесла неяк малому з горада, з кірмашу, дзе прадала дзесятак яек, маленькі пакуначак халвы — першы ягоны ласунак... Васіль і дарослы, гасцюючы ў роднай хаце, калі маці выпраўлялася да крамы, сарамяжліва казаў, каб узяла халвы. Маці і цяпер да сынавага дня нараджэння заўсёды купляе халвы, але, як прыходзяць Васілёвы сябры, саромеецца ставіць яе на стол. Раней збіралася брыгада, а сёлета быў толькі Барыс, ды маці не крыўдуе, ведае, што ўсё забываецца, аднаму матчынаму сэрцу балець да астатняга Ўдару.

Хавае маці ад чужых вачэй і той дзень, калі Васіль, прыехаўшы на выхадны, не віхурыўся, як звычайна, на гаспадарцы, а сядзеў за сталом і плакаў, паклаўшы голаў на касцістыя кулакі. Тады выходзіла замуж Волька, бялявая паскакуха з іхняе вёскі; калісьці хадзілі з Васілём, быццам злыганыя: разам латашылі чужыя сады, разам, па вушы перапэцкаўшыся глеем, гацілі рэчку, разам паехалі будаваць горад, наведваліся на нячастыя пагасціны, і аднае начы бачылі з цёмнага акна бяссонныя матчыны вочы, як Васіль і Волька цалаваліся каля форткі...

Маці адчувае, як занямелі, наліліся цяжарам ногі. Яна трудна ўстае, робіць колькі крокаў па пакоі, падыходзіць да акна. У вочы кідаецца зялёная дзіцячая каляска, і ўздрыгвае сэрца. Вось так кожны раз: угледзіць — і зноў падасца, што ў гэтай калясцы яе ўнучанё.

I трэба ж лёсу такое зрабіць: Волька жыве з ёю ў адным доме, цераз пад'езд. Часта сустракаюцца, але ніколі Волька не прыстоіць, не паздароўкаецца — шмыгане міма і выгляду не падаўшы, што знаёмыя. Відаць, лічыць, што яна, маці, яе асуджае, што выйшла не за сына. «Во дурніца!» — думае маці. Яно ж на добрае павяло: і чалавек яе жывы, і дзеці — гэты, у калясцы, ужо другі — не сіроты. Каб Волька папрасіла, яна і даглядаць малое згадзілася б.

А сваіх унукаў пеставаць бог не даў. Не пайшла пасля вайны ні за кога, хоць добрыя людзі і радзілі. Не магла Рыгора забыць, вусы яго колкія, рукі каляныя, а такія пяшчотныя, што і цяпер памятае, як сэрца заходзілася, калі абдымаў. Аднаго Васіля ёй вайна пакінула. З ім думала век дажываць, яго дзяцей нянькаваць. Ды каб жа слухалася ясыццё матчынай душы...

Кап-кап-кап...

Маці шкадуе, што паехала ў горад, сарвалася з роднага котлішча. Папусцілася тады Васілёваму начальніку: той усё даводзіў, што адну яе не кінуць, а клапаціцца аб ёй лягчэй у горадзе, дый старасць там, маўляў, спакайнейшая, на ўсім гатовым. Дарэмна далася на ўгаворы. Памрэ вось, і цічога па ёй не застанецца: ні хаты, ні дрэўца...

А ў яе Васіля свой дубок быў. Вунь там, з акна відаць, падымаўся ўскрай пляца гаёк з маладзенькіх дубкоў і бярэзінак — Васіль садзіў з тымі, што самыя першыя сюды прыехалі. I ладныя ўжо дрэўцы былі, на неба паглядаць пачыналі. Пазалетась не стала гайка: спляжылі і пабудавалі на тым месцы Палац культуры...

Кап-кап-кап...— чуецца з кухні.

У хату, ляпаючы па падвоканні адарванай бляхай, просіцца, нібыта нясе нейкую навіну ці суцеху, халодны восеньскі вецер. А можа, вецер думае, што ён і не халодны зусім, а цёплы?..

Нарэшце ў дзверы звоняць, і маці, ваяска ступаючы хворымі нагамі, ідзе адчыняць.

Трое над Атлантыдай

Замест усяго вольнага свету ім пакінулі лапік здратаванай зямлі і цененькі струмок вады з пакарабачанай трубкі ў закутку вальеры.

Пакорлівыя брудныя птушкі бязмэтна туляліся ўсцяж іржавай сеткі, а з кубла, звітага проста на зямлі, глядзела бусляня, народжанае і асуджанае жыць у няволі.

Перейти на страницу:

Похожие книги