Жыць і не ведаць, як гарыць на паўнеба вясёлка пасля навальнічнае злівы, як стамлёнае сонца апускаецца на залатыя вершаліны дубоў і як крумкаюць на туманістых вечаровых балацявінах жабы. I людзі, гэтыя дзіўныя істоты таксама на дзвюх нагах, не ўсцягнуць дзеля яго на ліпіну ці таполю кола. I, вырасшы, бусляня не загаворыць з супляменнікамі на мове вольных птушак, не стане на крыло і перад выраем не падымецца ў паднябессе гэтак высока, што растане ў бяздоннай сінечы. Толькі аднойчы яно ў незразумелай тузе заклякоча, забегае па вальеры, роспачна залопае падрэзанымі крыламі, але так і не здолее ўзляцець. Потым яно супакоіцца і будзе жыць далей, і яму будзе здавацца, што так і трэба, што гэта і ёсць жыццё...
Жыццё...
Лімонавы сок, вінаградзіна, блакітны кубік лёду. Кактэйль называўся «Самы храбры». У назве Кастусю чулася штосьці здзеклівае, і, магчыма, якраз таму ён заўсёды браў менавіта гэтае пітво.
Ён пасунуў запацелы келіх бліжэй і ўзяў у губы саломінку.
Восем. Яшчэ тры гадзіны да закрыцця. Тады ён ускараскаецца да сябе на гару, і пачнецца пакутлівая і марная барацьба з бяссоннем. Глухая задушная вусціш яго вузкага, як келля, пакойчыка будзе быццам нейкая жывая істота пільнаваць яго і потым, калі яму ўсё ж удасца заснуць, зноў паводле нечага загаду пашле яму той самы сон...
У першыя дні Кастусю здавалася, што надзея, з якою ён збег у гэты паўднёвы горад, пачынае спраўджвацца.
Ён запісаўся да заезджае знакамітасці на ранішнія сеансы гіпнозу і самаўнушэння. Ён ляжаў на ўтульнай канапе, і знакамітасць мяккім уніклівым голасам пераконвала яго, што ён абсалютна спакойны і яго нічога не хвалюе. Потым ён спускаўся да мора і доўга, да прыемнай стомы ва ўсім целе плаваў у празрыста-зялёнай, з бялёсымі сподкамі медузаў вадзе. А над ім, у небе колеру выцвілай валошкі, купаўся лёгкі зіхаткі самалёт, які імкліва набіраў вышыню і раптам кідаўся долу, вырабляючы неверагодныя віражы і нагадваючы серабрыстага чалавека-птушку з раскрыленымі рукамі...
Кастусь напісаў да Ірэны і да сябра і адвячоркамі стаў завітваць на пошту. Ён разумеў, што чакаць адказ яшчэ рана, але яму было прыемна стаяць у невялікай чарзе і назіраць, як дзяўчына перабірае канверты. Людзі атрымлівалі лісты, і гэта ўсцешвала Кастуся і давала веру, што аднойчы дзяўчына працягне ліст і яму.
Кастусь часта выпраўляўся ў стары горад. Ён блукаў па змрачнаватых залах археалагічнага музея. Ён навучыўся беспамылкова арыентавацца ў блытанай павуціне ціхіх вуліц са стогадовымі акацыямі. Яму падабалася прыходзіць у порт і сустракаць караблі.
Але надыходзіў яшчэ адзін бясконцы спякотны дзень, а лістоў не было.
Дзяўчына на пошце ўжо не пыталася ў Кастуся пашпарта і не пераглядала канвертаў, а проста з усмешкаю шкадавання хітала галоўкай. Ён разоў колькі замаўляў тэлефонныя размовы, але траскучы голас гучнагаварыцеля з нейкай, як чулася Кастусю, прытаймаванай радасцю нязменна абвяшчаў: «Хто чакае Беларусь? Хто чакае Беларусь? Нумар не адказвае... Нумар не адказвае...»
Кастусь са страхам адчуваў, як прачынаецца і выпаўзае са сваіх сховаў колішняя хвароба.
Напачатку ён спрабаваў змагацца. Ён заводзіў на пляжы гамонку з суседзямі, па-ранейшаму займаўся аўтатрэнінгам, штучна падаграваючы ў сабе цікавасць, вывучаў горад, але знаёмая ўжо абыякавасць разрасталася ў ім, пускаючы паўсюль свае чэпкія атрутныя атожылкі. Чарада гарачых парных дзён пачала здавацца яму нейкай зачараванаю анфіладай, і ён не разумеў, куды і навошта ён ідзе па аднолькавых, як бясконцыя люстраныя адбіткі, пустых пакоях.
Аднойчы ён забрыў у звярынец і, безудзельна пераходзячы ад клеткі да клеткі, знячэўку ўбачыў пакорлівых брудных птушак. Ён прастаяў там да закрыцця звярынца. Стаяў і не чуў, як побач натоўп пацяшаецца з адстаўнога цыркавога асла, які па камандзэ хапаў зубамі канец уласнага хваста і ўтрапёна круціўся на месцы, а затым збіраў з долу падачкі.
Там, каля ржавай сеткі з бела-чырвонаю шыльдай «Аисты», у душы Кастуся штосьці канчаткова абарвалася.
Таго дня ён не пайшоў на пошту.
Ён ужо не гуляў вечарамі па горадзе.
I купаўся ён цяпер не на курортным пляжы, а адыходзіў усцяж мора туды, дзе было пустэльна, адно зрэдку пракідалася ў прыбярэжным зарасніку палатка «дзікуноў». Тут не было буйкоў і ратаўнічых лодак, і Кастусь заплываў далска ў мора, дзень пры дні ўсё далей і далей. Некалькі разоў Кастусю здавалася, што яму не хопіць змогі вярнуцца, але ён зусім не палохаўся гэтае думкі.
А ў выцвілым лазурку па-ранейшаму лунаў легкакрылы чалавек-птушка, гэтаксама ўздымаўся да распаленага сонца і, робячы «мёртвую пятлю», падаў з вышыні. Аднак цяпер Кастусь сачыў за ім з хваравітай увагай і чамусьці зайздросціў пілоту. Зайздросціў менавіта тады, калі серабрысты чалавек зрываўся долу.