Кастусь адсунуў сок і падблізіў да дзеўчаня адзін са сваіх келіхаў. Тая таксама моўчкі паўтарыла манеўр у адваротным парадку.
Ён ужо ўзяўся за другі келіх, а дзеўчапё, даўно адолеўшы сок, здаецца, зусім не збіралася сыходзіць. Кастусь паглядзеў суседцы проста ў вочы, даючы зразумець, што ёй няма на што разлічваць. Позірк відавочна збянтэжыў яе, але яна, паварушыўшыся ў крэсле, па-ранейшаму разглядвала свае нефарбаваныя ружовыя пазногцікі. Ён збіраўся сказаць што-небудзь няветлае, аднак дзеўчанё апярэдзіла яго:
— Вы хочаце, каб я пайшла? — Яе голас быў яшчэ па-дзіцячы ломкі.
— Як гэта вы здагадаліся?
— Вы хочаце, каб я пакрыўдзілася на вашу грубасць?
— Я проста хачу, каб вы пайшлі.
— А я не пайду,— расхваляваўшыся і крыху пачырванеўшы, заявіла дзеўчанё.
Кастусь у думках махнуў на прыставалу рукой і, даканаўшы кактэйль, пацягнуўся да стойкі. Сёння ён яўна перабіраў норму.
Бармен падараваў яму адлакіраваную ўсмешку і выхапіў з зіхаткой піраміды два чыстыя келіхі. Аднак тут прагучаў ціхі, але цвёрды галасок:
— Нічога не трэба.
Поруч, не дастаючы Кастусю і да плечука, стаяла дзеўчанё. Ва ўсім абліччы гэтага птушаняці была рашучасць.
— Пойдзем адсюль.— Яна пацягнула яго за руку. У першае імгненне замах на яго свабоду непрыемна ўразіў Кастуся, але наогул яму было ўсё роўна.
На вуліцы звечарэла, запаліліся схаваныя ў зеляніне дрэў ліхтарні.
— Ну і куды мы пойдзем? — абыякава спытаў Кастусь.
— Не ведаю...— Яна нешта крэсліла мыском басаножкі па асфальце.
Рэкламная тумба вялікімі чырвонымі літарамі пыталася: «Ці існаваў Хрыстос?» Лекцыя пачыналася праз чвэртку гадзіны. Кастусь прачытаў абвестку ўголас і паглядзеў на спадарожніцу. Тая адмоўна пахітала стрыжанаю галоўкай:
— Хіба вас дагэтуль не пераканалі, што не існаваў?
— Яшчэ ў дзіцячым садзе.
— Мяне таксама,— неяк сумна сказала дзеўчапё.
— Вы, здаецца, не радыя? — крыху зацікавіўся Кастусь.
— Не, проста шкада, што мы вось так, ледзь не з пялюшак, усё ведаем. Мне нават калісьці ў бога хацелася паверыць. Хацелася самой памыляцца, мучыцца і потым ужо зразумець, што яго сапраўды няма.
— Ого! Прыемна мець справу з філосафам. I якія яшчэ ідэі хаваюцца ў гэтай галоўцы?
— Чалавеку трэба ў нешта верыць,— сур'ёзна адказала дзеўчанё.
— I ў што верыце вы?
Трасянуўшы чорнаю грыўкай, яна з выклікам паглядзела на Кастуся, але перамаўчала.
Яны, паволі ідучы па вуліцы, што няўзнак пераходзіла ў пляж, набліжаліся да лодачнай станцыі, і ў гэтым, як не раз потым думалася Кастусю, была нейкая наканаванасць.
— Давайце пакатаемся на лодцы,— прапанавала дзеўчанё.
Кастусь не меў аніякай ахвоты займацца гэтай, відаць, рамантычнай на яе погляд, лухтой.
— Позна, усё зачынена,— буркнуў ён.
— А я яшчэ ніколі не каталася ноччу па моры...— У яе расчараванні было гэтулькі непрыхавана дзіцячага, што Кастусю нечакана пачуўся Змітракоў галасок.
Кастусь у нерашучасці спыніўся. Хаціна лодачніка свяцілася двума акенцамі.
— Ну добра, чакайце мяне вунь там, каля лодак. У застаўленым вёсламі пакоі сядзелі пры піве двое мужчын. Адзін, руды і чырванатвары, не даслухаўшы, кінуў:
— Пятак!
Кастусь паклаў на стол пяцёрку і ўзяў першую-лепшую пару вёслаў.
— Стой! — запыніў яго руды.— Пашпарт давай. Ніякіх дакументаў у Кастуся пры сабе не было. Ён зняў гадзіннік.
— Пашпарт трэба,— натурыўся руды, каламутна пазіраючы з-пад кусцістых броваў.— Хто цябе ведае, куды ты сабраўся.
— Та кінь ты, Грыцько,— заступіўся за Кастуся сябрук рудога.
— Ладна,— хмурна пагадзіўся той.— Давай гадзіннік.
Кастусь аддаў і памкнуўся ісці.
— Стой! — загадаў лодачнік.— Прычасціся.
Кастусь выпіў паўшклянкі брыдкага цёплага піва.
— Далёка не адыходзь,— памякчэўшы, папярэдзіў руды.— Вецер абяцаюць.
Словы лодачніка слізганулі па свядомасці Кастуся, не закрануўшы ніводнай трывожнае струны. Усплёск цікавасці да жыцця, што прымусіў яго зайсці сюды, змяніўся звыклай абыякавасцю. Ён ужо быў не рады, што звязаўся з гэтаю назолай, і ў душы спадзяваўся, што не застане яе на беразе.
Але тая чакала. Яна спрытна, як вавёрка, ускочыла ў лодку і прымайстрылася на карме. Кастусь адкруціў ад жалезнай патарчакі ланцуг, кінуў яго ў лодку і павярнуўся па вёслы. Дзеўчанё раптам ускрыкнула, і Кастусь убачыў, што паміж ім і лодкай пралягла палоса вады. Ён паспеў скочыць, але вёслы засталіся на прычале.
У звычайным разуменні гэта была памылка. Па-першае, ён мог сесці ў другую лодку, балазе, яны былі непрымкнёныя, і праз хвіліну здагнаць дзеўчанё. Па-другое, захапіўшы вёслы, ён мог дагнаць лодку ідучы па вадзе: тут было зусім плытка. Зрэшты, і зараз, калі іх з прычалам падзяляў усяго дзесятак метраў, можна было ступіць у ваду і заняцца буксіроўкай. Адыак Кастусь не зрабіў ні першага, ні другога, ні трэцяга.
Ён выцягнуўся на носе. Па целе разлівалася лянівая млявасць. Ветрык пакрысе адганяў лёгкую лодку ад берага, і Кастусь без усякае трызогі, нібы з акна тралейбуса, пазіраў на дамок лодачнай станцыі, што непрыкметна, але з кожнаю хвілінаю аддаляўся.
— Мы так і будзем плаваць без вёслаў? — парушыла маўчанне дзеўчанё.
— Вам, здаецца, праглася рамантыкі?..
— А як мы вернемся?