Читаем Добры дзень, мая Шыпшына полностью

Уадначас з рогатам настойліва забулькацеў званок, і Стась кінуўся адчыняць.

— Туш! Туш! Там-там-тара-тара-тара...— з надзьмутымі шчокамі пачаў Генка.

У тэлеграме было чатыры словы: «Прыязджайце хаваць тату. Ларыса».

— Хто? — зазірнуў цераз плячо Ігар.

— Дзядзька.

У пакоі, стаміўшыся чакаць, гаманілі, магнітафон іграў меланхалічную блюзавую кампазіцыю. «Чаму ты гора не адчуваеш? — раптам падумаў Стась, нібы пра кагосьці іншага.— Як быццам у тэлеграме ў госці клічуць».

— Канчай гармідар! — перакрыў гамэрню Ігар. Застоліца здзіўлена і незадаволена аціхла.

— У Стася дзядзька памёр...

— Родны? — парушыла маўчанне Люда.

— Маўчы, жанчына,— вяла сказаў Валерка.— Якая розніца? Памёр, і ўсё. Memento mori.

Ірына паклала мужаву руку на калені і пачала яе гладзіць, што не выклікала ў Стася ніякіх асаблівых пачуццяў. Сімпатычны Наташын твар зморшчыўся, нібыта Святочны шар, з якога вьіходзіць паветра, і яна ўголас заплакала. «Чаго, спытацца, разрумзалася?» — з прыкрасцю думаў Стась, сочачы, як на пацягнутым лакам паркеце гасне водсвет чырвонай ракеты.

— Вечна табе не шанцуе,— сказаў Генка.

— Трымайся! — Ігар сціснуў Стасеў плячук. «Што тут трымацца?!» — Стась зноў пашукаў на душы гора, але знайшоў хутчэй прыемнасць ад агульнай увагі і шкадобы.

— Вы... можаце... магнітафон...— між усхліпаў вымавіла Наташа.

— Генка, вырубі! — загадаў Ігар.

За сцяной захныкала Аліса, і Ірына пабегла туды.

Госці ўжо апраналіся.

— Прыедзеш — дасі звон,— за ўсіх сказаў на развітанне Ігар.

Уладкаваўшыся на канапе, Стась пачаў складаць план дзеянняў. Маці вырашыў не тэлеграфаваць: хай гасцюе, хопіць яго аднаго. Прыкінуў, як дабірацца на хаўтуры, і зразумеў, што не ведае адраса. На шчасце, адразу ўспомнілася матчына паперка з адрасамі, па якіх перад святамі пасылаліся паштоўкі. Складзены ў некалькі столак аркуш ляжаў у старой і непатрэбнай тэлефоннай кнізе, куды Стась зазірнуў, страціўшы ўсялякую надзею. Два адрасы акуратна закрэслены пад лінейку: матчын дзядзька Рыгор летась памёр, а пляменніца Верачка, скардзілася аднойчы маці, як выскачыла замуж за генеральскага сына, закнягінілася і пакінула адказваць на віншаванні.

Гадзіннік задуменна і сумна адлічыў шэсць удараў. Пляц даўно апусцеў. Ірына заснула каля дачкі. Стась, не распранаючыся, выцягнуўся на канапе. У пустой галаве, нібы гарошына ў бразготцы, скакала адна-аднюткая думка: «Вось табе і Новы год».

Халодны душ і чыфіравага мацунку гарбата хутка прывялі ў форму. Стась надзеў пад пінжак чорную вадалазку і паклаў у поліэтыленавую торбу колца кілбасы, пару бляшанак кансерваў і яшчэ сёе-тое з прадуктаў.

Пахмурны позні ранак мяняўся на шэранькі дзень. Цяпер, з патушанымі агнямі, гарадская ёлка страціла ўсю святочнасць. Яе пачварыў табун гумавых зебраў і ядавіта-жоўтых вярблюдаў, густа начапляных нечай рупліваю рукой ад вершаліны да долу. «Звяры нашых лясоў,— саркастычна пырхнуў Стась, праходзячы міма.— Упрыгожылі, называецца».

Ад ёлкі думкі пераскочылі да дзівака, што перад святам пацешыў увесь горад. Вяртаўся чалавек увечары, акурат гэтых вярблюдаў развешвалі, дахаты, угледзеў у акне жонку, ну і цюкнула нешта ў галаву. Дамовіўся з вадзіцелем, таксама гумарыст трапіўся, і на пад'ёмніку — на трэці паверх. Жонка яечню смажыць, а ён знадворку ў акно дзюб-дзюб, і рукамі, як крыламі, махае: прыляцеў, маўляў, пусці. Без «хуткай» не абышлося.

«Знайшоў аб чым думаць,— спахапіўся Стась.— Нібыта на вяселле сабраўся...»

У аўтобусе панавала вясёлая гамана. Ад тлуму ў галаве тоўпіліся староннія недарэчныя думкі, але Стась змусіў сябе засяродзіцца і — яму здавалася, што гэтак трэба,— стаў прыгадваць тое, што ведаў пра дзядзьку Петру.

Працаваў дзядзька, калі Стась не памыляўся, недзе ў леспрамгасе. Сустракаліся яны, здаецца, разы тры: на нейкім вяселлі, на бацькавых хаўтурах, а па-сапраўднаму, дык у вёсцы ў бабулі, як Стась яшчэ блазнюкаваў. Дарослыя бралі яго з сабой у дровы, і ён аціраўся каля іх, еў чарніцы, а дзядзька Петра вучыў яго ладзіць берасцянкі. Успомнілася, што дзядзька расказваў розныя смешныя гісторыі. Адна не забылася і дасюль — робячы па вайне ў заходніх раёнах, ён з сябрам прымудрыўся злавіць у вясковай лазні бандытаў, усунуўшы ў акенца дзве рулі: адну ад сапраўднай стрэльбы, а другую — проста ржавы адломак.

Паваліў снег. Бухматыя хлапякі лавіліся на шкло і з павольнай непазбежнасцю рабіліся сцюдзёнымі струменьчыкамі, ад якіх тут, у цяпле, ставала ўтульней. Аўтобус закалыхваў, на мяккіх лапах кралася неадольная дрымота...

Дзядзька быў на трэску выпетраны і, як усе нябожчыкі, выдаваў больш рослым, чым пры жыцці.

Прыстоіўшы на парозе, Стась павітаўся вачыма з цёткай Юляй і прысеў побач. Услед за ім у дзвярах з'явіўся незнаёмы мужчына ў ватніку.

Мужчына пацалаваў нябожчыка ў бяскроўныя сінявыя губы і гучна шмаргануў носам.

Маленькая, сухенькая, як леташняя націнка, бабулька, што непрыкметна сядзела ў галавах у дзядзькі Петры, нямогла загаласіла:

— А чаму ж татка твой а цябе паклі-і-каў?.. А хай бы мяне стару-у-ю... А ці знойдзеш ты, у якім ён там раёне, у якой во-о-бласці?..

Перейти на страницу:

Похожие книги