— Даюць! Многа ты ведаеш! — абарвала жонка. Дзядзька Міша прыстроіўся на крэсле побач з бабулькай. Памаўчаў, пабарабаніў пальцамі па калене, загаварыў:
— Ну завіруха разгулялася... Ні праехаць ні прайсці. Паслухайце, маці... — Ён далікатна абняў старую за плечы.— Я думаю, граху не будзе, калі мы Пятра тут пахаваем. Надвор'е, бачыце, якое, ад шашы да вас не праб'ёмся.
— А мае ж вы дзетачкі... — Бабулька сцялася і безабаронна пераводзіла вочы з Ларысы на Стася, што таксама сядзелі пры нябожчыку.— А хіба я сама ўдумала? А то ж яго волечка апошняя...
— Не плачце, бабуля. Давязём! У выпадку чаго трактар у калгасе возьмем.
Дзядзька Міша паклаў на пляменніка здзіўлены позірк, але настойваць на сваім не стаў.
Бабулька глядзела на Стася, і ў яе слязістых старэчых вачах свяцілася ўдзячнасць уратаванага ад вялікай бяды чалавека.
— Хадзіце, мужчынкі! — гукнула цётка Домна.— Гора-горачкам, а падхарчыцца трэба.
На кухонным стале стаялі талеркі са смажанінаю і скрылямі апетытнай вантрабянкі, міса квашаніцы і Стасева бутэлька дэсертнага. З вуліцы даляцеў бязладны мужчынскі хор і жаночы рогат. Дзядзька Мікола счакаў, пакуль песня аддалілася, і недаверліва глянуў на стракатую налепку.
— Ну, давайце, гэта... Чокацца нельга. Выпіўшы, ён накалоў на відэлак скварку. Стась паспытаў вантрабянкі. Дзядзька Міша падсунуў бліжэй квашаніну і папрасіў гарчыцы.
— Салодкае,— прамовіў дзядзька Мікола.— Але градусы ёсць.
— Еш, еш, хлопчык мой.— Цётка Домна падклала Стасю падсушаных скварак.— Свежанькае ўсё. Прыедзь калі, каўбаскі возьмеш, сальца кавалачак.
— I ў водпуск да нас давайце,— падтрымаў яе чалавек.— Малой і малако, і трускаўкі свае, і яблыкі.
— Паспрабуем,— без ніякай упэўненасці сказаў Стась: жонка выбівала на лета пуцёўкі на Каўказ.
Пакуль вячэралі жанкі, мужчыны гаманілі пра палітыку. Было відаць, як бабулька нешта клыча бяззубым ротам і сёрбае з кубка гарбату, але ў хаце па-ранейшаму гучалі яе ціхенькія ўсхліпы, нібы яны ўжо набылі самастойнае жыццё.
Каб разагнаць дрымоту, ён выйшаў праветрыцца. Замятуха прытамілася, бралася на мароз. Стась уявіў, як іх сябрына сабралася зараз у Генкі, і яму здалося, што ён прыехаў на хаўтуры не сёння, а, прынамсі, тыдзень таму.
Бразнула клямка, і на ганак у кажушку наапашкі выслізнула цётка Ванда.
— Галава расколваецца,— прыклаўшы маленькую далонь да лоба, паскардзілася яна прытворным голасам не саракагадовай жанчыны, а Стасевай равесніцы.
Цётка ўмела наўздзіў лёгка мяняць голас.
— Кампанія ўчора падабралася як мае быць. Ой, і павесяліліся! Н. (яна назвала прозвішча вядомага мастака) Босха падарыў. Французскае выданне. Уяўляеш?!
Радасць ад падарунка была праўдзівай. Стась ведаў, што цётка на самой справе тонка разбіраецца ў мастацтве і — даволі нечакана для жанчыны — любіць Босха. Аднак Стась насцеражыўся: ён адчуваў, што цётцы не проста хочацца пагаварыць і падыхаць свежым паветрам.
— У мяне для Алісы гасцінец ёсць. Апельсіны.
— Дзякуй.
— А Іра — малайчына, цудоўнае імя выбрала.
— Ну, гэта, дапусцім, дыскусійна.
— Ты не маеш рацыі. Паслухай толькі, як гучыць: Аліса Станіславаўна,— прамовіла яна нараспеў голасам папулярнай кінаактрысы і плаўным жэстам намалявала перад сабою хвалю.— Адразу Кэрал успамінаецца, «Аліса ў краіне цудаў».
— А таксама ліса Аліса і кот Базіліо.
— Вы пасварыліся? — устрывожылася цётка.
— Што вы, цёця. Усё нармуль.
— Аліса здаровенькая? — пасля паўзы спытала яна, і ў яе словах Стасю прыблюзнілася нейкая падказка.
— Тэмпературыць... — знячэўку вырвалася ў яго.
— Ну вось.— Стасю пачулася, што цётка чакала менавіта такога адказу.— Дыягназ?
— Ангіна.
— Таблеткамі не захапляйцеся. Баржомі з гатаваным малаком. Альяс з мёдам... — заклапочана давала парады цётка Ванда.— А ты, дружок, вось што — адпраўляйся заўтра дадому. Абыдуцца і без цябе. Ірыне там адной і ў аптэку збегаць нельга.
— Ды ну... Пайшлі, цёця, засцюдзянееце,— няпэўна сказаў ён, адчуваючы ці не радасць ад магчымасці хуткага вяртання і непрыязь да чалавека, які неспадзявана даў яму гэтую магчымасць і з якім ён, ні аб чым не згаворваючыся, усё ж як быццам увайшоў у змову.
Усе сядзелі наўкруг нябожчыка.
—...уранні ў шыбіну стук-стук,— шэптам апавядала цётка ІОля.— Яна падхапілася: аж ён сам пад акном. Усміхнуўся — і ў сад. I кожын божы дзень гэтак стукаў, да самых сарачын. Як ранне, так і тут.
— То, Юлечка, душа яго прыходзіла,— прыцішана загаварыла бабулька.— Ты, глядзі, вадзіцы ў кварту налі, і хай сорак дзён стаіць. I хлеба лустачку палажы яму.
Тонкія вусны цёткі Ванды скрывіліся. Ад такой размовы ёй было яўна не па сабе, і гэта прынесла Стасю якуюсьці помслівую ўсцеху.
— Няўжо вы верыце ў гэтыя казкі?
— Душа, дзетка, ва ўсіх людцаў ё,— з нечаканай годнасцю адказала цётцы Вандзе старая.— Дык чаго ёй сваёй хаты цурацца? Пераведаець сваіх, ёй і спакайней тамацька.
— Наша мама-нябожчыца так казала,— уступіла ў гаворку цётка Домна.— У што чалавек верыць, тое яму і ёсцека, а ў што не верыць, таго і нямашака.
Запанавала няёмкае маўчанне.