— Не плачце, мама. Слязамі яму не паможаце.— Цётка Юля здавалася зусім спакойнай, яе выдавалі адно задужа сухія балючыя вочы на такім падобным да бацькавага шыракаватым сялянскім твары, што Стасю раптам захацелася прыбраць пад чорную хустку пасмачку моцна пабітых сівізною цётчыных валасоў.
— А чым, Юлечка, памагчы? — ціхенька, быццам нясмелае дзіця, сказала бабулька.— Ці ё той бог на свеце, ці няма яго? Чаго ж ён такіх непаровых бярэць?..
— Няма бога! — дыхнуўшы танным віном, пераканана сказаў дзядзька ў ватніку і, кіўнуўшы на цьмяны абраз, дадаў: — Дарма, Мікітаўна, карцінку павесіла.
— Ён у цябе есці не просіць,— абсекла цётка.
— Няма бога,— упарта гнуў сваё дзядзька.— Усё гэта прырода. Калі па-боску, тут Цыбульку ляжаць трэба. Аж не, усягды добры ўперад ідзе зямлю парыць. Ён даўно яе чуў. Чу-у-ў! Чаго, думаеш, дроў табе на тры гады навазіў?.. Ага. Каторы і чуе, а палец аб палец не стукне, сядзе каменем і чакае. Чалавек Васільевіч быў, адно слова — чалавек.
— Ой не кажы, дзетка.— абазвалася бабулька.— Такі тружанік. Мне ўлетку і пуньку ператрос.
— З Пецевага ўчастка ён,— ціха адказала нётка на Стасеў запытальны позірк.— А гэта маці. Пеця ў яе адзін і быў, Шура яшчэ, дык той з вайны не прыйшоў. Прыехала пад ранне, а ён ужо — увесь... Хаваць туды павязём.
— Далёка?
— Кіламетраў дзвесце. Па шашы — бяды няма, леспрамгас аўтобус дае. Вось там як да дзярэўні дзесяць кіламетраў такой пагодай агораем?..
«Дзвесце кэмэ,— прыкінуў Стась.— Заўтра ўвечары там. Паслязаўтра — хаўтуры і памінкі, яўна не з'едзеш. Тры дні»,— падрахаваў ён і сам сабе прысвіснуў: весела! Замест камандзіроўкі ў сталіцу вымалёўвалася засесці з нябожчыкам у сумётах.
— А маці як маецца? — запыталася цётка Юля.
— Нармальна. У гасцях у сяброўкі. Хацеў тэлеграму даць — адраса не пакінула.
— Цяпер на дзевяты дзень хай ці на сарачыны.— Яна паправіла пад галавой у нябожчыка падушачку.
Цягліва зарыпелі, заскардзіліся дзверы з сянец. Цётка выйшла, і з кухні пачуўся яе голас:
— Глядзі, Ларыска, многа не палі.
У тоненькім вірлястым дзяўчы Стась ледзь пазнаў сястру. Апошні раз бачыліся на яго вяселлі; тады Ларыса яшчэ, як кажуць, у рэшаце спала, а зараз — дзесяцікласніца, ужо, відаць, са сваімі дзявочымі сакрэтамі.
Ларыса знячэўку прыхінулася да яго, тыцнулася носікам у шчаку, і Стась адчуў, як па шчацэ пабегла яе сляза.
Яны з Ларысай распалілі грубку і вярнуліся да нябожчыка. У нагах дзядзькі Петры на ашпалераным перасценку Стась змеціў каляндар з Монай Лізай. Будучыя дні новага года выстраіліся акуратнымі роўнымі радкамі лічбаў, і тут, побач з нябожчыкам, у гэтым іхнім парадку чулася нешта здзеклівае.
Вызваліўшы месца некаму з суседзяў, ён прымасціўся за перабойкаю на нягеглай праседжанай канапе. Ад кафлявага шчыта грубкі струменіла цяпло, цяжэлі, зліпаліся павекі.
...— Свайго татку ўспомніў, саслабеў... А сабраўся як: штонікі летнія, шкарпэтачкі свіцяцца. Разгубілася дзіця...— гучаў няспешны спеўны голас, і Стась, не адплюшчваючы вачэй, убачыў лагодную, павольную ў рухах вясковую кабету, улюбёную татаву сястру цётку Домну, і павеяла харошым і чыстым, і паўстала перад Стасем прадзедаўская бярэзіна з несціханым грачыным кірмашом і хата пад ёю — тры акны на вуліцу, хата, што не чула дзіцячага смеху і гопаішя, апроч яго, Стасевых, калі малы летаваў там, хата, куды ўжо гады тры ніяк не выпадала завітаць.
— Самавалкі? — Бурклівы голас дзядзькі Міколы дзіўна дысаніруе з мяккім — ката не пакрыўдзіць — характарам.
— Самавалкі, дзетка.— Гэта бабулька.— А мякенькія, а цёпленькія. Пархвер у нас у дзярэўні такі быў, валіў валёнкі. Памёр той Пархвер, а цяперака ніхто і не ўмеець, а каторы, можа, і ўмеець, дык не хочыць. Нявыгадна, дзетка, во і не робяць людзі...
Стасю чулася, нібыта нейкі струмень часу, што плыве супроць агульнай плыні, перанёс яго туды, дзе з гэтымі людзьмі было добра і проста. А варта вярнуцца ў сягоння, і ўсё знікне, не будзе нават аб чым гаварыць. «Але, жывём у розных плоскасцях. I нікуды ад гэтага не ўцячэш. Каб дасягнуць — трэба ахвяраваць».
— Паспаў, хлопчык мой? — цётка Домна пагладзіла яго па галаве.— Гулялі недзе ноч?..
— Гулялі.
— Як жа дачушка ваша?
— Нармальна.
Падаў мазольную руку дзядзька Мікола.
— Як, Уладзіміравіч, жысць?
— У норме.
— А мы тыдзень, як парсючка забілі,— загаварыла да Стася цётка Домна.— Спраўны, дзякуй богу, сальца на далонь. Думалі, на свята госцейкі якія будуць, аж самім ехаць прыйшлося. Божа-божа... Во мне торпу капец на дварышчы і сасніўся.
— Чорнае на няшчасце,— азвалася цётка Юля.
У сенцах энергічна затупалі, залопалі па адзежы, атрасаючы снег, і Стась з палёгкай убачыў у дзвярах вялізную, але па-спартыўнаму падцягнутую постаць у дыхтоўным паліто з шалевым каўняром. За дзядзькам Мішам крыху баязліва пераступіла парог невысокая зграбная жанчына ў імпартным кажушку — цётка Ванда.
Дзядзька Міша пацалаваў кожнага ў губы, імкліва прайшоў у другі пакой і пацалаваў нябожчыка. Цётка Ванда ўсхліпнула і нахілілася да васковых рук, так, здаецца, і не крануўшы іх вуснамі.
Бабулька пры новых людзях зноўку загаласіла: