На развілцы за невялікім горадам, што заставаўся ўбаку, галасаваў невысокі, гадоў дваццаці хлопец у джынсах і зялёнай клятчастай кашулі з закасанымі рукавамі.
Лісоўскі заўсёды падвозіў спадарожнікаў: любіў пагаманіць з новым чалавекам, распытаць пра жыццё, паслухаць якую цікавую гісторыю альбо анекдот. Да пасажыраў ён ставіўся з гэткай добраю паблажынкай і ніколі не браў грошай, чым падсвядома трохі ганарыўся.
Вішнёвыя «Жыгулі» плаўна затармазілі.
— Мірск,— павітаўшыся, сказаў хлопец. Лісоўскі запрашальна махнуў рукой.
— У самы Мірск?
— Не. Яшчэ дваццаць кэмэ.— Пасажыр назваў вёску.
— Шанцуе табе,— шчыра ўзрадаваўся Лісоўскі.— З ветрыкам і без перасадкі. Як у лепшых дамах... Ведаю я гэту вёску, летась там вішні на кампоты браў.
Хвілін колькі ехалі моўчкі.
«Жыгулі», напяўшыся, абышоў салатавы «Масквіч» старога выпуску. Лісоўскі хмыкнуў:
— Во дае! Вясёлы мужык!
Ён азартна дадаў газу і лёгка абагнаў нахабніка. Хутка «масквічок» зелянеў ужо далёка ззаду.
Шаша, зрэдку віляючы, ляцела па чыстых сонечных баравінах. Абапал на ўгрэвах гарэлі лілавата-пурпуровыя астраўкі скрыпеню.
— Піць хочаш? Пацягні! — Лісоўскі кіўнуў галавой на сядзенне, дзе ляжала ёмістая поліэтыленавая барылка.
Спадарожнік прыклаўся на некалькі глыткоў і ацёр вусы тылам далоні.
— Дзякуй.
— Няма за што. Не нагрэлася яшчэ?
— Норма.
— Вязу да падлешчыкаў. Мінулы раз з цесцем вяліць падвесілі. Якраз паспець павінны...— Лісоўскі прыжмурыўся і выцягнуў губы ўперад.— З півам пасля лазні пойдуць — святыя такога не елі.
Машына абагнала пустыя калёсы; на іх, звесіўшы праз драбіны ногі, ехаў дзед у зімовай шапцы. Лісоўскі спыніўся:
— Гэй, баця! Давай транспартам мяняцца!
Дзед не адгукнуўся, толькі махнуў на каня лейцамі.
— Ну, як хочаш.— Лісоўскі, незадаволены, што не падтрымалі жарту, ляпнуў дзверцамі і крануў з месца. Але неўзабаве прыкрасць мінулася, і ён гучна засмяяўся.
— Анекдот учора расказалі. Слухай. Расказваць анекдоты Лісоўскі ўмеў. Скончыўшы, ён раскаціста зарагатаў і ажно дастаў ілбом абаранку, паказаўшы пры гэтым сваю лысаватую макаўку.
— Ну як?
— Нармальна.— Пасажыр усміхнуўся ў акуратную цвёрдую шчотачку вусоў.
Лісоўскі спадзяваўся, што спадарожнік разлічыцца за ягоны анекдот сваім, ды той маўчаў. А Лісоўскаму карцела паразмаўляць. Ён любіў гаваркіх пасажыраў.
— Да сваякоў гоніш? Сальца-гурочка на зуб па-класці захацелася?
Пасажыр адмоўна пакруціў галавой.
— А да каго?
— Ды так...
«Узяў як чалавека, а яму пагаварыць па-людску цяжка»,— пакрыўдзіўся ў думках Лісоўскі, але роспыты не пакінуў.
— Працуеш дзе ці вучышся?
— Працую.
— I кім?
— Мастак.— Пасажыр чамусьці збянтэжыўся.— Ну які мастак... Стэнды афармляю, лозунгі пішу...
— У мяне малец знаёмы таксама мастак. Жыве — і не скардзіцца,— сказаў Лісоўскі, задаволены, што размова, здаецца, пачынае наладжвацца.— А я ў дзяцінстве, ты ведаеш, і сам гэтую справу любіў.— На ягоны твар выплыла спакойная паблажлівая ўсмешка.— На Новы год сёлета меншы мой прычапіўся: намалюй яму на акне ваўка з зайцам, і ўсё тут. Давялося стары спрыт паказаць. «Ну, пачакай!» зрабіў, Кракадзіла з Чабурашкам, Віні-Пуха... Радасці малому было!.. Так, будзем курыць...— «Жыгулі» прыстроіліся да гужа машын перад закрытым пераездам, і Лісоўскі выключыў матор.— А з адукацыяй як? — павярнуўся ён да пасажыра.
— Ніяк пакуль.
— Вучышся?
— Кінуў.
— Во як...— зацікавіўся Лісоўскі.— А што кінуў?
— Горны.
— Інстытут?
— Ага.
У вачах Лісоўскага бліснуў недавер.
— Няўжо не падабалася? Там жа конкурсы, я чуў, о-го-го! У суседа сын летась паступаць ездзіў...
Спадарожнік марудзіў з адказам.
— Мабыць, цяжка было? — настыраўся Лісоўскі.
— Чаму? Лёгка ўсё ішло.
— Дык што тады?
Хлопец, заціснуўшы ў кулак падбародак, пазіраў, як уперадзе бяздумна, упэўнена і нястрымна несліся кудысьці па рэйках аднолькавыя льснянабокія цыстэрны.
— Мне маляваць трэба,— ачуўшыся ад одуму, загаварыў ён.— Атрымаецца з мяне мастак ці не — не галоўнае...— Яго пальцы камячылі палатняны мяшэчак, што ляжаў на каленях.— Галоўнае, каб самім сабой застацца. Разумееце?
— Чаго ж... разумею,— з прыхаваным скепсісам азваўся, заводзячы матор, Лісоўскі.
«Самім сабой — не самім сабой... Арыстоцель... Прасцей трэба быць. А можа, турнулі проста з інстытута, а цяпер байкі баеш...»
Гамонка загасла. Спадарожнік апусціў шкло і падставіў загарэлы твар ветру. Вецер кудлаціў, бэрсаў жарыя валасы, якія на сонцы адлівалі меддзю. Твар асвятляла нейкая ціхая прытоеная радасць.
Лісоўскі пакруціў ручку прыёмніка, зноў знайшоў музыку. Склаўшы губы трубачкай, пачаў падсвістваць, але хутка замаўчаў. Дзесьці глыбока ў душы закволіўся, кальнуў маленькай голкай незразумелы лёгкі неспакой, і разам з ім з'явілася дзіўнае адчуванне, нібы трэба нешта ўспомніць — толькі што?