Читаем Добры дзень, мая Шыпшына полностью

— То я пачакаю?

— Выйдзі! — глуха, як гакнуўшы цяжкай сякерай, выдыхнуў Лісоўскі. Пальцы на абаранцы пабялелі ад напружання.

Вусны пасажыра таргануліся; ён пачырванеў так, што зусім светлымі сталі выгаралыя бровы, разгублена правёў рукой па валасах і выйшаў з машыны. Няўпэўнена выняў з кішэні партманет.

Лісоўскі рыўком зачыніў дзверцы і рвануў з месца...

Віта

На чыстым небе пераможна ззяла вечарніца. Сёння спраўдзілася тое, аб чым ён не дзень і не два марыў, да чаго спакваля рыхтаваўся. Праект дарогі да літаратурнага запаведніка — ягоны! Праект, што спярша аддавалі чалавеку, які з роднай паэзіі ведае ў лепшым выпадку дзесятак радкоў, вызубраных пад прынукай яшчэ па школьнай чытанцы. Нарэшце шэф пачынае разумець, што рэстаўратарам мае права звацца не першы-лепшы дыпламаваны архітэктар, а той. хто жыве ўсім гэтым...

Віктар наўпрост, цераз парк, кіраваўся да прыпынку. Падталая за дзень сцежка падшэрхла і прыемна храбусцела пад нагамі рассыпчастым снегам.

Заўтра за працу... Ён усміхнуўся ад светлага святочнага пачуцця. Больш за ўсё на свеце любіў ён па выхадных заставацца ў хатнім зацішку сам-насам з хвалюючай нерушшу ватману...

Спачатку ён праскочыў міма. Але праз некалькі крокаў малюнак, які вока проста механічна схапіла, быццам фотаапарат, праявіўся, і Віктар убачыў на пакінутай за спіной лаўцы дзяўчыну ў белым з жоўтымі паскамі футэрку, убачыў, што яна адна, што яна плача.

Ён паволі вярнуўся, падняў з долу яе выстылыя пальчаткі і прысеў поруч. Дзяўчына не зварухнулася. Яна скамянела пазірала некуды ў хвоі, дзе бэзавы сакавіцкі прыцемак гусцеў глухой фіялетавай цемрай. Па шчацэ дзяўчыны паўзла празрыстая кропля, і Віктару здалося, што зашклёная свежым лядком лужынка каля лаўкі — гэта наплаканыя слёзы. Ён паспрабаваў жартаваць, аднак дзяўчына, відаць, і не пачула ягоных слоў. Тады Віктар далікатна, але настойліва змусіў яе падняцца, памог азалелым рукам асвойтацца ў кішэнях футра і павёў дзяўчыну на прыпынак. Яна скарылася, не вымавіўшы ні слова; каб не застылая на заплаканым твары балючая адлучанасць, яна выдавала б вялікаю завадной лялькай, што ўмее хадзіць. «Хутчэй за ўсё, няшчаснае каханне»,— паблажліва падумаў Віктар.

У аўтобусе дзяўчына пачала пакрысе ажываць. Прыгожыя карыя вочы, якія дасюль абыякава і невідушча глядзелі ў нікуды, сагрэла кволая цікавасць. Нібы ачуўшыся ад цяжкага сну, дзяўчына правяла прзіркам па аўтобусе, спынілася на Віктары, і ў наступнае імгненне ён зразумеў, што ўсцешыўся перамене дарэмна: тонкія рысы нервовага твару зблажыла грымаса болю, і плечы дзяўчыны затрэсліся ад плачу.

— Ну, супакойцеся, супакойцеся...— разгублена гаварыў Віктар.

Усхліпы і сапраўды сталі радзейшыя. Гэта кранула Віктара, і ён паабяцаў сабе, што з рук на рукі здасць свой нечаканы клопат яе маме.

— Нам на наступным выходзіць,— ціха прамовіла дзяўчына.

«А мая румза на вачах робіць поспехі. Брава-бра-ва!» — Ні ў чым, пачынаючы з жыццёвых дробязяў, ён не любіў сааўтараў.

На вуліцы дзяўчына ўзяла яго пад руку, і Віктару падалося, што прыгода мае ўсе шанцы закончыцца зусім не перадачай румзы яе дарагой мамачцы. Але ў руцэ, якая моцна трымалася за ягоную, было штосьці базабароннае, і ён адпрэчыў здагадкі.

У перадвыхадны дзень вокны дамоў здаваліся больш светлымі і цёплымі, чым звычайна. За імі людзі чакалі некага, вячэралі ці глядзелі тэлевізар, і не верылася, што там можа адбывацца нешта благое. Хтосьці чакаў і яе — каб супакоіць, развесці бяду, напаіць ад прастуды гарачай гарбатай з малінавым варэннем. А ён сёння раней заваліцца спаць, каб заўтра на свежую галаву аддацца працы. У думках Віктар быў ужо на той дарозе сярод гонкіх бароў і ўзараных спадзістых пагоркаў, падобных увесну да вялізных самавітых боханаў хлеба. Там, дзе за павароткаю лес знячэўку расхінаецца, адкрываючы воку зялёныя асмужаныя разлогі, ён паставіць драўляную скульптуру Сейбіта...

Яны падымаліся ў ліфце. Дзяўчына дастала ключы, і Віктар занепакоіўся: яе рука дрыжала. У рэшце рэшт, ён зрабіў усё, што ад яго залежала. Аднак падумалася гэта неяк няўпэўнена.

— Ну вось... Да пабачэння...— Голас прагучаў нечакана лагодна, нібы ў нечым пераконваў яе.

— Не! Не! Не пакідайце мяне! — Дзяўчына сутаргава схапілася за яго; карыя вочы поўніліся страхам і маленнем.

Віктар паціснуў плячыма.

Па той бок дзвярэй ён не знайшоў ніякага тлумачэння яе страху. Утульная аднапакаёвая кватэра. Шпалеры пад цэглу. Сценка са сціплаю калекцыяй самавараў, букетам сівых круглагаловых дзьмухаўцоў і кнігамі, кнігамі... Цёмна-зялёны рад акадэмічнага выдання літаратурных помнікаў, Мантэнь, якога даўно хацелася перачытаць. Абцёртыя, цісненыя золатам пераплёты мінулага стагоддзя. Вялікае мяккае крэсла, патануўшы ў якім так добра гартаць старую кнігу, удыхаць яе непараўнаны таемны пах і чакаць кавы, што гатуе на кухні гэтая дзіўная дзяўчына.

Перейти на страницу:

Похожие книги