— Не буду. Болей ніколі не буду, — смяялася Наташа.
— Піф-Піф! — гучна крыкнуў Міхась.
Мы думалі, што Піф-Піф у доме, а ён ззаду вылез, з кустоў.
— Я вас слухаю. Мы ажно падскочылі.
— Цьфу, — плюнуў Міхась на зямлю. — Піф-Піф, ты здань ці чалавек?
— Я вас слухаю.
— Да яго не дойдзе, — сказала Наташа. — Не старайся, не выхоўвай.
Міхась паказаў на мой малюнак.
— Піф-Піф, мы хочам зрабіць вось такую прыладу. Каб таўшчыню дрэва каля кораня вымераць. Як твайму гаспадару хочацца. Але голымі рукамі гэтую прыладу не зробіш. Нам патрэбны піла, малаток, два цвікі, аловак, долата і драўляныя рэйкі. Добра, калі паструганыя прынясеш. Зразумеў?
Піф-Піф моўчкі павярнуўся і пайшоў.
— Да Кляйна пасунуўся, — сказала Наташа. Мы селі на лаўку і сталі гадаць: прынясе ці не прынясе Піф-Піф усе гэтыя інструменты?
Мне не вельмі хацелася, каб ён іх прынёс. Рабіць фіту на такой гарачыні? Не, лепей у цяньку пасядзець. Можа, пашкадуе нас Кляйн? Мы здагадаліся, як таўшчыню дрэва вымераць. Скажа: «Прыдумалі, і хопіць».
Ды Кляйн, відаць, усё рабіў наадварот. Праз паўгадзіны Піф-Піф прынёс і пілу, і малаток, і долата, і цвікі, і доўгую драўляную рэйку, і аловак.
Мы прыняліся за работу. Адрэзалі ад рэйкі тры кавалкі: два меншыя, роўныя, а трэці крыху большы — на метр. На маім малюнку ён пад лічбай адзін паказаны. На адным канцы прыбілі да яго цвікамі калодачку — невялікі кавалак ад рэйкі,— прыставілі лінейку, нанеслі дзяленні, сантыметровыя і нават міліметровыя.
А вось далей прыйшлося папацець. Долатам на канцах меншых планак давялося дзіркі дзяўбсці. А гэта работа нялёгкая. І далікатная. У адной планцы, якая на малюнку паказана пад лічбай два, выдзеўблі дзірку так, каб гэтая планка магла пасоўвацца па планцы, дзе дзяленні нанесены. А ў другой планцы выдзеўблі дзірку якраз на таўшчыню метровай планкі, той, што з дзяленнямі. Прасадзілі яе ў гэтую планку, замацавалі нерухома. Так і фіту зрабілі.
— Вось якія рагулькі ў нас выйшлі! — абрадавалася Наташа.
— Гэтыя рагулькі мех золата каштуюць, — сказаў Міхась. — У мяне, пакуль зрабіў, сем патоў выцекла.
Узялі мы фіту, рагулькамі да ствала прыставілі, каб шчыльна-шчыльна са ствалом было. Трыццаць тры сантыметры пяць міліметраў — вось якую таўшчыню фіта на дзяленнях паказала.
Ніколі я не думаў, што давядзецца таўшчыню неспілаванага дрэва мераць. А давялося.
ДЗІКІЯ ПЧОЛЫ І ІНШАЕ
У гэты дзень мы палуднавалі без Кляйна. Зноў нас кармілі і цяпай, і патрашкай. А потым прынеслі смажаную бульбу з салёнымі агуркамі. Адставіўшы ўбок талеркі з цяпай і патрашкай, мы дружна накінуліся на бульбу. Піф-Піф, які гаспадарыў за сталом, напэўна, глядзеў на нас і здзіўляўся: чаму раптам у нас такі апетыт з’явіўся?
Калі мы ўсталі з-за стала, Піф-Піф сказаў:
— Доктар Кляйн прасіў, каб вы яго пачакалі. Зноў селі за стол. Індзейцы сабралі са стала посуд, выйшлі з пакоя. Разам з імі пайшоў і Піф-Піф. Дзверы ён пакінуў адчыненымі. Мы зразумелі, што хутка з’явіцца Кляйн.
І не памыліліся. Кляйн увайшоў у пакой, прагаварыў, не прывітаўшыся:
— Малайцы, галубкі, малайцы. Хвалю за кемлівасць.
А я сядзеў і разважаў: «Чаму ён да нас прыйшоў? Што яшчэ прыдумаў? Магчыма, загадае, каб дрэвы ў лесе палічылі. Адвядзе якую-небудзь дзялянку: лічыце, лайдакі, няма чаго мой хлеб дарма есці. Някепска было б, каб такое заданне даў. І яго папрасілі б, каб з намі пайшоў. А там паказалі б, як Рымша з панам гаварыў. Прывязалі б да дрэва і лупцавалі б, пакуль тры скуры не сышло б. І вайну яму ўспомнілі б, і Эльдарада».
Вось так я разважаў, хоць і разумеў, што такое разважанне — самая звычайная фантазія. Цяпер я ведаў: з Кляйнам няпроста змагацца. Але ж такая фантазія цешыла. Дык чаму не паразважаць, калі на душы прыемна становіцца?
— Доктар Кляйн, — перабіў мае разважанні Міхась, — дзе вы так доўга бавіліся? Ці не ў Еўропу па бульбу і агуркі ляталі?
Кляйн неяк радасна заіржаў (не, не думайце, што я памыліўся. Менавіта заіржаў. Недзе з самага горла ішоў яго смех і вельмі нагадваў конскае ржанне).
— У мяне ёсць свая Еўропа. Хоць і маленькая. У мяне свае парнікі. Там і бульба расце, і ўкроп, і цыбуля, і памідоры. Нават парэчкі, маліна, рабіна. Гэта мая маленькая Еўропа. Вядома, я мог бы абысціся і без парнікоў. У Эльдарада заўсёды цёпла. Але індзейцы… Раскрадуць усё. Дый парнікі я спачатку для пчол будаваў.
— Для пчол? — вырвалася ў Наташы. — Пчолы ў вудлях сядзяць.
Твар у Кляйна свяціўся, як новы самавар. Я здагадаўся, што сёння асаблівы настрой у яго.
— Пчолы ў мяне незвычайныя. Ядавітыя і вельмі агрэсіўныя. На любую жывую істоту роем нападаюць. Вось і паставіў я вуллі ў парнікі.
— Вы баяліся, што яны па Эльдарада разляцяцца, індзейцаў пакусаюць? — дрыготкім голасам прамовіла Наташа.
Кляйн гучна шчоўкнуў пальцамі.
— Баяўся, каб у мой дом не заляцелі. А індзейцы… Індзейцы што. Яны да ўсяго прывыкаюць. Дый скура ў іх дубільная. Ніякая пчала яе не праткне. Ха-ха-ха…
Кляйн рагатаў, шырока адкрыўшы рот. А я падумаў: «Вось каб тую пчалу туды кінуць. Хай патанцаваў бы».
— А дзе цяпер вашы пчолы? — спыталася Наташа.