Читаем Эльдарада просіць дапамогі полностью

— Тут. А колькі раёў да суседзяў, у Амерыку, выпусціў. Для эксперымента. Яны лятаюць па Амерыцы, на жывёл нападаюць, на людзей. А я пра гэта па радыё слухаю. Слухаю і розуму набіраюся.

У мяне ажно ў скронях затахкала, як пачуў такое. Я ўспомніў пра другога нямецкага вучонага, Які, як і Кляйн, таксама жыў у Баварыі. Толькі ў васемнаццатым стагоддзі. Пра Якуба Шафера. Ен назіраў за тым, як восы сваю хатку будуюць. Адгрызаюць кавалачкі гнілога дрэва і ляцяць з імі да сваёй хаткі. А там перажоўваюць іх і сцены робяць, падобныя на прамакатку. Шафер прыйшоў дамоў, сабраў валокны драўніны, апілкі, стоўк у ступе, прасеяў праз рэшата, вадою развёў. Затым тое месіва прыціснуў прэсам, высушыў. Так ён навучыўся паперу вырабляць. І другіх навучыў. А гэты? Што ён вярзе?

— Вы не думалі пра тое, што людзям страшна? — спыталася Наташа.

— Ха-ха-ха… Страшна… Ха-ха-ха…

Рагочучы, Кляйн паваліўся на крэсла. Я нечакана для сябе націснуў на кнопку. Вы, напэўна, памятаеце, што ў Кляйна, калі націснуць на кнопку, што справа, крэслы падскоквалі, як наравістыя коні?

— Ой! — падскочыў Кляйн разам з крэслам. — Ой! Ой!

«Пакатайся крыху на сваім коніку, пакатайся. Яшчэ не так завойкаеш», — радаваўся я.

Кляйн націснуў на кнопку, што злева. Крэсла перастала падскокваць.

— Гэтыя кнопкі я паздымаю, — прагаварыў Кляйн, уважліва пазіраючы на мяне. — Душу вытрасуць. Не заўважыў, як націснуў на праклятую.

— Доктар Кляйн, чаму ў вас так часта ружы паліваюць? — вырашыў перавесці гаворку на іншае Міхась.

— Назіральны ты. Малайчына, — пахваліў Кляйн Міхася. — Чуў, што такое фітатэрапія? Лячэнне пахам кветак. Пахі многіх кветак жыццядзейнасць арганізма падтрымліваюць. А калі пах кветак асабліва ўзмацняецца? Пасля дажджу. Тады эфірнае масла хутчэй выпараецца з нектарніка кветкі. Гэта ад таго, што дажджынкі ў нектарнік трапляюць. Вось я і хачу, каб ружы не толькі пасля дажджу моцна пахлі.

«Я хачу…» Хачу — і ўсё. Такі яго закон. Быццам малое дзіцё разважае. «Я хачу…» А як астатнім?

— Праўда, што вы ведаеце, як жыццё прадоўжыць? — спытаўся Міхась.

Кляйн пагладзіў сябе па жываце.

— Я шмат чаго ведаю. Я, напрыклад, ведаю, што неўзабаве атрымаю прадукты з метала. Такая складаная сістэма, як жывая клетка, функцыяніруе па цвёрдых законах хіміі. Гэта адкрыццё дазволіла мне атрымаць клеткі з патрэбнымі для маіх задум характарыстыкамі. Я нават стварыў зусім новыя гібрыды клетак. Гэта пераадольвае бар’ер несумяшчальнасці. У маім парніку растуць гібрыды яблынь і вішань, бульбы і памідораў. Уяўляеце?

— Дык і працавалі б у парніках. Навошта дзікіх пчол і павукоў-людаедаў выводзіць? — сказала Наташа.

— Навошта? Каб баяліся нас. Каб гнуліся перад намі. Сіла і салому ломіць. Ці не так?

— Але ж французскі фізік Жоліо Кюры пісаў, што нельга дазволіць, каб людзі накіроўвалі на сваё ўласнае знішчэнне тыя сілы прыроды, якія яны здолелі адкрыць, — не вытрымаў Міхась.

Я разумеў, што небяспечную спрэчку распачалі Міхась і Наташа. Ведаў, што дабром яна не кончыцца. Напэўна, і мае сябры выдатна разумелі гэта. Але хіба можна было згаджацца з Кляйнам?

Кляйн уважліва паглядзеў на нас.

— Пойдзем са мною, — сказаў рэзка, як аддаючы каманду. — Я адзін эксперымент праводжу. Паглядзіце.

<p>ЭКСПЕРЫМЕНТ ДОКТАРА КЛЯЙНА</p>

Кляйн каціўся па двары, як мячык. Мы ледзь-ледзь паспявалі за ім. Прабеглі па адной дарожцы, павярнулі на другую.

— Стойце!

Кляйн спыніўся як укопаны. Мы ледзь не наляцелі на яго.

— Бачыце? — паказаў Кляйн на хатку, зробленую з бамбуку, чароту і пальмавых лістоў.

Каля хаткі, павярнуўшы набок галаву, сядзела аўчарка.

— Чаму яна так галаву выгнула? — запытаўся Міхась у Кляйна.

— А вунь ад тых слупоў калючы дрот працягнуты, — весела прагаварыў Кляйн.

Сапраўды, каля хаткі былі закапаны два слупы, непадалёку адзін ад другога. Як для гайданкі звычайна закопваюць. Але замест гайданкі хтосьці (магчыма, і сам Кляйн) нацягнуў калючы заіржавелы дрот, прыкладна ў метры ад зямлі, а мо і крыху вышэй.

— Навошта там дрот? — пацікавілася Наташа.

— Хутка даведаецеся, — пачулі ў адказ.

З-за хаткі выбег маленькі кудлаты сабачка. У зубах ён нёс кавалак мяса. Віляючы хвастом, падбег да аўчаркі, паклаў перад ёю мяса. А аўчарка нават галавы не павярнула. Толькі высунула язык і аблізнулася.

— Чаму гэты кудлацік аўчарцы мяса прынёс? Чаму так дагаджае ёй? Хіба гэтая аўчарка сабачы кароль? — здзівілася Наташа.

А кудлаты сабачка схапіў мяса ў зубы, устаў на заднія лапы і… даў аўчарцы. Аўчарка імгненна глытнула мяса.

— Сапраўдны кароль. Свайго слугу мае, — засмяяўся Міхась. — Някепска яму жывецца. Прыносяць і ў рот кладуць.

Кляйн хітра падміргнуў нам, прыжмурыўшы вока.

— Аўчарку нашыйнікам я за дрот зачапіў. Другі дзень яна тут стаіць.

У Наташы на вачах выступілі слёзы.

— Навошта так? — паціху сказала яна.

Перейти на страницу:

Похожие книги