А на пярэдняй парце, затуліўшы пальцамі вушы, выдатніца Аня Бялько прагна прабягае вачамі старонкі падручніка. На секунду адрываецца, штурхае локцем свайго суседа па парце Сяргея Мазаля: «Зноў мухі лічыш? Чытай». А той, шырока раскрыўшы рот, соладка-соладка пазяхае: «Паспею». Сяргею з першага класа ніякая навука ў галаву не лезе. З першага класа з тройкі на двойку перапіхаецца. Яго ўжо некалькі гадоў настаўнікі збіраюцца пакінуць на паўторны год, ды, добра папалохаўшы, пераводзяць. Шкадуюць. Сяргееў бацька, як людзі кажуць, паехаў сабакам сена касіць, а маці не дае яму рады. Сяргей неяк хваліўся нам: «Я на лес гледзячы расту». Лянівы ён стаў, гэтак жывучы — на лес гледзячы.
Вось і ўвесь наш клас. Тры дзяўчынкі і пяць хлопчыкаў. Здзівіцеся: мала. Нашу Вароніцкую васьмігадовую школу малакамплектнай называюць. У кожным класе па сем — дзесяць вучняў.
- Ідзе! — у адзін голас крыкнулі Света і Іра, кінуўшыся за парту. А потым, перавёўшы дух, усхвалявана прагаварылі: — Нейкая цётка да нас ідзе!
— Праверка. З раёна прыехала, — сказала Аня. — Вы хоць павітайцеся як вучні.
Мы, забыўшыся пра тое, што трэба сённяшні параграф давучыць, выцягнуліся каля партаў.
У клас упэўнена зайшла незнаёмая жанчына. Чамусьці адна, без Раісы Пятроўны. Жанчына спынілася каля настаўніцкага стала, усміхнулася нафарбаванымі вуснамі:
— Што, дзеткі, не пазналі мяне? Я Баба Яга.
Ад нечаканасці мы селі. Разам, быццам хтосьці за нябачную вяровачку ўсіх нас таргануў.
— Адзін, два, тры, чатыры, пяць, шэсць, сем, восем, — стала лічыць гэтая дзіўная жанчына, тыцкаючы пальцам. Потым прамовіла: — Чатыры дзяўчынкі і чатыры хлопчыкі? Так?
— Вы Пецю Тарасевіча за дзяўчынку палічылі, — устаў з-за парты Дзіма Клімовіч. — Многія так памыляюцца. А вы, напэўна, артыстка, з тэатра прыехалі?
Жанчына села на крэсла, закінула нагу за нагу, паказала пальцам на Пецю.
— Вунь таго, кучаравенькага, як баранчыка, за дзяўчынку палічыла?
Мы так і паехалі са смеху. Вось гэта цётка, вось гэта артыстка! Умее смяшыць. Нездарма ёй грошы плацяць. Цікава: з якога горада яна да нас прыехала?
Мы смяяліся, а Пеця сядзеў, аберуч абняўшы галаву. Так хацелася яму схаваць валасы, як у баранчыка. І яшчэ Аня не смяялася. Што ж, гэтых выдатнікаў цяжка рассмяшыць. Яны толькі сур’ёзнае любяць.
Аня азірнулася, крыкнула:
— Цішэй! — Потым запыталася, звяртаючыся да вясёлай жанчыны: — Хто вы?
— Я вам казала. Баба Яга. Страшна? Аня пабялела, сяброўкі Света і Іра піснулі:
— Боязна.
— Казачкі, — азваўся з-за парты Сяргей Мазоль.
— Я і ёсць з казачкі. Ды не з адной. Мяне ў розных казках паказваюць. Вы думалі, што Баба Яга непрыгожая? Была калісьці непрыгожая: і нос кручком, і шчокі маршчыністыя, і валасы раскудлачаныя. Усе на мяне пальцам паказвалі, нават у госці не запрашалі. Надакучыла хадзіць непрыгожаю. Пайшла ў касметычны кабінет, слязу пусціла. Тры пластычныя аперацыі мне зрабілі, падфарбавалі, падмалявалі.
— У Бабы Ягі павінна быць хатка на курыных нагах, — не вытрымаў Андрэй Налівайка. — І мятла. Без мятлы і хаткі яна і кроку не ступіць.
— Зараз убачыце маю хатку.
Жанчына падышла да акна, перагнулася, пазіраючы ўлева, туды, дзе стаяла школьная сталовая. А пасля як залямантуе:
— Яны майго ката за хвост цягаюць!
І бягом з класа, ляпнуўшы дзвярамі. Аж тынкоўка са сцяны пасыпалася.
Мы, вядома, таксама хутчэй да акна. Акно невялікае, а нас усё-ткі васьмёра. Усім не хапае месца. Піхаемся, кожны наперад пнецца. Нарэшце Дзіма Клімовіч і Андрэй Налівайка здагадаліся: на падаконнік залезлі. Адразу стала вальней.
Каля школьнай сталовай, убачылі мы, стаяла сапраўдная хатка на курыных нагах. З коміна нават дымок ішоў. А на саламянай страсе, выгнуўшы спіну, стаяў чорны кот. Малыя з другога класа доўгаю жэрдкай паролі гэтага ката. «Ён уцёк ад іх, — здагадаўся я. — А цяпер дастаюць са страхі».
«Мяў-мяў», — злосна мяўкаў кот, выпускаючы кіпцюры.
Да малых падбегла гэтая дзіўная жанчына, вырвала з іхніх рук жэрдку, замахнулася:
— Вось я вас!
Малыя з віскам пабеглі ў школу.
— Вось я вас! Пачастую! — крычала жанчына.
Цяпер мы паверылі, што гэта была сапраўдная Баба Яга.
ФОКУС-МОКУС БАБЫ ЯГІ
Успацелая, расчырванелая вярнулася Баба Яга ў клас. Сядзім за партамі, як мышы, вачэй з яе не спускаем. А што, калі і на нас з жэрдкаю кінецца?
— Коціка майго пакрыўдзілі, — прагаварыла Баба Яга, сеўшы на крэсла.
— Што? — спытаўся Сяргей Мазоль. — Не чую.
«Вось напалохаўся, — думаю. — Ажно вушы заняло».
Баба Яга ўсміхнулася:
— У цябе, відаць, у адно вуха ўлятае, а ў другое вылятае.
Тут яна, як гаворыцца, у самую кропку трапіла. Сапраўды, іншы раз на ўроку настаўнікі так ужо стараюцца, так стараюцца, а Сяргей зусім не хоча іх разумець. Сядзіць і вухам не вядзе.
— Салевіч, а яна вясёлая цётка, — таўхануў мяне локцем Андрэй Налівайка. — У казках пішуць, што нядобрая, злая.
— Зашмат фантазіруюць у казках, — згадзіўся я з Андрэем.