— Падабаецеся вы мне, — нечакана прамовіла Баба Яга. — Я за вамі даўно сачу. Вашы настаўнікі на ўрок ідуць, а я ў печку на мятле спушчуся і слухаю, як чытаеце, як рашаеце. Не падабаецца вам чытаць, не падабаецца рашаць, Вы самыя гультаяватыя ў школе. Малайчынкі. Навошта тая навука патрэбна? Ад яе толькі галава баліць. Дый колькі не вучыся, усё роўна мала. Як ні старайся, а бацькам і настаўнікам не дагодзіш. Двойку на тройку выправіш — прымушаюць, каб на чацверку выцягнуў. Пачаў на чацверкі вучыцца — хочуць, каб пяцёркі прыносіў. А пабегаць калі? А пагуляць? Летам? Лета як адзін дзень прабягае. Хіба паспееш за лета нагуляцца, набегацца?
Слухалі мы Бабу Ягу і згаджаліся. Правільна яна кажа. І пра адзнакі, і пра адпачынак. Настаўнікі і бацькі хочуць, каб усе мы пяцёрачнікамі былі. І па спевах каб пяцёркі атрымлівалі, і па матэматыцы, і па фізкультуры, і па мове, і па геаграфіі, і па працы… А калі б усе, да адзінага, пяцёрачнікамі сталі, тады яны, напэўна, новыя адзнакі прыдумалі б. Шасцёркі, а можа, і сямёркі. Зусім дыхнуць не далі б. Яны такія.
Быццам зачаравала нас Баба Яга. Ні разу ніколі ніводнага з настаўнікаў мы так уважліва не слухалі. Нават Аня ажно рот разявіла. А Сяргей Мазоль ажно цвіце. Быццам не за партаю сядзіць, а за святочным сталом на свае імяніны. Задаволены, як кот, які ўволю смятаны наеўся.
— Не слухайце сваіх настаўнікаў, — працягвае Баба Яга. — І бацькоў не слухайце. З сённяшняга дня я сама стану вас вучыць. Я буду ставіць адзнакі наадварот. Хто вывучыў урок, таму двойка. А хто не вывучыў, таму пяцёрка. Згодныя?
— Гэта мне вельмі падабаецца, — падаў голас Сяргей. — Мне мама паабяцала маторны веласіпед купіць, калі дзесяць пяцёрак прынясу.
- І сто прынясеш. І дзвесце, калі спатрэбіцца, — усміхнулася Баба Яга.
— Можна зусім урокі не вучыць? — спытаўся Андрэй Налівайка.
— Можна нават кніжак не адкрываць.
— Ура! — закрычаў Андрэй. — Цяпер я цэлымі днямі буду з татам на трактары катацца.
— Ура! — падхапілі мы за ім.
Толькі Аня Бялько не крычала. Яна сядзела і моргала вачамі. Напэўна, зусім разгубілася.
— Крычы «ўра», — тузануў яе за касу Сяргей.
Мы прыціхлі, пазіраючы на Аню.
Аня ўстала і заявіла, звяртаючыся да Бабы Ягі:
— Наш дырэктар Анатоль Лукіч табе не дазволіць гэтага — адзнакі наадварот ставіць. Ён у нас сур’ёзны.
— Гэта той, у якога чорныя вусы? Дык я зачаравала яго, — сказала Баба Яга. — І настаўнікаў зачаравала, і вучняў. Некаторыя бегалі, над маім катом здзекаваліся, але нядаўна і іх зачаравала. Спяць усе. Акрамя нас.
У Ані ажно твар выцягнуўся.
— Калі так, то і я згодная, — разгублена прагаварыла яна і села за парту.
А Баба Яга, чаго мы ніяк не чакалі, прытупнула і заспявала:
Мы сядзелі як у ваду апушчаныя. Не верылася ў тое, што яна сказала. Хіба можа быць так, каб уся школа адразу заснула?… Чаму раптам так абрадавалася Баба Яга? Спачатку расказвала, выхоўвала, а цяпер танцуе, спявае…
— Штосьці тут нячыстае, — шапчу я Андрэю. — Чуў, як спявае? «Буду ўсіх за нос вадзіць…»
Падбегла Баба Яга да мяне. Слых у яе, відаць, як у дзікай кошкі.
— Нячыстае, хлопчык. Здагадлівы ты. Праўда, зачаравала я вучняў і настаўнікаў, ды праз гадзінку яны прачнуліся б, калі б вы не згадзіліся наадварот вучыцца. Не падзейнічалі б на іх мае чары. А цяпер настаўнікі будуць доўга-доўга спаць.
— А вучні? — не выцерпеў я. — У мяне брацік Міколка ў другім класе вучыцца.
— За Міколку не хвалюйся. Твой Міколка ўстане і пабяжыць дамоў а палове трэцяй, калі ў вашай школе ўрокі заканчваюцца. А назаўтра ён у школу не пойдзе. Навошта ісці? Спіць яго настаўніца.
Зноў устала Аня.
— Я здагадалася. Ты наш клас знарок выбрала. Ты ведала, што згодзімся ні за што пяцёркі атрымліваць. Ведала, што не захочам вучыцца.
— Ведала. Нездарма столькі ў печцы прасядзела, сажу на сабе выносіла. Вось толькі думала, што з табою прыйдзецца паняньчыцца, пакуль на свой лад перавыхаваю. Але і ты адразу згадзілася. Малайчынка. Растанцавалася я ад радасці, не вытрымала. І вы не засмучайцеся. Хіба кепска вам? Гуляйце, весяліцеся, мяне слухайцеся. А цяпер пойдзем са мною. Падзівіцеся, як настаўнікі спяць. Пабачыце мой фокус-мокус.
ЯШЧЭ АДЗІН ФОКУС-МОКУС
І мы пасунуліся за Бабай Ягой. На калідоры было ціха-ціха. Нязвыкла ціха. Я не вытрымаў, зазірнуў у другі клас. Дзе Міколка? Ага, вунь, за партаю. Спіць, паклаўшы галаву на кулачок. І яго настаўніца Ніна Іванаўна спіць, стос сшыткаў абняўшы. Паспела ў свой клас прыйсці… Спяць, не ведаюць, што Баба Яга па школе ходзіць.
Я паціхеньку зачыніў дзверы і пабег за сябрамі. Баба Яга стаяла ў настаўніцкай і запрашала ўсіх:
— Заходзьце, заходзьце, не саромейцеся.
Сябры-аднакласнікі стоўпіліся каля парога. Я пралез наперад.
— Ой! — дзесьці ззаду войкнулі ў адзін голас Света і Іра.
Сапраўды, было ад чаго войкнуць. Нашы настаўнікі ўсе да адзінага спалі як пшаніцу прадаўшы.