Я даўно марыў у нейкае незвычайнае падарожжа адправіцца. Каб з прыгодамі, каб ажно дух займала! І вось яно, пачынаецца…
— Не пайду ў лес, — падала голас Іра.
— Не йдзі, заставайся ў класе, — кажу ёй. — Баба Яга хутка прытупае.
— Ой! — войкнула Іра. — Пайду.
— Я не пайду, — якнуў Сяргей Мазоль.
Вырашыў і Сяргея напалохаць:
— Сядзі. Баба Яга як дзьмухне, так ты разам з партай у трыдзесятым царстве апынешся.
Анічуць не спалохаўся Сяргей:
— Усё роўна не пайду. Не хочацца. Хай яшчэ крыху настаўнікі паспяць.
Мы яму і так, і гэтак, а ён на сваім стаіць.
— Не пайду. Я Бабы Ягі не баюся.
— Ты хочаш са школы ўцячы, — нарэшце здагадаўся Дзіма Клімовіч. — Я цябе наскрозь бачу. Мы за парог, а ты сабак ганяць. Не выйдзе. Я цябе рамянём да парты прывяжу.
— Няўжо прывяжаш?
— Прывяжу. Ты мяне ведаеш. Я словы на вецер не кідаю.
Уздыхнуў Сяргей:
— Было не было. Пайду…
— Партфелі возьмем, — прапанавала Аня. — Хай Баба Яга думае, што мы дамоў пабеглі, што выйшла, як яна хацела.
— Тады я і мяч вазьму, — сказаў Дзіма. — Гэтай нячыстай сіле не вер. Яшчэ прапора.
Мы ўзялі партфелі і выйшлі з класа. Я на хвілінку спыніўся, азірнуўся. Печка, класная дошка, кніжныя шафы, вазоны на шафах — усё да драбніц знаёмае, блізкае. Упершыню быццам другімі вачамі паглядзеў на ўсё гэта, і чамусьці зашчымела на душы!
Рэзка павярнуўшыся, я пабег за сябрамі. «Вось і зрабілі рашаючы крок», — падумалася.
СВЕТ НЕ БЕЗ ДОБРЫХ ЛЮДЗЕЙ
Як ужо казаў вам, за школьнай сталовай пачынаўся лес. У гэты лес мы і пайшлі па шырокай, наезджанай калёсамі дарозе. На пяску, у каляінах, засталіся адбіткі курыных кіпцюроў — сляды, якія пакінула хатка Бабы Ягі. Мы не сумняваліся, што гэтыя сляды прывядуць нас туды, дзе схавалася Баба Яга.
Не памятаю, ці доўга так ішлі, бо тут, у лесе, мы як бы забыліся пра тое, што існуе час: секунды, хвіліны, гадзіны. Не ведаю, чаму так здарылася: ці то ад хвалявання, ці то ад жадання хутчэй знайсці Бабу Ягу, ці то яшчэ ад чаго. Час для нас як бы спыніўся.
Наезджаная дарога скончылася, пачаўся стары яловы лес. Ціха, змрочна было тут.
— Вернемся? — дрыготкім голасам прамовіла Іра Кавалевіч.
— Вернемся, — падтрымаў яе Сяргей Мазоль.
Дзіма Клімовіч патрос кулаком.
— Я табе вярнуся. Дзесьці за гэтым лесам Баба Яга. У мяне інтуіцыя.
Ён рушыў наперад. Мы пацягнуліся за ім. Патыхала сырасцю, сухое галлё трашчала пад нагамі. Страх міжвольна пракраўся ў душу.
— Сцяжынка! — крыкнуў Дзіма.
Сапраўды, мы заўважылі вузенькую сцяжынку.
— Пойдзем па гэтай сцежцы, — прапанаваў Андрэй Налівайка. — Яе, відаць, Баба Яга пратаптала. Каму яшчэ тут хадзіць?
— Пратаптала, — незадаволена буркнуў Сяргей. — Ходзім, як сляпыя кацяняты. Так і да канца навучальнага года не знойдзем Бабу Ягу.
Мы збочылі на сцяжынку, шпарка пакрочылі наперад. Сцяжынка вяла кудысьці ўгору.
— Палянка! — гукнуў Дзіма.
І праўда, мы выйшлі на невялікую палянку, залітую сонцам. Тры дарожкі цягнуліся ад гэтай палянкі. Адна вяла прама, другая — налева, трэцяя — направа…
Мы разгубіліся. Па якой дарожцы ісці цяпер? У якім баку Баба Яга жыве?
Невядома, колькі так стаялі б, тапталіся б, калі б… Ды не буду забягаць наперад, раскажу пра ўсё па парадку.
Па дарожцы, якая вяла прама, насустрач нам ішлі мужчыны, барадатыя, светлавалосыя, шырокія ў плячах, у круглых капелюшах з шырокімі брылямі, у доўгіх каптанах, падперазаных вытканымі паясамі, у лапцях. Двое, якія ішлі ўперадзе, на сукаватых кіёчках неслі зрэбныя торбачкі. А трэці — ён паволі клыпаў ззаду — трымаў у руках берасцяную дудку.
— Адкуль яны? Няўжо са старажытнасці? — здзіўлена прамовіла Аня.
— Мы не спім? — ушчыкнуў сябе за шчаку Андрэй Налівайка.
— Яны, відаць, у музей залезлі, адзенне пакралі і так апрануліся. Баюся, — прашаптала Іра.
— Не бойцеся. Гэта тры браты з казкі «Бацькаў дар», — здагадаўся я. — Там вось як пра іх напісана: «Жыў на свеце адзін добры чалавек. Было ў яго тры сыны — два разумныя, а трэці Іван-прасцяк. Разумныя пажаніліся, сем’і завялі, а Іван усё на печы ляжыць, на жалейцы іграе».
— Міхась, — тарганула мяне за рукаў Аня, — ты думаеш, што гэта казачныя героі?
— А хто ж яшчэ?
— Выходзіць, што мы ў казачны лес трапілі?
Я не паспеў адказаць, бо мяне апярэдзіў Андрэй:
— Мы зараз у іх пра ўсё даведаемся.
Мужчыны падышлі бліжэй, павіталіся:
— Дзень добры.
— Добры дзень, — дружна адказалі мы.
— Вы з казкі «Бацькаў дар»? — спытаўся Андрэй.
— Але, адтуль, — паважна адказаў мужчына, у якога была самая доўгая барада. — Я старэйшы брат. Побач са мною — сярэдні брат, а ззаду — Іван-прасцяк. Ён у нас з маленства на дудцы іграе. Прычапіўся, як бярозавы ліст, і ходзіць за намі. Ужо і праганяць яго надакучыла.
Іван хітра падміргнуў нам: маўляў, разумнымі сябе лічаць, а без мяне не абыдуцца.
— Дык мы ў казачным лесе цяпер? — смела, як у добрых знаёмых, пытаўся Андрэй.
— Угу, — паварушыў вусамі старэйшы брат.
— Баба Яга тут жыве?
— А як жа. Тут яшчэ і Цмок жыве, лясны цар. Ён Бабе Язе дваюрадным дзядзькам прыходзіцца. Магу дарогу да яго паказаць.
— Нам да Бабы Ягі трэба трапіць. Па якой сцежцы да яе ісці?
— Патрэба ёсць?