— Ёсць. Хочам ад знаёмага вестачку перадаць, — схлусіў Андрэй.
— За патрэбу плацяць.
Старэйшы брат зняў з кія торбачку, дастаў хлеб, сала, сеў на траву. Малодшыя браты селі побач, узялі па скварцы, пачалі няспешна есці.
— Дык па якой сцежцы ісці? — не выцерпеў Андрэй.
Старэйшы брат з’еў скварку, сабраў у жменю крошкі хлеба, кінуў у рот.
— А пайдзіце за цёмны лес, у зялёныя лугі. На шаўковых мурагах пасецца конь буланай масці. Прывядзіце яго мне. Тады пакажу, якая сцежка да Бабы Ягі вядзе.
«Прывык чужымі рукамі жар заграбаць, — падумаў я. — Каня буланай масці, які на шаўковых лугах пасецца, яму захацелася! Зараз скажа, каб залатую рыбку злавілі, каб на пасылках яна яму служыла. Ёсць жа такія на свеце!»
— Навошта табе буланы конь? Поле араць? — пацікавілася Аня.
Старэйшы брат усміхнуўся:
— Адвык я поле араць. Хай другія аруць. У заморскім царстве малодшая царская дачка залезла на пяты ярус у цераме, села на акенца і абвясціла, што той, хто да яе на кані даскочыць, за таго яна замуж пойдзе.
Тут і я не вытрымаў:
— Да царскай дачкі хочаш даскочыць? У цябе сям’я ёсць. Я гэта добра ведаю. Я ўчора казку чытаў.
— Пакінулі яны свае сем’і, — сказаў Іван-прасцяк.
— А ты маўчы! Табе слова не давалі.
Старэйшы брат парнуў Івана кіем у бок.
— Можа, ты скажаш, па якой сцяжынцы ісці? — спытаўся Андрэй у сярэдняга брата.
Той насунуў капялюш на вочы і прагаварыў, не гледзячы на нас:
— На адным хутары жыве дзед. Схадзіце да яго і вазьміце зрэбную торбачку. Гэтая торбачка чароўная. Як пакладзеш перад сабою і скажаш: «Торбачка, раскаціся, раскруціся, дай піцення, дай ядзення», — дык адразу ўсё будзе. А як наясіся і скажаш: «Торбачка, скаціся, скруціся, піценне, ядзенне, згарніся», — і торбачка зноў стане такой, як была.
Вось гэта дык браты! Адзін за другога разумнейшы! Гульма гуляюць, лёгкага хлеба шукаюць. Іх каб да нас, у вёску. Там навучылі б, як працаваць.
— Пасылаеш, каб ад дзеда торбачку адабралі? — усклікнуў Дзіма Клімовіч. — Той дзед усё жыццё працаваў, поле араў. Ён заслужыў торбачку, ён цяпер на пенсіі. І вы папрацуйце. Будзе ў вас свая торбачка. І напоіць яна вас, і накорміць.
— Што з імі размаўляць, — кажу. — Такія зімою лёду пашкадуюць. Пайшлі куды-небудзь.
— Не куды-небудзь, а прама ідзіце, — азваўся Іван-прасцяк. — Там Баба Яга жыве.
— Дзякую, — сказаў я. — Свет не без добрых людзей.
А старэйшы брат зноў кіем Івана ў бок.
— Прасцяк і ёсць прасцяк. Хто цябе за язык цягнуў?
Іван адышоўся ўбок і заіграў на дудцы.
— Ты ім не вер, — сказаў Івану Андрэй. — Яны цябе прададуць і грошы палічаць.
- Ідзіце, пакуль не паказаў дзе ракі зімуюць, — агрызнуўся старэйшы брат.
— Каб вас Баба Яга ўсіх у печ пасаджала! — пажадаў на развітанне сярэдні брат.
СУСТРЭЧА З ЦМОКАМ — ПУДЗІЛАМ ПАГАНЫМ
Ідзем па сцежцы, смяемся, жартуем. Вельмі здзівілі нас два браты: старэйшы і сярэдні. Такіх тыпаў яшчэ ніколі не страчалі. Як у нас у вёсцы заведзена? Сусед суседу дапаможа і сена прывезці, і агарод узараць. А дарогу паказаць? Любы пакажа, толькі спытайся. Нездарма прыказку прыдумалі: язык і да Кіева давядзе.
Насмяшылі яны нас. Нават Іра і тая павесялела.
— Гэтых братоў-лайдакоў каб у музей паставіць, — сказала яна. — Каб прыходзілі людзі і дзівіліся.
— Такія без карысці і палец у ваду не абмочаць, — дадаў Дзіма.
— Бародамі па самыя вушы зараслі, а царэўну шукаюць, — засмяяўся Андрэй. — Зусім здзяцінелі.
— Невядома, з кім яшчэ сустрэнемся, — азваўся Сяргей. — Каб хоць з чалавекам. А то вылезе якое страшыдла лупатае. У гэтых казках усякая ўсячына ёсць.
Толькі прамовіў ён так, чуем: крычыць хтосьці ззаду:
— Стойце! Стойце!
Азірнуліся. Сапраўды, страшыдла лупатае ляціць, даганяе нас. Валасы ў яго, як кудзеля нячэсаная, вусы рэдкія, як у ката, тырчаць.
— Баюся, — заплакала Іра.
Хоць і ў самога як іголкамі ў пяты кальнула, але вырашыў супакоіць яе:
— Не бойся. Гэта Цмок з казкі «Пакацігарошак». У яго жалезны язык.
Лепей не ўспамінаў бы пра жалезны язык. Яшчэ мацней заплакала Іра.
— Баюся. Ён паб’е нас жалезным языком.
— Не плач, — кажу. — Гэты Цмок хоць і дужы, але розуму мае на адну столку. Ён ніколі ў школе не вучыўся. Мы яго вакол пальца абвядзём.
— Ён, відаць, прымусіць нас жалезны боб есці, — прагаварыў Андрэй Налівайка. — У каго ёсць цукеркі?
— У мяне, — выцерла слёзы Іра. — У партфелі ляжаць. Мятныя. Нават кавалачак цукру ўзяла. Ты хочаш Цмока пачаставаць? Каб не чапаў нас?
— Хай пакуль паляжаць. Цмоку і жалезнага бобу хопіць.
Мы здагадаліся, што Андрэй нешта такое прыдумаў, каб Цмока — пудзіла паганае — перахітрыць. Ды пытацца пра гэта не было калі. Цмок падляцеў да нас і радасна закрычаў:
— Я чалавечы дух за сто вёрст чую. Хадзем да мяне.
— Пусціце нас, дзядуля, — звярнулася да Цмока Аня. — Мы спяшаемся.
«І ў Ані душа ў пятках сядзіць, — падумаў я. — Цмока — пудзіла паганае — дзядулем называе. Вось да чаго дайшло!»
— Хадзем, — лыпнуў вачамі Цмок. — Я блізка жыву. Я вас доўга не пратрымаю. Магчыма, сто гадоў. Магчыма, крыху болей.
На сто гадоў да сябе запрашае… Лічыць, што нядоўга гэта. Жартаўнік…