Цмок збочыў з дарожкі, і мы пасунуліся за ім. А што было рабіць? Не згаджацца? У паганага Цмока сіла нечалавечая. Памятаеце, як з Пакацігарошкам дужаўся? «Дзьмухнуў ён — стаў медны ток». Калі б не згадзіліся, то ён нас адным пальцам за вуха ды на сонейка. З нячыстай сілай жарты кепскія.
Мы думалі, што Цмок прывядзе нас да дзівоснага палаца, у якім казачныя багацці ўбачым. Але ж не. Ні палаца, ні казачных багаццяў, як пазней даведаліся, у Цмока не было.
На лясной паляне сіратліва стаяў будан, зроблены з жэрдак, лісця, травы. Непадалёку гарэла цяпельца. У закопчаным чыгунку, які стаяў проста на вуголлях, булькатала вада.
— Вось тут я жыву, — паказаў Цмок рукою на будан.
— Ды ў нас куратнікі лепшыя робяць, — не вытрымаў Сяргей Мазоль.
— Быў у мяне калісьці палац. З чалавечых касцей збудаваны, чалавечымі касцямі пакрыты… Пакацігарошак яго разбурыў.
Цмок скрывіўся, як з’еўшы чагосьці горкага-горкага.
— Дом сабе пабудаваў бы, — кажу. — З бярвення. У лесе жывеш.
— Вы мне пабудуеце.
«Яшчэ адзін прывык на дарэмшчыну жыць», — думаю.
— Не ўмеем мы палацаў будаваць.
— Нічога. За сто гадоў чаму-небудзь навучыцеся.
— Пан Цмок, — прагаварыў Андрэй, — чаму нас жалезным бобам не частуеш? Мы з дарогі, прагаладаліся.
Я няласкава зірнуў на Андрэя. Бач, жалезнага бобу яму захацелася. Цікава: як ён есці той боб будзе? Грызці ці цалкам глытаць?
З-пад ядлоўцавага куста Цмок выцягнуў драўляную міску з жалезным бобам, жменяю зачарпнуў і ў рот насыпаў.
«Хрумсь, хрумсь» — затрашчаў жалезны боб.
Цмок скрывіўся:
— Зуб баліць. Болей не хачу. Частуйцеся.
— А ў нас свой боб ёсць, — сказаў Андрэй. — Яшчэ цвярдзейшы.
Ён расшпіліў Ірын партфель, дастаў адтуль драбок цукру, цукеркі, высыпаў сабе ў кішэню, а потым пачаў вымаць па адной і есці. Мятныя цукеркі хрумсцелі на зубах у Андрэя, як жалезны боб.
У Цмока вочы на лоб палезлі.
- І зубы табе не баляць?
— Не-а. Я такога бобу магу цэлую скрынку з’есці.
Цмок раптам усхапіўся і палез у будан. Глядзім — цягне перад сабою драўляную скрынку. А ў той скрынцы розныя гайкі ляжаць.
— Во, — пахваліўся. — Знайшоў на дарозе.
Я ажно здрыгануўся. Няўжо прымусіць нас гайкі есці?
Таго б сюды, хто гэту скрынку згубіў. Хай хрумстаў бы па адной.
— Я іх на запас трымаю, буду есці, калі зуб перастане, — сказаў Цмок. — Бобу зусім мала засталося.
Мы з палёгкаю ўздыхнулі. «Еш на здароўе, — думаю. — Можа, трактарам станеш».
А Цмок, паставіўшы скрынку, зноў палез у будан. На гэты раз вялізную сукаватую калоду выкаціў.
— Калі хто-небудзь з вас без сякеры яе пасячэ, без агню спаліць, тады ўсіх дамоў адпушчу, — заяўляе.
— А ты пасячэш без сякеры, без агню спаліш? — смела спытаўся Андрэй.
— Я цар лясны. Я толькі мезеным пальцам да яе дакрануся, дык яна рассыплецца на дробныя трэскі. А як дзьмухну, дык ад трэсак і пылу не астанецца.
— Гэта яшчэ віламі па вадзе пісана, — сказаў Андрэй. — А вось мне дык і дзьмухаць не трэба. Глядзі, што з тваёй калодай магу зрабіць.
Андрэй дастаў з кішэні драбок цукру, зняў з цяпельца гаршчок, крыху пачакаў і кінуў цукар у гарачую ваду.
Цмок нахіліўся над чыгунком.
— Знікае! — крыкнуў. — Знікае!
Мы здагадаліся, што цукар растае ў гарачай вадзе. Гэткага цуда Цмок яшчэ ніколі не бачыў.
— Няхай ведае нашых! — усміхнуўся Андрэй.
Нарэшце Цмок адышоўся ад гаршчка і прапанаваў:
— Давайце падужаемся.
Андрэй пачасаў галаву. Пэўна, не чакаў гэткага.
— Хлопцы, што рабіць? — прашаптаў. — Ён нас у парашок сатрэ і па ветры развее.
— Кінемся знянацку, за ногі ўчэпімся і пакоцім, — кажу паціхеньку.
А Цмок закасаў рукавы, дужацца сабраўся.
— Пан Цмок, ты спачатку з нашым малодшым братам падужайся, — нечакана прапанаваў Дзіма, паказваючы на футбольны мяч. — Толькі не рукамі з ім дужайся, а нагамі.
Дзіма падкінуў мяч угору і стаў падбіваць яго нагамі, не даючы апусціцца на зямлю.
— Бачыш, як паслухмяна брат у мяне скача? — Паспрабуй і ты так.
Дзіма моцна стукнуў па мячы, і мяч высока-высока паляцеў угору. Цмок падняў нагу, чакаючы, калі мяч апусціцца. І, калі мяч падаў на зямлю, са ўсяе сілы махнуў нагою. Нага прасвістала каля мяча, і Цмок грукнуўся на спіну.
— Ой-ё-ёй! — заенчыў. — Баліць!
— Так можна і нагу адарваць, — пырснула са смеху Аня.
«Падпілавалі рогі, — думаю. — Болей не захоча дужацца».
Напэўна, так і было б, калі б Сяргей Мазоль Цмока не падцкаваў:
— Цар лясны, наш малодшы брат цябе пакрыўдзіў. Трэсні яму па ілбе. Другою нагою.
Твар у Цмока наліўся чырванню.
- І трэсну! Я яму зараз так трэсну, што на кавалкі разваліцца!
Ён устаў, крыху пакульгаў па паляне, а пасля, як вецер, панёсся на мяч.
— Што будзе! Што будзе! — закрыла твар рукамі Іра.
— Галаву ён сабе скруціць, — прамовіў Сяргей.
Сяргей як у ваду глядзеў. Цмок з разгону наступіў нагою на мяч і, нязграбна выгнуўшыся ў паветры, бразнуўся вобзем. Ажно лісце з дрэў пасыпалася.
— Костачкі! Бедныя мае костачкі! — застагнаў.
— А ты з намі хацеў дужацца, — з пагардаю прамовіла Аня. — Малодшага брата не адолееш.
— Хто вы?
— Мы дзеці Пакацігарошка, — кажу. — Таго самага, які цябе па самыя вушы ў медны ток увагнаў.
— Я тады в-вылез з м-меднага току. Не бу-бу-бу…