Читаем Эльдарада просіць дапамогі полностью

Я, доўга не чакаючы, грукнуў кулаком:

— Супакойся, пан Цмок. Калі яшчэ хоць слова пачуем, то змалоцім на горкае яблыка.

Цмок штосьці мармытнуў і змоўк.

<p>САБАКА І ЯГО САБАЧАЯ ГРАМАТА</p>

Сядзім, адпачываем, а Цмок толькі крэкча ды вохкае. Раптам бачым: сабака з лесу ляціць. Той самы, у акулярах, на пана ці падпанка падобны. Ляціць і дубцом, як шабляй, махае.

Падскочыў да нас, дубцом замахнуўся:

— На калені!

Мы знячэўку разгубіліся. Пазіраем на яго. А ён свісь Дзіму па спіне.

Ну й раззлаваўся Дзіма! Усхапіўся, нібы яго кіпенем аблілі, як коршак, на сабаку накінуўся. Пакаціў, сеў вярхом і крычыць:

— Міхась, дубец забяры. А я з яго штаны сцягну. Зараз адхвошчам.

— Пусці! — завішчэў сабака.

А Дзіма:

— Дубец забірай. Чаго сядзіш?

Усхапіўся я, за дубец цягну, а сабака на аддае.

— Мой дубец! Мой дубец! — верашчыць.

Тады я яго за адно вуха, за другое. А ён ажно завыў:

— Не цягай за вушы. Адарвеш…

— Я табе не толькі вушы, але і хвост адарву, — кажу. — Пусці дубец.

Падзейнічала пагроза. Адпусціў. А я яго яшчэ раз за вушы. Каб ведаў, на каго кідаецца.

— Сцягвай штаны, — звяртаюся да Дзімы, махаючы дубцом.

Сабака ў слёзы:

— Пусціце. Я вам штосьці пакажу.

— Пусці, — кажу Дзіму.

Злез Дзіма з сабакі, непадалёку стаў, каб зноў кінуцца, калі ўцякаць задумае.

— Што там у цябе? Паказвай.

Сабака дастаў з кішэні нейкую паперку, разгарнуў і працягнуў Дзіму:

— Чытаць умееш?

— Жартаўнік, — засмяяўся я.

Дзіма ўзяў паперку, стаў чытаць, хмурачы бровы: «Сабачая грамата. Дадзена пёсу Барбосу ў тым, што ніхто гэтага сабаку і пальцам крануць не смее. А сам пёс Барбос мае права біць і кусаць простых людзей, колькі яму ўздумаецца».

Дзіма здзіўлена паглядзеў на мяне:

— Што гэта?

— Дык гэты сабака з казкі «Сабачая грамата», — успомніў я. — У ёй гаворыцца, што некалі панамі былі не толькі паны, а і панскія сабакі. І давалі ім паны важныя паперы — дваранскія граматы. Перад сабою бачыш такую грамату.

— Дык ты не просты сабака, а панскі?

— Панскі, — затрос галавою сабака. — І гэтую грамату я шаную як вока.

— Гм, — хмыкнуў Дзіма. — Дзівосы. Цяпер зразумела, чаму тры браты так паслухмяна твае каманды выконвалі. Цікава: дзе яны падзеліся?

— Уцяклі, — усхліпнуў сабака.

— Дык ты вырашыў нам на шыю сесці?

— Аддайце грамату. Я пайду братоў-лайдакоў шукаць.

Дзіма склаў грамату ў некалькі столак і… разарваў.

«Фу-у-у», — дзьмухнуў, падкінуўшы ўгору дробныя кавалачкі паперы.

— Што ты нарабіў! — усклікнуў сабака. — Цяпер я ўсе свае дваранскія правы страціў.

— Я вашы дваранскія правы адмяняю, — спакойна прагаварыў Дзіма.

Сабака падскочыў да яго, ашчэрыўся. «Чаго добрага, яшчэ ўкусіць, — падумаў я. — Відаць, распірае яго ад злосці».

Я замахнуўся дубцом:

— Сядзець.

Сабака скасавурыў вочы, вільнуў хвастом і сеў на зямлю.

Дзіма зняў з яго носа акуляры, прымераў сабе.

— Дубец адабралі, дык хоць акуляры аддайце, — тоненька заскуголіў сабака.

Дзіма зняў акуляры:

— Бяры. Я ў іх як сляпы кот.

Сабака борздзенька схапіў акуляры, схаваў у кішэню. Пабаяўся на нос чапляць. Відаць, падумаў, што зноў забярэм.

— Вы мяне адпусціце? — спытаўся, віляючы хвастом.

— На ланцуг пасадзім, — сказаў я. — Хопіць па лесе гойсаць.

— Ад нуды загіну. Я ніколі на прывязі не сядзеў.

— Прывыкнеш, — сказаў Дзіма. — Усе сабакі прывыкаюць. Спачатку выюць, а потым толькі гаўкаюць.

У мяху заварочаўся Цмок. Сабака спалохана азірнуўся:

— Што там?

— Цмок, — кажу знарок абыякава.

— Няўжо сам Цмок?

Я стукнуў па мяху нагою:

— Пан Цмок, азавіся. Ку-ку…

— Выпусціце мяне, злыдні, — заенчыў Цмок.

— Не выпускайце, — устрапянуўся сабака. — Ён калісьці прымушаў, каб я стойку на лапах рабіў. У мяне ад той стойкі і цяпер галава трасецца.

— Паскуднік! — данеслася з мяха.

— Яшчэ лаецца, — з крыўдаю прамовіў сабака. — Дазвольце яго дубцом пацягнуць.

Дзіма ўсміхнуўся:

— Калі ласка.

Сабака выхапіў з маіх рук дубец і са ўсяе сілы сцёбнуў па мяху.

— Ай-я-яй! — заенчыў Цмок.

Сабака сцёбнуў у другі раз.

— О-ё-ёй…

— Што, падабаецца? — спытаўся я ў сабакі.

Сабака шчасліва-шчасліва ўсміхнуўся:

— Яшчэ як.

— Ну і лупі, пакуль не надакучыць. А мы пойдзем. Некалі нам тут сядзець.

Сабака выцягнуўся, казырнуў:

— Буду старацца!

— Не сабака, а сапраўдны ваяка, — у рыфму сказаў Дзіма і дадаў: — Мех не развязвай, дваранін. Калі выпусціш Цмока, дык ён цябе разам са штанамі праглыне.

Мы зайшлі ў будан, забралі скрыпку і, пасвістваючы, накіраваліся да калодзежа.

<p>ЗНОЎ З СЯБРАМІ</p>

У музыкі-чарадзея ажно слёзы на вачах выступілі, калі ён убачыў сваю скрыпку.

— Прынеслі? Усё-ткі прынеслі? — толькі і прамовіў.

Узяў у рукі, прытуліў да грудзей.

— Цяпер я з табою ніколі не разлучуся.

— Малайцы хлопцы, — пахваліў нас дзядзька Тодар. — Цяпер да мяне. У госці.

Канечне, нам хацелася пабыць з сябрамі. Так, так, менавіта з сябрамі. Няхай дзядзька Тодар і музыка-чарадзей старэйшыя за нас, але мы непрыкметна пасябравалі з імі. Быццам з роўняй, пасябравалі. Як самыя блізкія сталі яны нам. Але ж і дома, гэта мы добра ведалі, чакаюць нас, непакояцца. А магчыма, і ва ўсе званы б’юць.

— Дзякую за запрашэнне, — сказаў Дзіма. — Не можам сёння. Як-небудзь у другі раз.

Перейти на страницу:

Похожие книги