Читаем Эльдарада просіць дапамогі полностью

— Вы заставайцеся тут, з музыкам-чарадзеем. Нельга яго аднаго пакідаць. А мы ўсё-ткі пойдзем, — прагаварыў Дзіма.

— Невядома, што Цмок цяпер задумвае, — дадаў я.

Дзядзька Тодар хвіліну памаўчаў, а потым сказаў:

— Відаць, ваша праўда, хлопчыкі. Ідзіце.

Дзядзька Тодар моцна-моцна абняў нас, пажадаў на развітанне:

— Шчасліва вярнуцца.

— Не хвалюйцеся. Хутка вернемся, — упэўнена прагаварыў Дзіма.

І мы рушылі ўверх па сцяжынцы. Туды, дзе Цмок.

<p>КАЛІ НЕ МУЗЫКА, НЕ БЯРЫ СКРЫПКІ Ў РУКІ</p>

Ужо пасля мы зразумелі, што знайсці Цмока будзе няпроста. Лес, як гаворыцца, вялікі і шмат сцежак у ім натаптана. Паспрабуй адшукай тую, якая да Цмокавага будана вядзе.

— Вось каб указальнікі былі, — кажу Дзіму. — Падобныя на тыя, што ў нас каля дарог стаяць. Падыходзіш і чытаеш: Цмок — пяцьсот метраў, Баба Яга — адзін кіламетр, Цар-чараўнік — трыста метраў. Не блудзілі б па лесе.

— Гэтыя нячысцікі павырывалі б твае ўказальнікі, — адказаў Дзіма. — Не спадабалася б ім, што кожны дарогу да іх ведае.

— Павыкідалі б, — згадзіўся я. — А вось каб спецыяльны компас быў! Націснуў на кнопку — і стрэлка паказвае, дзе, напрыклад, Цмок хаваецца. Чаму такі компас ніхто не прыдумае?

Дзіма незадаволена чмыхнуў носам:

— Ты яшчэ пафантазіруй.

- І пафантазірую, — загарэўся я. — Вось каб чарадзейны ветрачок мець! Крутнуў, а ён спыняецца і паказвае, куды ісці.

Дзіму, відаць, надакучыла мая балбатня:

— Не пляці глупства. Прыглядвайся, мо Цмокаў след на зямлі заўважыш.

— Слядоў тут многа, — кажу. — І ўсе яны падобныя. Як пазнаць, які з іх Цмок пакінуў? Панюхаць? Але ж я не сабака.

Дзіма спыніўся, схапіў мяне за плячо.

— Міхась, давай зловім таго сабаку, які трыма братамі камандуе. Прымусім, каб да Цмока завёў. Ён знойдзе Цмокаў след і завядзе.

Сапраўды, някепска прыдумаў Дзіма. «Зловім сабаку…» Відаць, дзесьці тут ён. Але ж і тры браты з ім. Што, калі за сабаку заступяцца? Заступяцца? Мабыць, не. Ім гэты сабака, як скула ў боку. Вунь як муштруе. Хутка да непрытомнасці іх давядзе. Яшчэ падзякуюць, што пазбавім ад яго.

— Дзіма, а ён нас не ўкусіць?

Дзіма пагардліва глянуў на мяне.

— Нейкага сабаку з дубцом спалохаўся. Забыўся, як у чужыя сады па яблыкі лазілі? Там ты сабак не баяўся.

І праўда, лазілі. І праўда, не баяўся. А ў нас у вёсцы нават аўчаркі ёсць. Дый усе яны на чатырох нагах бегаюць. Гэты ж толькі на дзвюх. Калі што, дык і ўцячы можна.

Гэтак разважыўшы, я павесялеў.

— Дзіма, — кажу, — мы яго абавязкова зловім. Ён нас як міленькі да Цмока завядзе. А заўпарціцца — здымем штаны з генеральскімі лампасамі і дубцом высцебаем.

Дзіма зарагатаў, задаволены.

— Мы яго ўсё роўна высцебаем, хоць і завядзе, — прагаварыў, ажно захлёбваючыся ад смеху. — Хай не камандуе людзьмі.

Мы хацелі ісці далей, ды пачулася знаёмая песня:

Шаноўны, шаноўны!Над намі ты галоўны.Ох, пёсік, ох, пёсік,Ох, пёсік, наш Барбосік.

Дзіма схапіў мяне за руку, пацягнуў у кусты:

— Схаваемся. Калі падыдуць да нас, выскачым. Знянацку захопім. Браты, думаю, адразу наўцёкі кінуцца.

— А сабака не пабяжыць за імі?

— Сабаку за ногі схопіш.

«Хітранькі, — думаю. — Я на сабаку кінуся, а ён у кустах адседзіцца».

— А ты? Што ты будзеш рабіць? — пытаюся.

— Я адразу за табою выскачу. Я сабаку рамянём рукі звяжу.

— Лапы, — паправіў я Дзіму.

— Ну, лапы, — згадзіўся ён.

Мы прыселі за кустом, цікуючы. На сцяжынку выйшлі тры браты і сабака.

«Аць-два, аць-два», — камандаваў сабака.

«Аць-два, аць-два», — у такт іграў на дудцы Іван-прасцяк.

«Аць-два, аць-два», — тупацелі нагамі старэйшыя браты.

Раптам яны спыніліся. Якраз насупраць нас.

Я таўхануў Дзіму ў бок:

— Выскачым?

— Крыху пачакаем.

Старэйшы брат прыхінуўся да хвойкі, прагаварыў, як тры дні не еўшы:

— Цяпер налева зварочваць?

Сабака свіснуў дубцом у паветры.

— Налева Цмок жыве. Прама ідзіце. Аць-два, аць-два…

Зноў заіграла дудка, зноў затупацелі браты.

— Хай ідуць, — звярнуўся да мяне Дзіма. — Цяпер і без сабакі ведаем, дзе Цмок жыве.

Крыху пачакаўшы, мы выйшлі на сцяжынку.

— Чаму сабака іх муштруе? — спытаўся я ў Дзімы.

Дзіма махнуў рукою:

— Так яму, відаць, захацелася. У сабак сабачыя звычкі. Што ўзбрыдзе, тое і робяць. Хіба не бачыў, як іншы раз на месяц гаўкаюць?

— Розныя сабакі бываюць, — не згадзіўся я з Дзімам.

— Хопіць пра сабак і сабачыя звычкі разважаць, — сказаў Дзіма. — Трэба Цмока шукаць.

І мы пайшлі па сцяжынцы, якая вяла налева.

Казачны лес, як ні дзіўна, зусім на наш падобны. Ну кропелька ў кропельку. Тут і трапяткую асінку можна ўбачыць, і купку стройных бяроз, і волат-дуб, і цэлыя зараснікі арэшніку. Высока ўгары вісяць нагрэтыя сонцам ажно да карычневага арэхі. Калі б спыніўся, то за дзесяць хвілін дзве кішэні арэхаў нарваў бы.

Але мы ішлі не спыняючыся. Наперадзе пасвятлела, і нарэшце ўбачылі паляну, а пасярод яе — будан. Каля будана на тоўстай калодзе сядзеў Цмок. У руках ён трымаў скрыпку.

Мы спыніліся. Цмок узняў скрыпку, павёў смыком. Скрыпка журботна піскнула і замоўкла. Цмок кінуў яе на зямлю, галёкнуў, як на жывую:

— Я хачу, каб дрэвы танцавалі, а ты ўсё плачаш!

Перейти на страницу:

Похожие книги