— Трэба хутчэй яго ратаваць! Хутчэй! Дзе дзядзька Тодар падзеўся? — у роспачы прамовіў я.
Мы ўжо не думалі ні пра трох братоў, ні пра сабаку — іхняга камандзіра. Адно круцілася ў галаве: музыка-чарадзей да студні прыкуты. Кепска яму, магчыма, памірае. Трэба ратаваць яго.
Ледзьве дачакаліся дзядзьку Тодара.
— Няма Цмока. Згінуў страшыдла, — паведаміў ён нам.
— Ну і халера з ім! — крыкнуў я. — Музыка-чарадзей да студні прыкуты.
— Загіне там, загіне, — прастагнаў дзядзька Тодар. — Пабеглі, хлопчыкі.
І першым, не чакаючы нас, ён прыпусціўся па сцяжынцы. Па той, якая вяла прама.
КАЛЯ СТУДНІ
Дзядзька Тодар бег як сапраўдны спартсмен. Дзіма не адставаў ад яго: трэніроўка дапамагала. А я дык зусім знясілеў.
Заўважыў гэта Дзіма, папракнуў:
— Чаго сапеш, як салявы мех? Хутчэй не можаш?
«Няўжо, — думаю, — за іх горшы?» Сціснуў зубы, пабег хутчэй. І, ведаеце, нібы другое дыханне з’явілася. Лёгка стала. За якую хвіліну дагнаў і Дзіму, і дзядзьку Тодара. Вось што значыць узяць сябе ў рукі.
Нарэшце ўбачылі студню, ручай. Спыніліся, азіраючыся. Дзе ж музыка-чарадзей? Няўжо выдумаў старэйшы брат, што ён да студні прыкуты? А можа, Цмок сюды прыходзіў, з сабою яго забраў?
Не. Дарма мы трывожыліся. Музыка-чарадзей ляжаў за студняй. Тоўсты ланцуг цягнуўся ад студні да яго рук.
Убачыўшы нас, музыка-чарадзей усміхнуўся, паспрабаваў прыўзняцца, ды не змог, зноў упаў на бок.
— Гэта вы? — ледзь чутна прагаварыў. — У мяне каторы дзень у роце макавай расінкі не было.
Дзядзька Тодар схапіў берасцяны кубак, які стаяў каля студні, падаў мне:
— Міхасёк, вады прынясі.
Я стрымгалоў паляцеў да ручая, зачэрпнуў чыстай, як сляза, крынічнай вады, кінуўся назад.
Дзядзька Тодар трымаў музыку-чарадзея на каленях, быццам малое дзіцё. Я ўкленчыў каля іх, паднёс кубак да рота музыкі-чарадзея. Музыка-чарадзей стаў піць, прагна, вялікімі глыткамі. Вада сцякала па барадзе, капала на сарочку, а ён не заўважаў гэтага.
— Дзякую, — потым прамовіў, апусціўшы галаву. — Я быццам упершыню смак вады адчуў. Ведаеце, якая яна салодкая, вада наша! Дзядзька Тодар дастаў з-за пазухі штосьці завязанае ў чыстую хусцінку. Разгарнуў яе, і мы ўбачылі лусту чорнага жытняга хлеба.
— Еш, — падаў музыку-чарадзею. — У цябе адразу сілы прыбавіцца.
Музыка-чарадзей вінавата ўсміхнуўся:
— Рук не падыму. Ланцуг цяжкі.
— Там молат ляжыць. І зубіла, — дзядзька Тодар паказаў рукою на купку кустоў, якія раслі каля ручая.
Цяпер пабег Дзіма. Праз хвіліну ён вярнуўся, несучы невялікі молат і зубіла. Дзядзька Тодар пасадзіў музыку-чарадзея на траву, узяў у Дзімы молат, зубіла і пачаў біць па тоўстым жалезным абручы, які сціскаў рукі музыкі-чарадзея. Вострае зубіла прарэзвала жалезны абруч, як нож рэжа масла. Мы з Дзімам пераглянуліся. Дзядзька Тодар заўважыў гэта, сказаў:
— Маё зубіла з асаблівай сталі зроблена.
Ланцуг упаў на зямлю. Музыка-чарадзей узняў угору рукі, радасна ўсклікнуў:
— У мяне нібы крылы з’явіліся.
— Еш, — сказаў дзядзька Тодар.
Музыка-чарадзей узяў лусту хлеба.
— Аерам пахне, — прагаварыў.
— Еш, — паўтарыў дзядзька Тодар. — Яго ў печы на аеры пяклі.
Музыка-чарадзей адкусіў кавалак.
— Што з табою здарылася, хлопча? Як ты трапіў у рукі гэтага нячысціка? — запытаўся дзядзька Тодар.
— Пераняў мяне на дарозе, прычапіўся як смала: «Дай хоць разок смыкам пацягнуць. Дай. Мо падабрэю я».
— Не дапаможа музыка таму, у каго душа чорная, — заўважыў дзядзька Тодар.
Музыка-чарадзей кіўнуў галавою:
— Пашкадаваў я яго. А ён мяне скруціў дый прыкаваў да студні.
«Будзеш тут замест ільва сядзець», — сказаў на развітанне.
У мяне міжволі сціснуліся кулакі. Калі б убачыў цяпер Цмока, то, не раздумваючы, кінуўся б на яго. Няхай скруціў бы, як музыку-чарадзея, няхай, але хоць раз добра стукнуў бы. Каб сіняк на ўвесь твар.
Дзядзька Тодар устаў, сказаў з горыччу:
— Ёсць жа такія! З адной губы ў іх і горача і сцюдзёна. Лісцем сцелецца, а ўкусіць цэліцца.
— А вы, выходзіць, шукалі мяне? — азваўся музыка-чарадзей.
— Шукалі, але не знайшлі. Дык людзі мяне пасланцом да нашых малодшых сяброў паслалі.
Дзядзька Тодар кіўнуў галавою ў наш бок. Мы з Дзімам зачырванеліся. «Нашых малодшых сяброў…» Незвычайна гучыць і прыемна.
— Кажуць людзі: «Яны Цмоку рогі скруцяць. Ідзі, Тодар, ідзі. Ты іх добра ведаеш». Вось і прывёў да нас у казку. Сустрэліся мы з Цмокам. Сам да нас прывалокся. Зуб нячысціку забалеў. Так забалеў, што ледзь на хвойкі паганы Цмок не чапляўся. Укленчыў перад намі: «Дапамажыце. І скрыпку аддам, і музыку-чарадзея адпушчу…» Вылечылі…
- І тады ўцёк? — здагадаўся музыка-чарадзей.
— Уцёк. Вось ты нядаўна казаў, што ў цябе нібы крылы з’явіліся. Але крылы і ў малога птушаняці ёсць, ды лятаць не ўмее, бо яшчэ неапераныя. Так і ты без скрыпкі, як з крыламі неаперанымі.
Музыка-чарадзей узняў галаву:
— Я знайду сваю скрыпку. Цяпер знайду.
Дзядзька Тодар уздыхнуў:
— Куды табе цяпер? Спачатку сіл набярыся.
І тут не вытрымаў Дзіма:
— Дзядзька Тодар, мы з Міхасём знойдзем Цмока. Мы забярэм у яго скрыпку.
— Забярэм, — падтрымаў я Дзіму.
— Пачакаем, калі наш музыка-чарадзей паправіцца, — сказаў дзядзька Тодар. — Тады разам пойдзем Цмока шукаць.