— Не, не пабягу, — заўпарціўся Цмок.
— А калі я яму па рэбрах дам? Можна? — азваўся дзядзька Тодар.
— Можна, — згадзіўся Дзіма.
— Не, не, не, не, — заненекаў Цмок.
— Вось пачастую! Я цябе так пачастую, што навек запомніш.
Цмок усхапіўся, прыгнуўся, як спрынтэр, а потым, ірвануўшыся, панёсся. Усё адбылося імгненна. Я нават вокам не паспеў маргнуць.
Дзіма падбег да хваінкі, падняў жылку. На жылцы матляўся вялізны клык.
— Усё-ткі вырваў, — прагаварыў здзіўлена.
— А сам дзе? Куды ён пабег? — разгублена прамовіў я.
У глыбіні лесу чутно было, як трашчала галлё.
СПАБОРНІЦТВА Ў ПАДХАЛІМАЖЫ
— Уцёк, — уздыхнуў Дзіма.
— Цяпер яго і са свечкаю не знойдзеш, — развёў рукамі дзядзька Тодар.
Так, у другі раз абмануў нас Цмок, у другі раз, як гаворыцца, аб адзін і той жа камень спатыкнуліся.
— Развесілі вушы, абяцанкам яго паверылі, — выказаў Дзіма ўслых тое, пра што кожны з нас падумаў — Так нам і трэба.
— Паспяшаліся мы, — сказаў дзядзька Тодар. — Хай спачатку скрыпку прынёс бы, музыку-чарадзея адпусціў бы, а потым зуб ірвалі б.
— Што будзем рабіць? — спытаўся я.
— Па лесе прайдуся, — прамовіў дзядзька Тодар. — Можа, непадалёку схаваўся нячысцік.
Дзядзька Тодар пашыбаваў у лес, а мы з Дзімам засталіся на паляне. Час цягнуўся нясцерпна нудна.
— У самым пачатку нам не пашанцавала, — парушыў маўчанне я. — Значыць…
— Паслухай, — перабіў мяне Дзіма. — Здаецца, музыка і песні.
Я прыслухаўся. Сапраўды, непадалёку быццам на дудцы ігралі, і песня чулася. «Ох, пёсік, ох, пёсік, ох, пёсік, наш Барбосік», — разабраў я словы гэтай песні.
— Пра нейкага Барбосіка гарлапаняць, — кажу Дзіму. — Чуеш?
— Чую. Ходзяць дзівакі па лесе.
— Давай схаваемся. Яшчэ прычэпяцца да нас. Прымусяць, каб разам з імі спявалі.
— Давай схаваемся, — адразу згадзіўся Дзіма.
Мы хуценька забеглі ў лес, схаваліся за елкай. Тое, што мы неўзабаве ўбачылі, напэўна, ні ў адным фільме не паказвалі, нават фантастычным.
На паляну выйшлі тры браты з казкі «Бацькаў дар» і… сабака. Мы спярша падумалі, што гэта не сабака, а нейкі пан ці падпанак. І не дзіва. Ішоў ён на двух нагах, як звычайна ходзяць усе людзі. А на нагах — бліскучыя боты з вострымі, загнутымі насамі. На галаве капялюш з доўгім гусіным пяром. Яшчэ штаны з лампасамі і, як у якога генерала, малінавая шаўковая сарочка, акуляры. Ідзе, быццам шклянку вады на галаве нясе. Але ж сабачы хвост, сабачая пыса…
Гнуткім лазовым дубцом сабака час ад часу сцябаў двух старэйшых братоў, якія ішлі ўперадзе. Ды яшчэ злосна шчэрыўся: «Спявайце. Гр-р-р-р, г-р-р…»
І старэйшыя браты, тулячы плечы, заводзілі тую песню, якую мы пачулі, калі яшчэ сядзелі на паляне:
Крыху ззаду клыпаў малодшы брат — Іван-прасцяк. Ён іграў на дудцы.
— З якой казкі гэты сабака? — зашаптаў Дзіма.
— Не ведаю.
— Ты ж усе казкі ў бібліятэцы перабраў.
— Я люблю чытаць чароўныя. А сабака з казкі пра жывёл.
— Чаму браты дазваляюць яму так здзекавацца з іх?
— Не ведаю.
Што я мог сказаць Дзіму, калі і сам нічога не разумеў. Сядзеў натапырыўшы вушы, каб ні слова не прапусціць.
— Торбачку шукалі, якая і напоіць, і накорміць, царэўну з трыдзевятага царства шукалі, — прамовіў Дзіма. — Дашукаліся, валацугі.
— Высока лятаеш — нізка сядзеш, — кажу.
— Стойце! — раптам гыркнуў сабака.
Старэйшыя браты спыніліся. Іван-прасцяк перастаў іграць, прыхіліўся да хваіны. Сабака сцёбнуў у паветры дубцом:
— На-пра-ва-а!
Старэйшыя браты павярнуліся направа.
— Кру-гом!
Браты павярнуліся кругом. Спрытна так…
— Натрэніраваліся, — пырснуў я ў кулак.
Дзіма далонню заціснуў мне рот.
— Цішэй. Паглядзім, што далей будзе.
Старэйшы брат пераступіў з нагі на нагу:
— Дазвольце адпачыць.
— Хоць хвілінку, — прагаварыў за ім сярэдні брат.
Сабака сцёбнуў дубцом:
— Цяпер па плану падхалімаж. Пачынайце. Чаго насы павесілі?
— Ты — хутканогі, — першым пачаў старэйшы брат.
— Ты — самы прыгожы, — падхапіў сярэдні.
— Ты — самы разумны, — гукнуў старэйшы.
Сабака, незадаволены, ашчэрыўся:
— Хопіць. Надакучыла. Чуў. Новую песню прыдумалі б, ці што.
— Я ведаю новую песню, — ступіў наперад старэйшы брат.
— Пра мяне? — пазяхнуў сабака. — Надакучыла.
— Не. Пра музыку-чарадзея.
Сабака, падалося нам, усміхнуўся:
— Давай.
Старэйшы брат адною нагою ступіў наперад, другую адставіў назад, рукі чамусьці заклаў за спіну і загарлапаніў:
— Гэта мне падабаецца, — вільнуў хвастом сабака. — Хоць і няскладна для песні, але словы добрыя.
Старэйшы брат шчасліва ўсміхнуўся. Быццам яму гаршчок з залатымі манетамі далі.
— Шагам марш! — гыркнуў сабака.
Іван-прасцяк зайграў на дудцы, а старэйшыя браты пакрочылі, спяваючы:
Калі яны схаваліся ў лесе, мы выскачылі на паляну.
— Да студні музыка-чарадзей прыкуты. Чуў? — таргануў мяне за рукаў Дзіма.