Читаем Эльдарада просіць дапамогі полностью

— Я пасля здагадалася, што ён знарок такія конікі выкідваў. Хацеў з панталыку мяне збіць. Каб сцібрыць што-небудзь. Вочы ў яго, як у сапраўднага злодзея, па ўсіх кутках бегалі.

А калі гэта?… Калі?… Не, напэўна, не. Я адагнаў здагадку, якая пранеслася ў галаве.

- І апрануўся ён так, каб з панталыку збіць, — працягвала мама. — Лапці на нагах, штаны зрэбныя…

— А барады ў яго не было? — вырвалася ў мяне.

Мама падазрона зірнула на мяне:

— А ты адкуль ведаеш?

Цяпер я быў упэўнены, што гэты дзіўны госць, які так напалохаў маму, — работнік. Той работнік, які са сваімі сябрамі тысячу гадоў льва-небараку паіў. Ён жа абяцаў, што пірагамі нас пачастуе. Вось і прыйшоў, каб да сябе запрасіць. Ды хіба скажаш пра гэта маме?

— Цяпер усе дзівакі бароды паадпускалі, — знайшоўся, як адказаць.

Мама згодна кіўнула галавою:

— Так. Ледзьве з хаты яго выпхнула.

А я ажно трымцеў ад хвалявання. Розныя думкі, крыху блытаныя, адна за адною мільгалі ў маёй галаве.

Работнік у вёсцы. Селянін-работнік з’явіўся. Бач, трактара спалохаўся. Што ж, ні трактара, ні газу ён у вочы не бачыў… Мама лічыць, што хацеў яе з панталыку збіць… Назаўжды і маме, і яму гэты дзень запомніцца… Значыць, прыйшоў, каб да сябе запрасіць. А можа, зусім не на пірагі? Можа, іншая патрэба ёсць? Сярод белага дня прыйшоў, хоць і страшна было. Чаму? Чаму шукаў нас, сваіх знаёмых?… Не, цяжка на гэтыя пытанні адказаць. Трэба з работнікам сустрэцца. Ён дзесьці тут, непадалёку. Магчыма, каля школы, каля лесу. У лесе яму спакойна. Сядзіць ды назірае зводдаль. Як жа сустрэцца з ім? Як? Не пусціць мама на двор, калі праўду скажу. Прыйдзецца хлусіць. Што ж прыдумаць, каб пусціла?

— Мама, — кажу, — ты дарэмна спалохалася. Той дзядзька не шарлатан, а артыст. Ён у спектаклі ролю селяніна іграе. Дарэвалюцыйнага селяніна. Вось і вырашыў праверыць, ці добра іграе, ці падобны на старажытнага селяніна. Знарок у нашу хату прыйшоў.

Мама зайшла на кухню, села на табурэтку. Я пратупаў за ёю:

— Мама, ён артыст. Артысты дзівакі. Не верыш?

Мама абхапіла рукамі галаву:

— Міхась, галава ў мяне ажно расколваецца. Схадзі да бабкі Веркі. У яе ёсць таблеткі ад галавы. Прынясі.

Я спачатку не паверыў, што так пашчасціла. Нядаўна рукі настаўляла, трымала, каб не ўцёк. А цяпер сама выпраўляе.

— Схадзі да бабкі Веркі, — паўтарыла мама ў другі раз.

— Добра. Схаджу. Я хутка вярнуся. А ты пакуль на галаву мокры ручнік пакладзі.

На двор я вылецеў, як на крылах. Хутчэй! У школу хутчэй! Да лесу. Галоўнае — з работнікам сустрэцца. А пасля на адной назе завярнуся — і да бабкі Веркі.

<p>СКЛАДАНАЯ СІТУАЦЫЯ</p>

На школьным двары я ўбачыў Дзіму Клімовіча. Вядома, абрадаваўся. Усё-ткі ўдвух весялей селяніна-работніка шукаць.

Мне хацелася, каб Дзіма першым падышоў да мяне, каб спытаўся, чаго прыйшоў. Я, канечне, спачатку крыху павадзіў бы яго за нос, а потым усё па парадку расказаў бы. Ды Дзіма быццам не заўважаў мяне. Ён бегаў кругамі па школьным двары, высока падымаючы ўгору калені.

Што ж, кожны свой гонар мае. Я сеў на лаўку. А сядзець зусім не хацелася. «І калі ж ён набегаецца?» — думаю. Нарэшце не вытрымаў, паклікаў:

— Дзіма, хадзі сюды.

— Не магу, — чую ў адказ. — У мяне трэніроўка.

Што ж рабіць? Ён, відаць, не хутка сваю трэніроўку закончыць. Бегае, як заведзены.

— Можа, хопіць? — гукаю.

— Не. Яшчэ паўгадзінкі пабегаю.

Хіба мог я гэтулькі чакаць? Усхапіўся з лаўкі — і за ім. Бягу ззаду, расказваю:

— Селянін-работнік да нас у вёску прыходзіў. Нядаўна ў нашай хаце быў. Маму так напалохаў, што і цяпер у яе ногі дрыжаць.

Дзіма як пачуў гэткае, дык адразу пра сваю трэніроўку забыўся. Спыніўся як укопаны, на мяне пазірае.

— Няўжо той работнік прыходзіў, які льва паіў?

— Той, Дзіма. Той самы. Ён за ложак хаваўся, а мама яго за каптан трымала… Маме галава разбалелася, па таблеткі мяне паслала.

— За ложак хаваўся?

Я заўважыў, што ў Дзімавых вачах загарэліся дзве іскрынкі-смяшынкі.

— Хаваўся, — кажу. — Убачыў, што трактар па вуліцы едзе, і пабег хавацца. Спалохаўся. Падумаў, што гэта жалезны Цмок.

— А-а-а, — працягла вымавіў Дзіма і, азірнуўшыся, прашаптаў: — Як ты думаеш: дзе ён цяпер?

— Думаю, што дзесьці тут, у лесе.

Дзіма пацягнуў мяне за рукаў:

— Пайшлі.

Вядома, мне вельмі хацелася цяпер жа, не адкладваючы, пайсці ў лес. Але мама… Яна чакае, калі таблеткі прынясу. Спадзяецца…

— Дзіма, мяне мама па таблеткі паслала, — прызнаўся сябру. — Як потым ёй у вочы пагляджу.

Дзіма пачасаў патыліцу:

— Так, складаная сітуацыя…

— Дык я пабягу па таблеткі, а пасля назад. Я хутка. Адна нага тут, другая там.

— Невядома, ці адпусціць цябе маці.

— Невядома, — з горыччу прамовіў я.

Цяжка сказаць, што мы прыдумалі б, калі б я не ўбачыў свайго браціка, другакласніка Міколку. Ён са школы выходзіў.

— Міколка, — паклікаў яго.

Міколка падышоў да нас, спыніўся насупраць і… нечакана заплакаў. Плакаў ён не па-сапраўднаму, а, як кажуць, сілаю выціскаючы з сябе слязу.

— Двойку атрымаў? — здагадаўся я.

— Не-а. Пасля ўрокаў сядзеў, — зарумзаў Міколка. — Па чытанню. Я толькі крышачку запнуўся, а настаўніца мяне пакінула.

Перейти на страницу:

Похожие книги