Узняў ён скрыпку, павёў смыкам па струнах — задрыжэў, закалаціўся цар-чараўнік як асінавы лісцік, потым закруціўся як ваўчок, узняўся і паляцеў над самымі дрэвамі.
— Цяпер ён сюды толькі праз сто гадоў вернецца, — усміхнуўся музыка-чарадзей, скончыўшы іграць. — Вось і спатрэбілася вам мая скрыпачка, дапамагла. А вы мне не верылі. Давайце развітаемся. Добрыя людзі мяне чакаюць.
Музыка-чарадзей развітаўся і пайшоў паціхеньку. А мы ўсё стаялі і глядзелі, пакуль яго постаць не знікла ў гушчары.
ШТО ПАРАІЎ НАМ ОХ
Села Аня на яловы пень і цяжка ўздыхнула:
— Ох, замучыў мяне гэты цар.
Толькі так яна сказала — выскачыў з-пад пня маленькі дзядок з сівою барадою:
— Чаго ты мяне клікала, гаспадынька?
Спалохалася Аня, зуб на зуб у яе не трапляе.
— Я-я-а не к-клікала. Я-я-а а-адпачываю.
— Клікала, — стаіць на сваім дзядок. — Я добра чуў, як ты сказала: «Ох».
Дык гэта ж Ох з казкі «Ох і залатая табакерка», — здагадаўся я.
Прычасаў дзядок пальцамі сівую бараду:
— Правільна. Я людзям дапамагаю. Але ўжо тысячу гадоў ніхто мяне не выклікаў. Апошні раз сюды сіраціна Янка, леснікоў сын, з пярэстым катком прыходзіў. Я яму залатую табакерку даў.
Абрадаваўся я. Так абрадаваўся, што і выказаць немагчыма. «Хопіць па лесе блукаць, — думаю. — Цяпер Ох загадае Бабе Язе, каб нашых настаўнікаў разбудзіла. Яго толькі папрасіць трэба, і ён усё-ўсё зробіць».
— Дык што вы ад мяне патрабуеце? — пытаецца Ох. — Можа, варанай капусты вам прынесці? Можа, пірагоў ці бульбы ў мундзірах? Магу каралеўскі палац для вас пабудаваць і жалезны мост да яго вылажыць. Магу залатую карэту з шасцю коньмі даць.
— Не патрэбен нам палац. Нам і дома някепска жыць, — сказала Іра.
Паківаў галавою Ох:
— Такіх дзівакоў я ніколі не сустракаў. Ад каралеўскага палаца адмаўляюцца!
— Нам трэба настаўнікаў разбудзіць, — прагаварыў Андрэй. — Шкада іх. Дый школу закрыюць. Баба Яга знарок зрабіла, каб нашы настаўнікі паснулі. Загадайце ёй, каб разбудзіла.
— А-а-а, — працягла вымавіў дзядок, — дык вы з тае школы, дзе настаўнікі заснулі! Чуў нядаўна, як Баба Яга Цмоку хвалілася, што вашу школу закрыюць. Але ж і вы вінаватыя. Урокаў не хочаце вучыць.
— Вінаватыя, — апусціў галаву Дзіма Клімовіч. — Дапамажыце, калі ласка.
Ох бездапаможна развёў рукамі:
— Не змагу. Я і жалезныя масты ўмею будаваць, і каралеўскія палацы. А ўрокаў вывучыць не змагу. Я ў школу не хадзіў. Раней школы толькі для багатых былі. Самі ведаеце.
— А вам не трэба вучыць урокаў, — кажу. — Вы Бабе Язе загадайце. Яна спалохаецца вас і разбудзіць настаўнікаў.
— Не ўмею загадваць. Я толькі ўмею рабіць. Работнік я, а не пан.
— Дык што вы нам параіце? — пытаюся.
— Адкрыйце кнігі і вучыце ўрокі. Калі вывучыце ўсё-ўсё, што вам настаўнікі на сёння задалі, то яны адразу прачнуцца. Ад радасці. Спадуць чары Бабы Ягі, а сама яна ў балота ўпадзе, загрузне там. Вы пачуеце, калі ў балота праваліцца. Магутны пошчак пойдзе па лесе, усе лісцікі, травінкі-былінкі здрыгануцца. Тады вы дамоў спяшайцеся. Спяшайцеся, на ўрокі не пазніцеся. А другой рады няма. І больш каб без патрэбы не клікалі мяне. Я стары, цяжка мне наверх вылазіць.
Прамовіў гэтак Ох і знік. Быццам і не было яго.
— Гэта не сон? — працёр вочы Сяргей Мазоль.
— Не сон, — сказала Аня. — Вымайце кнігі. Будзем урокі вучыць.
Мы расшпілілі партфелі, дасталі кнігі, а вось Сяргей, як звычайна, заўпарціўся:
— Не хочацца вучыць.
— Расшпіляй партфель, — крануў яго за плячо Дзіма Клімовіч. — Я цябе ў барані рог скручу.
А Сяргей на гэты раз і Дзімы не спалохаўся:
— Хоць у казіны рог сагні — усё роўна не буду. Не хочацца.
Дзіма развёў рукамі: маўляў, нічога не зробіш, яму хоць кол на галаве чашы.
— Ты хочаш міліцыянерам стаць? — запытала Іра.
— Хачу.
— Але ж настаўнікі спяць.
— Ну і хай яшчэ паспяць. Хіба ім кепска?
— З Бабай Ягой лягчэй ваяваць, чым з табою, — у роспачы прагаварыла Іра. — Хіба не разумееш, што могуць школу закрыць? Даведаецца хто-небудзь, што настаўнікі спяць, пазвоніць у раён, і ўсё. А цябе ніхто за міліцыянера не возьме, пакуль школу не закончыш. Дык будзеш вучыць?
— Буду, — выціснуў Сяргей.
Усё-ткі малайчына Іра. Хутка Сяргея пераканала, паслухаўся яе. Відаць, нездарма яны ўдвух танцавалі, калі музыка-чарадзей на скрыпцы іграў.
Сеўшы пад дрэвамі, мы пачалі старанна вучыць урокі. Прайшло колькі хвілін. Глядзім — Сяргей носам клюе. Нездарма пра такіх, як ён, кажуць: спіць над кнігаю.
— Прачніся, — таўханула ў плячо Іра.
Сяргей узняў галаву, пазяхнуў:
— Не лезе навука ў галаву.
— Улезе, — сказала Аня. — Ты вучы старанна.
— Усё роўна нічога не выйдзе з гэтай задумы.
— Чаму не выйдзе?
— А Света Мялешка і Пеця Тарасевіч у класе спяць.
— Яны вывучылі. Забыўся, як хваліліся? Таму Баба Яга і дзьмухнула на іх, каб заснулі. Са злосці.
— Што ж, трэба вучыць, — згадзіўся Сяргей.
Цяпер Іра побач з ім села. Адно ён вочы заплюшчыць, а яна яму кулачком у бок. І, ведаеце, дапамагло. Раптам чуем — пошчак пайшоў па лесе, лісцікі, травінкі-былінкі здрыгануліся.
— Ура! — крыкнуў Андрэй Налівайка. — Баба Яга ў балота правалілася.
— Ура! — крыкнулі мы за ім.