Фама Спірыдонавіч мезеным пальцам дакрануўся да вады, сказаў:
— Думаў, што і сёння перагрэеце, Вераніка Юльянаўна.
Бабка Верка паказала на гантэлі, якія ляжалі на падлозе.
— Фама Спірыдонавіч, зноў вы гэтыя жалязякі гушкаеце?
— Трэніруюся, — адказаў Фама Спірыдонавіч.
— Хі-хі-хі, — хіхікнуў Дзіма.
— Хі-хі-хі, — захіхікаў за ім я.
Бабка Верка выйшла з пакоя, а Фама Спірыдонавіч пачаў мыцца. Апусціць некалькі пальцаў у ваду, а потым мокрымі пальцамі па твары водзіць, водзіць… У канцы папляскаў рукамі па вадзе, нібы гусь лапаю, узяў ручнік, выцерся і накіраваўся да акна. Мы з Дзімам адскочылі, прыселі каля плота.
Акно насцеж расчынілася, і мы ўбачылі Фаму Спірыдонавіча з тазікам у руках. Фама Спірыдонавіч плюхнуў ваду з тазіка ў гародчык. На нас толькі пырскі паляцелі.
Я штурхнуў Дзіму ў бок:
— Каб крыху правей, то з галавы да ног абліў бы.
— Фама Спірыдонавіч, выносьце, калі ласка, памыі, — пачулі мы, як гукнула бабка Верка.
— Зараз.
— Зараз памыямі нас абалье, — кажу Дзіму.
— Абалье, — прашаптаў Дзіма. — Хутка плюхне праз акно. Палянуецца праз дзверы выносіць. Уцякаць трэба.
Мы ўсхапіліся і на плот.
— Лавіце! Зладзеі! — залямантаваў Фама Спірыдонавіч.
А нас з плота як вадою змыла. Шукай ветру ў полі.
ТЭЛЕГРАМА Ў СТАЛІЦУ
Ні свет ні зара да нас прыляцела бабка Верка. Растрашчалася, хоць вушы затыкай.
— Маруся, твой арыштант хацеў ноччу ў хату да мяне залезці. Майго кватаранта да смерці перапалохалі. Хочаш вер, а хочаш не, але і цяпер у яго ніжняя губа, як у старога каня, трасецца.
Я яшчэ ў ложку ляжаў. Слухаю бабку Верку, коўдру на галаву нацягваю. Што, калі бабка Верка прыбяжыць у пакой ды адлупцуе?
— Яны і камень пад акно прыкацілі. Яны яго хацелі ў хату ўкінуць, як бомбу. Увесь гародчык страпяталі, — тарахцела бабка Верка. — Мне перад чужым чалавекам брыдка. Я твайму арыштанту цэлыя штаны крапівы напхаю.
Дзверы грукнулі, нібы іх ветрам шпурнула. Я здагадаўся, што бабка Верка пайшла з хаты.
А ўставаць ой як не хочацца! Як маме ў вочы гляну?
Мама нячутна зайшла ў пакой, ірванула коўдру. Я ўбачыў, што ў руках яна трымае папругу.
— Уставай, — махнула мама папругай. — Ты мне ўсе кішкі выматаў.
— Біць будзеш? — пытаюся я.
— Буду, буду, — прамовіла мама і заплакала.
Я хуценька ўсхапіўся з ложка, нацягнуў на сябе штаны, сарочку.
— Мама, бабка Верка выдумляе. Я не падглядваў у яе акно.
— Выдумляе? — мама ўзняла папружку і ляснула мне па спіне.
— Бі. Бі невінаватага, — крыкнуў я.
Мама кінула папружку на падлогу.
— Маеш шчасце, што бацька на работу пайшоў. Ён табе ўсыпаў бы. Да чаго дадумаліся! Камень у хату хацелі ўкінуць!
Гэтага я не мог сцярпець:
— Хлусіць бабка Верка. Гэты камень мы і цэлым класам не паднялі б.
— А ты ж казаў, што невінаваты, — закрычала мама. — Чаму пайшоў пад акно? Прызнавайся.
— Фама Спірыдонавіч гантэлі падымаў, а нам паглядзець захацелася, — сказаў я.
Хіба мог расказаць, што знарок пільнаваць пайшлі, што хацелі праверыць, ці не шпіён Фама Спірыдонавіч? Калі б мама толькі адно слова «шпіён» пачула, то, напэўна, прытомнасць страціла б.
— Вочы мае цябе не бачылі б, — мацней заплакала мама.
Я ведаў, што яна даруе мне, што праз дзень ці два забудзецца пра гэтую гісторыю, ды ўсё роўна прыкра было на душы. Сапсавала бабка Верка настрой і мне, і маме. Ну, мне вядома чаму. Але навошта маме? Хіба не магла запыніць мяне на вуліцы ды накрычацца, каб на душы палягчэла? Не, у хату прыбегла, да мамы. Пры чым тут яна?
Павалокся я ў школу як не солана хлябаўшы. Бачу: і Дзіма ідзе павесіўшы нос.
- І да вас бабка Верка прыбягала? — пытаюся.
— Крычала, што хацелі хату замініраваць.
Я толькі галавою паківаў. Што на гэта скажаш?
Мы з Дзімам атрымалі ў гэты дзень па пяцёрцы. Дзіма атрымаў пяцёрку па геаметрыі, а я — па геаграфіі. Калі б не гэтая гісторыя, мы, канечне, радаваліся б. А сёння асаблівай радасці не было. Усё роўна гэтую пяцёрку ні маме, ні тату не пакажаш, бо і глядзець на яе не захочуць.
Закончыліся ўрокі. Падышоў да мяне Дзіма:
— Міхась, у мяне на душы камень ляжыць.
— Які камень? — не зразумеў я.
— Сумленне мучыць. За ўчарашняе. Бабка Верка, сам ведаеш, як злуецца на нас. А я не хачу, каб злавалася.
- І я не хачу, — кажу Дзіму. — Мы з ёю па адной вуліцы ходзім, а быццам ворагі.
Дзіма наморшчыў лоб. Ён чамусьці заўжды лоб моршчыць, калі вельмі думае.
— Міхась, што зрабіць, каб не злавала?
— Давай гной з яе хлява выкінем, — прапанаваў я. — Яна заўсёды каго-небудзь просіць, каб дапамог.
— Да ты што! — усклікнуў Дзіма. — Мы ў хлеў прыйдзем, а яна падумае, што хочам карову з хлява вывесці.
І праўда, падумае. Тады ўжо не да мамы пабяжыць, а адразу ў міліцыю. Што ж яшчэ можна прыдумаць? Гародчык ускапаць? Восень. Восенню гародчыкі ў нас не ўскопваюць. Дровы пакалоць? Дык на гэтую зіму бабка Верка дроў яшчэ не завозіла.
— Не ведаю, як ёй дагадзіць, — развёў я рукамі.
— А я здагадаўся, — сказаў Дзіма. — Заўтра ў бабкі Веркі дзень нараджэння. У нас у хаце яна крычала, што дзень нараджэння ёй сапсавалі. Трэба тэлеграму паслаць.
— Хочаш з днём нараджэння яе павіншаваць? — не вытрымаў, усміхнуўся я.