Читаем Эльдарада просіць дапамогі полностью

Дзіма падумаў і адказаў:

— Трэба папільнаваць.

Мы крыху пагулялі, а потым пайшлі вучыць урокі. Па літаратуры верш на памяць задалі, а па матэматыцы дык ураўненне і задачу адразу. Яшчэ ў раскладзе на заўтра і мова, і геаграфія.

Сеў я за стол, падручнік матэматыкі адкрыў. Ураўненне адразу рашыў, а вось задача доўга не выходзіла. Тры лісты скрэсліў, пакуль атрымалася.

— Міхась, — зазірнула ў пакой мама, — мы да бабкі Веркі на дзень нараджэння пойдзем.

- Ідзіце, — кажу, цяжка ўздыхнуўшы.

Стаў верш вучыць. Паўгадзіны прасядзеў, не меней. Надакучыла, шчыра скажу. Вырашыў да Дзімы пазваніць.

Набіраю нумар Дзімавага тэлефона, званю.

— Кватэра Клімовічаў? — пытаюся.

— А хто звоніць? — гучыць Дзімаў голас.

— Дзед Мароз, — кажу жартам.

— А-а-а, ты Міхась? — пазнаў мяне Дзіма. — Не займайся глупствам. Мне трэба верш давучыць. Хутка сустрэнемся.

Сказаў так і кінуў трубку.

Я зноў сеў за стол. Практыкаванне па мове напісаў, правіла паўтарыў. А за вокнамі весяліня. Сонейка свеціць, другакласнікі, браты-блізнюкі, Сеня і Пецька, у мяч гуляюць, галёкаюць.

Відаць, урокі не вывучылі. Нядаўна іхнюю маці, цётку Соню, у школу выклікалі, бо з пісьмом у Сені і Пецькі няладна складваецца. Чуў, як маме цётка Соня скардзілася.

Мабыць, на рабоце яна, на ферме. Дык воля, гуляюць. Не шкодзіла б у кватэру іх пазаганяць. Няхай за пісьмо бяруцца.

Але ж геаграфію не вывучыў.

— Го-о-ол! — раздаецца за акном.

— Няма! Не забіў! — чуецца ў адказ.

Усё-ткі трэба пазаганяць у хату. Мала таго, што цётку Соню зноў у школу выклічуць, дык і мне з-за іх нічога ў галаву не лезе. Даведаецца цётка Соня, што ў хату загнаў, — дзякуй скажа. Геаграфію яшчэ вывучу.

Разважыўшы гэтак, я ўздыхнуў з палёгкаю і выйшаў на двор.

Лупяць Сеня і Пецька штосілы мячом у плот. Ажно рэха разносіцца, як лупяць.

— Ану, хутчэй да мяне, — клічу.

— Чаго? — падбег Пецька.

— Давай да нас, — узрадаваўся Сеня. — Утрох будзем гуляць.

— Я вам нагуляю! — схапіў Пецьку за каўнер. — Марш урокі вучыць.

— Вывучылі мы, — захныкаў Пецька.

— Хлусіш.

— Да адзінаццаці вечара ўчора з мамаю сядзелі, — пусціў Пецька слязу. — Дазволіла нам мама пагуляць.

— Не веру.

— Пусці-і-і…

— Не пушчу, — цвёрда стаю на сваім.

— Пусціш, пусціш, — закрычаў Сеня. — Вунь наша мама з магазіна вяртаецца. Дасць яна табе.

Глянуў я: сапраўды па вуліцы ідзе цётка Соня. Адпусціў Пецьку, павярнуўся і ў другі бок. Каб ад бяды далей.

Крочу няспешна, а насустрач хлапчанё гадоў шасці стрымгалоў ляціць. Сарочка на ім расхрыстана, валасы ўспацелыя, раскудлачаныя. «Васька, Ані Бялько брат!» — ледзь пазнаў яго.

Ляціць Васька, а за ім не менш дзесятка гэткіх жа, як ён, карапузаў гоніцца. Дагналі, наваліліся кучаю. Ён верашчыць, адбіваецца, а яны схапілі яго за рукі і валакуць некуды.

Удзесяцёх на аднаго? Дапамагчы трэба.

Падскокваю да іх, плячамі распіхваю.

— У дзіцячым садзіку хіба вучылі вас сябра крыўдзіць? — пытаюся.

Спыніліся яны, на мяне спадылба пазіраюць. І Васька, той, якога даганялі, што сама дзіўна, шмыгнуўшы носам, нечакана заяўляе:

— Ніхто мяне не крыўдзіць.

— Не крыўдзіць? — здзіўляюся. — Дык на тваёй сарочцы хутка ніводнага гузіка не застанецца.

— Застанецца. У мяне многа гузікаў, — даволі-такі сур’ёзна кажа ён.

— А чаму яны цябе ловяць? — цікаўлюся.

— Мы ў школу гуляем.

— У школу? — у мяне вочы на лоб палезлі. — Няўжо так у школу гуляюць?

— Гуляюць, гуляюць, — загаманілі малыя наперабой. — Васька дрэнны вучань. З урокаў ён уцякае. Даганяем яго. Гуляюць, гуляюць!

І найперш «дрэнны вучань» галёкае, даказвае, што гуляюць.

«Ну й дзеці растуць, — думаю. — І мы калісьці ў школу гулялі, але ў нас іншы парадак быў. Звычайна настаўніцу выбіралі, сядзелі, каб ні гуку. А яны? Ну й дзеці!.. Трэба навучыць іх, як у школу гуляць».

— А ўмееце вы да дзесяці лічыць? — пытаюся.

— Я нават да дваццаці ўмею, — смела адказвае Васька. — Мяне Аня навучыла.

І другія карапузікі закрычалі:

— А я да сямі.

— А я да дванаццаці.

— А я да дзевятнаццаці.

— А я да пяці.

«Толк будзе, — думаю. — Калі лічыць умеюць, то і разважаць навучацца».

— Ёсць вельмі цікавая гульня, — кажу. — Вось паслухайце. Я загадваю слова, якое пачынаецца з літары «зэ», а заканчваецца літарай «я». Як яно называецца? Адгадайце.

— Лыдлёўка, — гукнуў хтосьці. Я ледзь не папярхнуўся.

— Не лыдлёўка, а рыдлёўка, — паправіў. — І ўсё роўна няправільна, бо слова «рыдлёўка» пачынаецца з літары «эр», а заканчваецца літарай «а». Ваша слова павінна пачынацца з літары «зэ», а заканчвацца — «я». Няўжо не дайшло?

— Зямля, — крыкнуў Васька.

— Малайчына, — пахваліў я яго. — Ты будзеш настаўнікам, будзеш словы ім загадваць, а яны няхай адгадваюць. Калі хто не паслухаецца, у кут стаўляй. Згодны?

— Згодны, — закрычалі малыя.

— Міхась, а дзе будзе кут? — спытаўся Васька.

— Каля плота.

Я павярнуўся і пайшоў, усміхаючыся. Іду паціхеньку, тут Дзіма даганяе.

— Міхась, што ты з малымі зрабіў? Крычаць, як вароны, а трое дык каля плота стаяць насы павесіўшы.

— У школу навучыў іх гуляць. Анін Васька словы на розныя літары загадвае, а яны адгадваюць.

— Яны наадгадваюць, — прагаварыў Дзіма. — Крычаць і «зюк», і «ліба», і «саса».

Перейти на страницу:

Похожие книги