З хвіліну Ружа Сарона нерухома сядзела ў шапатлівай адрыне. Потым цяжка падняла сваё стомленае цела і захуталася ў коўдру. Яна марудна прайшла ў кут і спынілася, пазіраючы на змарнелы твар, на шырока расплюшчаныя спалоханыя вочы чалавека. Потым паволі лягла каля яго. Ён слаба пакруціў галавой. Ружа Сарона адкінула край коўдры і агаліла грудзі.
— Так трэба, — сказала яна, прыціснулася да яго і прыгарнула яго галаву да грудзей. — Ну вось… — прамовіла яна, — вось так… — Рука яе прасунулася яму за галаву, падтрымліваючы яе. Пальцы ласкава гладзілі яго валасы. Яна падняла вочы, скіравала позірк у глыбіню адрыны, губы яе стуліліся і застылі ў таямнічай усмешцы.