У шэрым світальным сутонні дзядзька Джон, ідучы ў вадзе, абагнуў вагон, мінуў грузавік Джоўдаў і па слізкім дарожным насыпе падняўся на шашу. Ён пакрочыў па ёй міма вагоннага лагера і дайшоў да месца, дзе бурлівая рэчка паварочвала амаль да самай дарогі, уздоўж якой тут рос лазняк. Ён кінуў на дол рыдлёўку і, трымаючы скрынку перад сабой, прадраўся скрозь зараснік, да імклівага рачнога патоку. Пастаяў там з хвіліну, пазіраючы на вірлівую плынь, на камякі жоўтай пены, што аселі ў кустах. Ён падняў скрынку да грудзей. Потым нахіліўся, апусціў яе на ваду і прытрымаў рукой. Ён гнеўна сказаў:
— Плыві, раскажы ім усё. Плыві па вуліцах, ператварыся ў тлен і раскажы ім хоць так. Толькі так і можаш гаварыць. Я нават не ведаю, хто ты — хлопчык ці дзяўчынка. І не хачу ведаць. Плыві, спыніся дзе-небудзь сярод вуліцы. Можа, тады яны зразумеюць. — Мяккім рухам рукі дзядзька Джон падпіхнуў скрынку ў самае цячэнне і адпусціў. Скрынка нізка асела ў вадзе, пайшла бокам, закруцілася ў вірлівай вадзе і паволі перавярнулася ўверх дном. Мяшок паплыў, і, падхопленая імклівым цячэннем, скрынка шпарка паплыла ўслед за ім і знікла з вачэй за кустоўем. Дзядзька Джон вярнуўся да шашы, схапіў рыдлёўку і пакрочыў назад, да лагера. Ён з плёскатам увайшоў у ваду і дайшоў да грузавіка, з якога бацька з Элам знімалі бартавыя дошкі — адна цаля на шэсць.
Бацька азірнуўся на дзядзьку Джона:
— Ну што, зрабіў?
— Ага.
— Тады вось што — ты дапамажы Элу, а я схаджу ў краму, куплю што-небудзь з ежы.
— Вазьмі свіной грудзінкі, — папрасіў Эл. — Я мяса хачу.
— Добра, — сказаў бацька і саскочыў з грузавіка, а дзядзька Джон палез на яго месца.
Калі ўцягнулі дошкі ў вагон, маці прачнулася і села на матрацы.
— Што вы надумалі рабіць? — запыталася яна.
— Хочам збіць памост, каб не заліло.
— Навошта? Тут у нас суха.
— А хутка не будзе. Вада прыбывае.
Маці цяжка паднялася з матраца і падышла да дзвярэй.
— Трэба адсюль выбірацца.
— Нельга, — запярэчыў Эл. — Усё наша дабро тут. Грузавік тут. Усё, што ў нас ёсць.
— А бацька дзе?
— Пайшоў купіць што-небудзь на снеданне.
Маці зірнула ўніз, на ваду. Да падлогі вагона засталося ўжо толькі шэсць цаляў. Маці вярнулася да матраца і паглядзела на дачку. Іх позіркі сустрэліся.
— Ну, як ты сябе адчуваеш? — запыталася маці.
— Стамілася. Зусім без сіл.
— Зараз накармлю цябе снеданнем.
— Мне есці не хочацца.
Місіс Уэйнрайт падышла і стала каля маці.
— Выгляд у яе цяпер добры. Зусім малайчына.
Вочы Ружы Сарона пыталіся аб нечым у маці, але тая старалася ўнікнуць гэтага пытання. Місіс Уэйнрайт адышла ад печкі.
— Ма…
— Ну што табе?
— Усё… добра?
Маці не стрывала. Яна апусцілася каля дачкі на калені.
— У цябе яшчэ будуць дзеці, — сказала яна. — Мы зрабілі ўсё, што маглі.
Ружа Сарона пачала кідацца па матрацы і прыўзнялася на локці.
— Ма!
— Ты невінаватая.
Ружа Сарона зноў адкінулася назад і закрыла вочы сагнутымі ў локцях рукамі. Руці падабралася блізка да сястры і з жахам пазірала на яе. Потым хрыпла прашаптала:
— Яна хворая, ма? Яна памрэ?
— Ну што ты. Яна паправіцца. Паправіцца.
У вагон увайшоў бацька з пакункамі ў руках.
— Ну, як яна?
— Усё добра, — адказала маці. — Усё будзе добра.
Руці далажыла Ўінфілду:
— Яна не памрэ. Так ма сказала.
А Ўінфілд, калупаючы ў зубах трэсачкай, прамовіў, зусім як дарослы:
— Мне гэта і так вядома.
— Адкуль?
— Не скажу, — адказаў Уінфілд і выплюнуў з рота абломак трэсачкі.
Маці распаліла агонь у печцы апошнім суччам, падсмажыла грудзінкі і зрабіла да яе падліўку. Сярод бацькавых пакупак быў і заводскі хлеб. Убачыўшы яго, маці нахмурылася:
— Грошы яшчэ засталіся?
— Не, — адказаў бацька. — Але ж вельмі есці хочацца.
— І ты купляеш хлеб, — папракнула яго маці.
— Мы вельмі прагаладаліся. Усю ж ноч працавалі.
Маці ўздыхнула:
— А як далей будзем жыць?
Пакуль яны елі, вада падымалася ўсё вышэй і вышэй. Эл паспешліва праглынуў сваю порцыю і разам з бацькам пачаў збіваць памост. Пяць футаў шырынёй, шэсць футаў даўжынёй, чатыры футы ад падлогі. А вада падабралася ўжо да дзвярэй, доўга стаяла там, нібы ў нерашучасці, і нарэшце патроху прасачылася ў вагон, пачала заліваць падлогу. І зноў паліў дождж — цяжкія, буйныя кроплі запляскалі па вадзе, як і раней, гулка барабанілі па даху.
Эл сказаў:
— Ну, давайце падымем матрацы. І коўдры туды ж, а то намокнуць.
Яны навалілі ўвесь свой скарб на высокі памост; вада ўсё больш залівала падлогу. Бацька, маці, Эл і дзядзька Джон з чатырох рагоў паднялі матрац, на якім ляжала Ружа Сарона, і паклалі паверх рэчаў.
Ружа Сарона запратэставала:
— Я сама. Я здаровая.
А вада празрыстай плёнкай распаўзалася па падлозе. Ружа Сарона шапнула нешта маці, і тая ўсунула руку пад коўдру, памацала грудзі і кіўнула галавой.
У другім канцы вагона Ўэйнрайты стукалі малаткамі, майструючы і сабе памост. Дождж памацнеў, але неўзабаве сціх зусім.
Маці паглядзела сабе пад ногі. Вада ў вагоне паднялася ўжо на паўцалі.
— Гэй, Руці, Уінфілд, — спалохана закрычала маці, — залязайце наверх. Прастудзіцеся. — Яна падсадзіла дзяцей наверх, і яны нязручна прымасціліся каля матраца Ружы Сарона. І раптам маці сказала: — Трэба выбірацца адсюль.