Читаем Гронкі гневу полностью

Калі плаціну змыла, Эл павярнуўся і пабег. Бегчы было цяжка. Калі ён дабраўся да грузавіка, вада даставала яму да лытак. Ён сарваў брызент з капота і ўскочыў у кабіну. Адразу націснуў на кнопку стартэра. Той закруціўся, але матор не падаў голасу. Эл націснуў да канца на газ. Акумулятар усё павальней і павальней круціў падмоклы стартэр, рухавік маўчаў. Яшчэ некалькі ўжо зусім павольных абаротаў стартэра. Эл паставіў запальванне на самае ранняе, намацаў рукой пад сядзеннем завадную ручку і выскачыў з кабіны. Вада ўжо залівала падножку. Эл падбег да носа машыны. Картэр матора быў пад вадой. Як ашалелы, Эл прыладзіў завадную ручку і некалькі разоў пакруціў ёю, і пры кожным павароце яго рука, апускаючыся, расплёсквала ваду, якая ўсё прыбывала. І нарэшце шаленства яго выдыхлася. Ён здаўся. Матор заліты вадой, акумулятарная батарэя выйшла са строю… Непадалёк, на крыху вышэйшай мясціне, запрацавалі маторы дзвюх машын, успыхнулі фары. Машыны буксавалі ў гразі, колы грузлі ўсё глыбей, і нарэшце вадзіцелі выключылі маторы і знерухомелі за рулём, пазіраючы на святло фар. А дождж белымі палоскамі рассякаў іх промні. Эл не спяшаючыся падышоў да кабіны, працягнуў руку і выключыў запальванне.

Калі бацька дабраўся да свайго вагона, ён убачыў, што ніжні канец сходак плавае ў вадзе. Ён наступіў на яго, утапіў пад ваду і ўтаптаў у гразь.

— Ну, Джон, ты сам падымешся? — запытаўся бацька.

— Падымуся. Ідзі першы.

Бацька асцярожна падняўся па мастку і праціснуўся ў вузкую шчыліну дзвярэй. Кноты ў ліхтары і лямпе былі нізка прыкручаныя. Маці сядзела на матрацы побач з Ружай Сарона і абмахвала яе кавалкам кардону. Місіс Уэйнрайт пхала ў печку сучча, і сыры дым выбіваўся з-пад канфорак і разносіў па вагоне пах гарэлай анучы. Калі бацька ўвайшоў, маці ўзняла на яго вочы і зараз жа апусціла.

— Ну… як яна? — запытаўся бацька.

Маці не падняла галавы.

— Як быццам нічога. Спіць.

Паветра ў вагоне было цяжкае, нечым непрыемна пахла. Дзядзька Джон ледзьве пралез у вагон і прыхінуўся да сцяны. Місіс Уэйнрайт кінула свой занятак і падышла да бацькі. Яна кранула яго за локаць і павяла ў кут вагона. Там узяла з падлогі ліхтар і падняла яго над скрынкай з-пад яблыкаў. У скрынцы на газеце ляжала пасінелае, зморшчанае цельца.

— Так ні разу і не дыхнула, — ціха прамовіла місіс Уэйнрайт. — Нарадзілася мёртвае.

Дзядзька Джон павярнуўся і, цягнучы ад стомы ногі, пайшоў у цёмны кут вагона. Цяпер ужо дождж ціха лапатаў па даху, так ціха, што ўсе чулі стомленае сапенне дзядзькі Джона, якое даносілася з цемры.

Бацька паглядзеў на місіс Уэйнрайт, узяў ліхтар у яе з рук і паставіў на падлогу. Руці і Ўінфілд спалі на сваім матрацы, прыкрыўшы сагнутымі ў локцях рукамі вочы.

Бацька паволі падышоў да Ружы Сарона. Хацеў прысесці каля яе матраца на кукішкі, але стомленыя ногі не паслухаліся, і ён стаў на калені. А маці ўсё памахвала над дачкой кардонкай. Яна глядзела на бацьку, вочы ў яе былі вялікія, позірк нерухомы, як у лунаціка.

Бацька сказаў:

— Мы… усё зрабілі… што маглі.

— Я ведаю.

— Мы працавалі ўсю ноч. А дрэва разнесла нашу плаціну.

— Ведаю.

— Чуеш? Вада пад вагонам.

— Ведаю. Я ўсё чула.

— Думаеш, з ёю ўсё абыдзецца?

— Не ведаю.

— Можа… мы маглі… што-небудзь зрабіць?

Губы ў маці былі сухія, бяскроўныя.

— Не. У нас заставалася толькі адно… і мы гэта рабілі.

— Мы там працавалі, ледзь з ног не валіліся, і раптам дрэва… Цяпер дождж ужо аслабеў. — Маці глянула на столь і зноў апусціла галаву. Бацька працягваў гаварыць, быццам гэта быў яго абавязак. — Не ведаю, як высока падымецца. Можа і вагон заліць.

— Я ведаю.

— Ты ўсё ведаеш.

Яна прамаўчала, а кардонка ў яе ў руцэ паволі хадзіла ўзад і ўперад.

— Мы што-небудзь зрабілі не так? — шукаў сабе апраўдання бацька. — Маглі што-небудзь зрабіць інакш?

Маці неяк дзіўна паглядзела на яго. Яе пабялелыя губы расцягнуліся ў задумлівую, спагадлівую ўсмешку.

— Ты ні ў чым не вінаваты. Перастань. Усё будзе добра. Цяпер усё мяняецца… паўсюль.

— Можа, вада… Можа, трэба зараз жа ехаць адсюль.

— Прыйдзе час — паедзем. Што трэба будзе рабіць, тое і зробім. А цяпер памаўчы. А то разбудзіш яе.

Місіс Уэйнрайт ламала галінкі і падсоўвала іх у агонь, ад якога ішоў густы сыры дым.

Знадворку пачуўся злосны голас:

— Я сам пагавару з гэтым сукіным сынам.

І ўслед — голас Эла каля самых дзвярэй:

— Куды лезеш?

— Я дабяруся да гэтай сволачы Джоўда!

— Не пушчу. Што табе трэба?

— Каб не яго дурная плаціна, нас бы даўно ўжо тут не было. А цяпер машына стаіць, як мёртвая.

— А ты думаеш, наша дужа жывая?

— Прапусці.

Голас Эла прагучаў холадна:

— Паспрабуй прабіцца.

Бацька не спяшаючыся падняўся з каленяў і пайшоў да дзвярэй.

— Спакойна, Эл. Я іду. Спакойна. — Бацька спусціўся ўніз. Маці пачула, як ён сказаў: — У нас хворая. Пройдзем вунь туды.

Дождж лёгенька стукаў па даху, а вецер, які нядаўна ўзняўся, размятаў яго ў бакі. Місіс Уэйнрайт адступіла ад печкі і глянула на Ружу Сарона.

— Хутка заднее, мэм. Вы паспалі б. Я пасяджу каля яе.

— Не, — адказала маці. — Я зусім не стамілася.

— Так я вам і паверыла, — сказала місіс Уэйнрайт. — Кладзіцеся, адпачніце хоць крыху.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй
Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй

«Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй» — это очень веселая книга, содержащая цвет зарубежной и отечественной юмористической прозы 19–21 века.Тут есть замечательные произведения, созданные такими «королями смеха» как Аркадий Аверченко, Саша Черный, Влас Дорошевич, Антон Чехов, Илья Ильф, Джером Клапка Джером, О. Генри и др.◦Не менее веселыми и задорными, нежели у классиков, являются включенные в книгу рассказы современных авторов — Михаила Блехмана и Семена Каминского. Также в сборник вошли смешные истории от «серьезных» писателей, к примеру Федора Достоевского и Леонида Андреева, чьи юмористические произведения остались практически неизвестны современному читателю.Тематика книги очень разнообразна: она включает массу комических случаев, приключившихся с деятелями культуры и журналистами, детишками и барышнями, бандитами, военными и бизнесменами, а также с простыми скромными обывателями. Читатель вволю посмеется над потешными инструкциями и советами, обучающими его искусству рекламы, пения и воспитанию подрастающего поколения.

Вацлав Вацлавович Воровский , Всеволод Михайлович Гаршин , Ефим Давидович Зозуля , Михаил Блехман , Михаил Евграфович Салтыков-Щедрин

Проза / Классическая проза / Юмор / Юмористическая проза / Прочий юмор