Читаем Гронкі гневу полностью

Маці паволі разганяла кардонкай паветра.

— Вы па-сяброўску паставіліся да нас, місіс Уэйнрайт, — сказала яна. — Мы вам вельмі ўдзячныя.

Поўная нізенькая жанчына ўсміхнулася:

— Дзякаваць няма за што. У нас ва ўсіх адна доля. А калі б што з намі здарылася? Вы нам памаглі б.

— Безумоўна. Мы памаглі б.

— Ці каму другому.

— Безумоўна. Раней кожны клапаціўся толькі пра сваю сям'ю. Цяпер не так. Цяпер нам да ўсіх ёсць справа. І чым горш людзям, тым больш у нас клопату.

— Яго нельга было ўберагчы.

— Я ведаю, — сказала маці.

Руці глыбока ўздыхнула і зняла руку з твару. Святло лямпы асляпіла яе, яна павярнула галаву і паглядзела на маці.

— Нарадзілася? — запыталася Руці. — Дзіця ўжо ёсць?

Місіс Уэйнрайт падняла з падлогі мяшок і прыкрыла ім скрынку з-пад яблыкаў.

— Дзе дзіця? — дапытвалася Руці.

Маці правяла языком па губах.

— Дзіцяці няма. Яго і не было. Мы памыляліся.

— Гэ! — Руці пазяхнула: — А я думала, будзе дзіця.

Місіс Уэйнрайт села каля маці, узяла ў яе кардонку і сама пачала ёю махаць. Маці склала на каленях рукі, яе стомленыя вочы не адрываліся ад твару Ружы Сарона, якая ад знямогі забылася моцным сном.

— Ну дык прыляжце, — сказала місіс Уэйнрайт. — Вы ж каля яе будзеце. Варта ёй глыбей уздыхнуць, і вы прачняцеся.

— Добра. — Маці прылегла на матрац побач з дачкой. А місіс Уэйнрайт сядзела каля іх на варце.

Бацька, Эл і дзядзька Джон сядзелі ў дзвярах, пазіраючы, як займаецца светла-шэры золак. Дождж сціх, але хмары па-ранейшаму спрэс засцілалі неба. Першыя пробліскі святла адбіваліся ў вадзе. З дзвярэй была відаць імклівая плынь рэчкі, якая несла з сабой цёмныя галіны дрэў, скрыні, дошкі. Круцячыся вірам, вада вылівалася на паляну. Ад насыпу і следу не засталося. На самой паляне вада была спакойная, як у завадзі. Разліў акаймоўвала жоўтая пена. Бацька нахіліўся і паклаў сучок на сходкі, крыху вышэй узроўню вады. Яны бачылі, як вада паціху падабралася да сучка, лёгенька падхапіла яго і паволі панесла з сабой. Бацька паклаў другую галінку на цалю вышэй вады і сеў, не спускаючы з яе вачэй.

— Думаеш, і ў вагон прабярэцца? — запытаўся Эл.

— Хто ведае. Яшчэ да чорта вады з гор хлыне. Хто ведае. Можа, і дождж зноў палье.

Эл сказаў:

— Я ўсё думаю: калі вада прабярэцца ў вагон, усё падмочыць, але…

— Канешне, падмочыць.

— Але больш як на тры-чатыры футы над падлогай не падымецца, бо вада перальецца цераз шашу і разальецца ўшыркі.

— Чаму ты так думаеш?

— А я там, за вагонам, добра ўсё разгледзеў, — Эл выцягнуў руку. — Вось на колькі падымецца, не больш.

— Ну і няхай, — сказаў бацька. — Што нам да гэтага? Нас тут не будзе.

— Не, мы тут будзем. Тут грузавік. Як сыдзе паводка, цэлы тыдзень яшчэ давядзецца сушыць яго і выціраць.

— А што ты прыдумаў?

— Можна разабраць барты грузавіка і зрабіць насціл у вагоне — пакладзём на яго ўсё, што ў нас ёсць, і самім будзе дзе сядзець.

— Во як? А гатаваць як будзем, што будзем есці?

— Затое нічога не падмочыцца.

Навокал шэрае святло мацнела, набыло металічны водсвет. Плынь злізнула са сходак і другую галінку. Бацька паклаў яшчэ адну, крыху вышэй.

— Прыкметна прыбывае, — сказаў ён. — Відаць, так і зробім.

Маці неспакойна заварушылася ў сне. Раптам яна шырока расплюшчыла вочы і крыкнула, нібы перасцерагаючы:

— Том! Ой, Том, Том!

Місіс Уэйнрайт сказала ёй нешта супакойлівае. Павекі ў маці адразу сплюшчыліся, і яна пакурчылася ў сваім трывожным сне. Місіс Уэйнрайт паднялася і падышла да дзвярэй.

— Паслўхайце, — ціха сказала яна. — Мы адсюль не хутка выберамся. — Яна паказала рукой на той кут, дзе стаяла скрынка з-пад яблыкаў: — Так нядобра. Лішняе гора і лішнія слёзы. Можа, вы б… вынеслі яго і пахавалі дзе-небудзь?

Мужчыны маўчалі. Нарэшце бацька сказаў:

— Па-мойму, правільна. Лішнія слёзы. Але па закону так проста нельга пахаваць.

— Ці мала мы робім супраць закону, калі нічога больш не застаецца?

— Гэта праўда.

Эл сказаў:

— Пакуль вада не паднялася яшчэ вышэй, трэба разабраць барты грузавіка.

Бацька павярнуўся да дзядзькі Джона:

— Можа, ты яго пахаваеш, а мы з Элам перацягаем сюды дошкі?

Дзядзька Джон панура адказаў:

— Чаму я павінен гэта рабіць? Чаму не вы? Мне гэта не па душы. — Памаўчаўшы, сказаў: — Добра. Зраблю. Добра, пахаваю. Ну, нясіце сюды, дайце мне яго. — І, павышаючы голас, паўтарыў: — Нясіце! Дайце мне яго!

— Ш-ш… Пабудзіце ўсіх, — сказала місіс Уэйнрайт. Яна прынесла скрынку да дзвярэй і беражліва расправіла зверху мяшок.

— Рыдлёўка там, за табой, — сказаў бацька.

Дзядзька Джон узяў рыдлёўку. Ён саслізнуў па дошках уніз і апынуўся амаль па пояс у вадзе, у павольнай плыні. Свабоднай рукой ён прыняў скрынку і ўзяў яе пад паху.

Бацька сказаў:

— Пайшлі, Эл. Прынясём дошкі.

Перейти на страницу:

Похожие книги

Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй
Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй

«Шедевры юмора. 100 лучших юмористических историй» — это очень веселая книга, содержащая цвет зарубежной и отечественной юмористической прозы 19–21 века.Тут есть замечательные произведения, созданные такими «королями смеха» как Аркадий Аверченко, Саша Черный, Влас Дорошевич, Антон Чехов, Илья Ильф, Джером Клапка Джером, О. Генри и др.◦Не менее веселыми и задорными, нежели у классиков, являются включенные в книгу рассказы современных авторов — Михаила Блехмана и Семена Каминского. Также в сборник вошли смешные истории от «серьезных» писателей, к примеру Федора Достоевского и Леонида Андреева, чьи юмористические произведения остались практически неизвестны современному читателю.Тематика книги очень разнообразна: она включает массу комических случаев, приключившихся с деятелями культуры и журналистами, детишками и барышнями, бандитами, военными и бизнесменами, а также с простыми скромными обывателями. Читатель вволю посмеется над потешными инструкциями и советами, обучающими его искусству рекламы, пения и воспитанию подрастающего поколения.

Вацлав Вацлавович Воровский , Всеволод Михайлович Гаршин , Ефим Давидович Зозуля , Михаил Блехман , Михаил Евграфович Салтыков-Щедрин

Проза / Классическая проза / Юмор / Юмористическая проза / Прочий юмор