Гэта значыла, што кіраваў цяпер горадам не князь, а магістрат, гарадская рада на чале з войтам. У раду абіраліся самыя паважаныя гараджане. Атрымліваў горад свой герб і сцяг. Каб Менск адпавядаў свайму новаму званню, там належала пабудаваць ратушу – будынак, у якім стане збірацца гарадская рада, а побач – хлебныя лаўкі, “пастрыгальную камеру” для раскрою тканінаў на продаж ды іншыя неабходныя для горада ўстановы. Паўстала ратуша на прыгожым, высокім месцы – Саборнай плошчы (зараз плошча Свабоды), а рынак каля яе назвалі Верхнім, у адрозненне ад старога, Ніжняга, што месціўся каля замка. Першую – драўляную – ратушу знішчыў пажар. І ў ХVI стагоддзі, і ў XVII-м адбудоўвалі сімвал гарадскіх вольнасцяў... У 1656 годзе маскоўскі ваявода пісаў свайму цару, што мінская ратуша “добре велика, каменная”. З’явіўся на яе вежы гадзіннік і звон. Збіраўся там радзецкі, або ратушны, суд, вырашаліся важныя справы... А якія святы ладзіліся на пляцы ля ратушы! Цэхі гандляроў і рамеснікаў – шаўцоў, залатароў, мечнікаў, рымароў – выходзілі кожны са сваім штандарам, у адпаведным сваёй гільдыі ўбранні, у яркіх жупанах ды куртках, пад звон бубнаў. Можна было паглядзець, як вандроўныя артысты разыгрываюць містэрыю пра цара Ірада, на штукарствы мядзведзяў – выхаванцаў знакамітай Смаргонскай мядзвежай акадэміі, падзівіцца на батлейку – беларускі лялечны тэатр.
А ў першай палове ХІХ стагоддзі, калі Мінск ужо быў горадам Расійскай імперыі і былым вольнасцям прыйшоў канец, чаго толькі не змясцілі ў старую ратушу – суд, гауптвахту, паліцыю, архіў, музычную школу і нават тэатр. Па святочных днях на галерэі другога паверха граў гарадскі аркестр. За час існавання ратушы горад палілі і руйнавалі і татары, і французы, і шведы, і рускія... Здараліся голад і пошасць, ад якіх вымірала большасць насельніцтва. Але якія б няшчасці не напаткалі мінчан, ратуша нагадвала ім слаўнае мінулае горада. Ды не ўсім гэта падабалася. На выданым у 1851 годзе загадзе пра знішчэнне мінскай ратушы меўся ўласнаручны подпіс цара Мікалая І. Падстава смешная – нібыта ратуша займае занадта шмат месца на плошчы... Насамрэч расійскія улады не жадалі, каб будынак і надалей нагадваў мінчукам “пра звычаі даўно мінулага часу, пра Магдэбургскае права”. Гараджане вельмі не хацелі выконваць гэты загад. На торг, дзе прадаваўся “выгадны заказ” на разбурэнне ратушы, ніхто не з’явіўся. Давялося звяртацца да вайскоўцаў.
У 1857 годзе сімвал гарадской незалежнасці знеслі...
13 верасня 2002 года быў пакладзены першы камень у падмурак Мінскай ратушы, якую вырашана было аднавіць. А сёння ты можаш прыйсці на плошчу Свабоды і ўбачыць прыгожы белы будынак з гадзіннікам. Ратушу Мінска, сталіцы незалежнай дзяржавы.
Кожны беларускі храм – не толькі сведка, але і ўдзельнік трагічных падзей гісторыі, кожны, як стары вой, мае “шнары”, сляды людской бязлітаснасці… Мінскія цэрквы, касцёлы, мячэці, сінагогі, кірхі... Многіх з іх ужо няма і следу.
Будавалі беларускія храмы і для духоўнай патрэбы, і для абароны ад ворагаў. Адзін з іх – Свята-Петра-Паўлаўскі сабор каля гандлёвага дома “На Нямізе”. Прыгледзься пры выпадку, якія ў гэтага храма магутныя муры, вокны-байніцы. Не аднойчы даводзілася гэтым мурам вытрымліваць аблогу... І прыхадняў, і сваіх жа землякоў іншай веры.
У XVI стагоддзі крымскі хан Мехмет-Гірэй спаліў Мінск, амаль усе жыхары былі знішчаныя або забраныя ў палон. Але горад паступова насяляўся зноў – каталікамі, уніятамі, праваслаўнымі... Апошніх было менш, бо каталіцкая царква ў дзяржаве пачала лічыцца галоўнай. Тады і аб’ядналіся мінскія праваслаўныя ў брацтва. І вырашылі на свае грошы збудаваць каменны храм і манастыр. Княжна Аўдоцця Друцкая-Горская, удава каралеўскага маршалка Багдана Сцяткевіча, падаравала брацтву ўчастак зямлі каля Свіслачы. Пачалося будаўніцтва... Шмат сустракалася перашкодаў. Але храм, асвечаны ў гонар апосталаў Пятра і Паўла, паўстаў, і манастыр, пры якім ён дзейнічаў, нават атрымаў ад караля Уладзіслава прывілей – адкрыць школу і друкарню. Аднак да канца ХVIII стагоддзя зусім заняпаў – у ім заставалася ўсяго 5 манахаў, а зімой унутры будынка ляжаў снег. Калі Мінск апынуўся ў складзе расійскай імперыі, у якой, наадварот, шанавалася праваслаўе, царыца Екацярына ахвяравала на аднаўленне храма 7000 рублёў серабром. А таксама падарыла тры невялікія срэбныя падсвечнікі і... свой асабісты гардэроб. Цікава, як яго скарысталі манахі? Але храм пачалі называць Екацярынінскай царквой. Калі ў 1797 годзе на богаслужэнні прысутнічаў імператар Павел І, будынак яму вельмі спадабаўся...
У 1812 годзе праз Мінск прайшла армія Напалеона. У Екацярынінскай царкве французы зладзілі лазарэт для сваіх салдат. Усё каштоўнае з убрання храма стала ваеннай здабычай. Кажуць, нават коней у святы будынак заводзілі...